29 Марта, 2024 Пятница

Уся школа – на адным малюнку

  • 13 сентября 2016 Общество Беларуская 0

    У ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы” загадзя рыхтаваліся да навучальнага года. Змяніўся знешні выгляд школы, упрыгожылі калідоры, лесвіцу, кабінеты, абнавіўся калектыў. Акрамя таго, школа прапануе і новыя паслугі. А сустракае ўсіх яркі прыгожы малюнак на ўваходзе.

    З 1 жніўня дырэктарам ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г.Івацэвічы” стала Ала Аляксандраўна Груздзева. На пытанне, як яна адчувае сябе ў новай ролі, дырэктар адказвае:

    – Я 18 гадоў працавала тут намеснікам дырэктара, таму мне ўсё блізка. Акрамя таго, некалі сама вучылася ў гэтай школе. Таму не магу сказаць, што адчуванні ў мяне новыя. Так, гаспадарчая дзейнасць мне не вельмі падабаецца, але калі ёсць жаданне – усяму навучышся. А ў мяне і памочнікі ёсць. Хачу выказаць падзяку загадчыцы пазабюджэтнай дзейнасці і пазакласнай дзейнасці Наталлі Васільеўне Асобік, завучу па вучэбна-выхаваўчай рабоце Вользе Уладзіміраўне Гойшык, двум сакратарам, загадчыку гаспадаркі і працаўнікам, а таксама ўсяму калектыву выкладчыкаў, бацькам, якія падтрымліваюць нашыя задумы, спонсарам і арганізацыям, якія з намі сябруюць.

    Зараз уваход упрыгожвае малюнак, які з’явіўся тут з дапамогай выкладчыкаў школы. Ідэя даўно выспявала, але патрабавала часу на пошукі самага адпаведнага рашэння. У школе шмат аддзяленняў: мастацкае, музыкальнае, харэаграфічнае. Трэба было кожнае ўвасобіць, каб было бачна, што гэта музыкальная школа, але нельга было забыць і пра дзяцей. Пачнеш глядзець прапанаваныя варыянты малюнкаў, – кажа дырэктар школы Ала Груздзева, – то ўспамінаеш, што ў школе навучаюцца дзеці самыя розныя. Таму трэба было нешта канкрэтнае і лёгкае: у нас дзеці спяваюць, танцуюць і малююць, а ўсё гэта абрамляе агульная ідэя творцасці: ад клавіатуры да вясёлкі.

    Аўтары малюнка – выкладчыкі школы Таццяна Олех, Алёна Самасюк і загадчыца мастацкага аддзялення Людміла Крукоўская. Гэта першы вопыт выкладчыкаў такого кшталту, у ім свае асаблівасці. Напрыклад, Алёна Самасюк раней працавала мастаком-афарміцелем у тэатры, але спецыфіка працаваць з фарбай на свежым паветры свая. Трэба было знайсці лепшыя фарбы, якія б не выгаралі, падабраць спецыяльныя пэндзлі. 

    Пасля неспрыяльнага надвор’я летам трэба было ўбіраць дрэвы, якія сталі падаць, у чым дапамаглі супрацоўнікі райаддзела па НС. На паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы была выдзелена сума, на якую і правялі рамонт на тэрыторыі школы мастацтваў. У першую чаргу было вырашана перарабіць лесвіцу на другі паверх. Зараз тут шмат святла, светлыя сцены, новае акно. У школе новы тэхнічны персанал, які нямала прыклаў сіл у гэты падрыхтоўчы перыяд. Склад пераабсталявалі ў касцюмерную для харэаграфічнага аддзялення, адрамантавалі дзесяць кабінетаў, абсталявалі месца для сакратара. 

    Як і раней, у  гэтым годзе будуць групы для дзяцей рознага ўзросту. З гэтага года з’явіцца група для самых маленькіх, ужо набралі групу дзяцей, якая пачала работу. Танцавальныя заняткі для дзяцей 4-5 гадоў будуць рознабаковыя: гімнастыка, рытміка, танцы. У групу “Сучасны танец” прымаюць падлеткаў 10-15 гадоў, бо гэта больш здольны для такой нагрузкі ўзрост. Традыцыйна набіраюцца групы “Фітнэс” і “Лаціна-амерыканскі танец” для дарослых. Есць людзі, якія наведваюць “Фітнэс” ужо трэці год. З гэтага года ў школе будзе працаваць падрыхтоўчае аддзяленне для дзяцей, якія будуць паступаць у 1 клас музыкальнай школы і на мастацкае аддзяленне, дзе будуць дзеці рознага ўзросту. На базе школы мастацтваў будуць працаваць групы па падрыхтоўцы навучэнцаў, якія плануюць паступаць у СНУ і ВНУ на спецыяльнасці “Архітэктура і дызайн”.

    Пажадаем поспехаў у творчай працы калектыву ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы” і навучэнцам!

    Ганна КАРПОВІЧ (фота аўтара).

    Автор: Ганна КАРПОВІЧІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)