28 Марта, 2024 Четверг

Пра што маўчаць курганы?

  • 19 сентября 2016 Общество Беларуская 0

    Сёлета працягнуліся раскопкі на курганным могільніку Наўры. Знаходзіцца ён непадалёку ад аднайменнай вёскі ў Сваткаўскім сельсавеце.

    — Гэта могільнік крывічоў канца 10 — пачатку 12 стагоддзяў,  —  тлумачыць археолаг кандыдат гістарычных навук Мікалай Плавінскі. — Даследуецца ён досыць даўно. Першы раз раскопкі правялі ў 1934 годзе археолагі з музея Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя Алена Цэгак-Галубовіч і Уладзімір Галубовіч. Пасля яны праводзіліся ў 1987 годзе экспедыцыяй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам Валянціна Рабцэвіча і Аляксандра Плавінскага. Чатыры гады таму мы аднавілі даследаванні.  Тады былі раскапаны 4 курганы, у мінулым годзе — 2. Сёлета  таксама даследавалі 2 курганы. У асноўным пахаванні ў Наўрах датуюцца 11-ым стагоддзем. Сёлета знайшлі ганчарны посуд, асобныя ўпрыгажэнні і прадметы побыту, а таксама касцяны грабеньчык. Гэта ўсё — пахавальны інвентар, тое, што клалася нябожчыку на той свет.

    —  Сёлета якія знаходкі цікавыя былі?

    — Той жа касцяны грабеньчык, гаршчкі — ёсць адзін цэлы, яшчэ два склеяцца.  Усё гэта пойдзе ў мядзельскі музей.

    — Чаму ж такую ўвагу надаяце могільніку Наўры?

    — Ён досыць добра даследаваны, таму найбольш цікавы для аналізу пахавальнага інвентару і пэўных сацыялагічных рэканструкцый. Тут раскапана ўжо больш за чатыры дзясяткі курганоў.  Таму можна рабіць высновы аб колькасным складзе старажытнага калектыву, полу, узросце.

    «Тут можам дакрануцца да гісторыі» 

    Сёлета раскопкі ў Наўрах праводзіліся 10 дзён. Працавалі ад 5 да 10 чалавек  —  усе валанцёры. Сярод іх толькі адна студэнтка, астатнія — людзі працуючыя. Прафесіі ў іх самыя розныя, але пераважна гэта выпускнікі гістарычных факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава.

    Сяргей Іваноў са Слуцка стараецца пастаянна ўдзельнічаць у раскопках:

    — Цікава дакрануцца да гісторыі. Гэта лепей, чым дома прасядзець упустую.

    Настаўніца з Мінска Марыя Зелянко летась удзельнічала ў раскопках і ў Наўрах, і на Замку ў Мядзеле. Тлумачыць, чым такі занятак яе прыцягвае:

    — На ўроках дзеткам расказваем пра гісторыю, а тут самі можам да яе дакрануцца. Потым вучням можна паказаць здымкі, каб яны ўяўлялі, што адбывалася  на тэрыторыі нашай краіны тысячу год таму. Запрашаем да сябе археолагаў — прыязджаюць з прэзентацыяй, цікава расказваюць.

    —  Якія знаходкі трапляюцца?

    — Знайшлі маленькі касцяны грэбень з арнаментам. Нават цяпер цяжка ўявіць, як гэта сучаснымі інструментамі можна зрабіць. А як тады зрабілі — незразумела.

    Увогуле, Мядзельшчына цікавая для вывучэння пахавальных абрадаў. Дадаў Мікалай Плавінскі:

    —  Ва ўсходняй і цэнтральнай частцы яна была населена крывічамі. А ў заходняй — продкамі сучасных літоўцаў. І літаральна праз 20 кіламетраў пахавальныя абрады вельмі адрозніваюцца. Калі браць крывіцкія могільнікі, то знаходзяць самы звычайны інвентар, посуд. У жаночых пахаваннях — бранзалеты, фібулы (шпілька для вопраткі), пацеркі, нейкія прадметы побыту: нажы, крэсівы. У мужчынскіх пахаваннях сустракаюцца прадметы ўзбраення: сякеры, зрэдку наканечнікі коп’яў. Балты ў розных рэгіёнах да 14 стагоддзя працягвалі спальваць сваіх нябожчыкаў. І там бывае багацейшы інвентар, асабліва ў плане прадметаў узбраення — часта мужчын спальвалі са зброяй.

    Аляксандр ВЫСОЦКІ. 

    На здымках: Марыя Зелянко не першы раз удзельнічае ў раскопках на курганным могільніку Наўры; на раскопках, адна са знаходак.

    Фота аўтара і Мікалая Плавінскага.

    Автор: Аляксандр ВысоцкіНарачанская зара
    Теги: 

Комментарии (0)