29 Марта, 2024 Пятница

Маладзечанскія дзеці чытаюць Гюго і Гейне ў арыгінале

  • 19 сентября 2016 Общество Беларуская 0

    Якія разумныя ў нас дзеці! У чарговы раз пераканалася ў гэтым на фінале конкурсу «Лета з кнігай», які трэці год запар праводзяць супрацоўніцы залы літаратуры на замежных мовах цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча Таццяна Летунова і Ларыса Берташ.  

    На працягу летніх канікулаў вучні чыталі кнігі на  англійскай, нямецкай, французскай, польскай мовах, а ў першыя школьныя дні бібліятэкары падвялі вынікі і вызначылі самых актыўных. Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел каля 150 юных маладзечанцаў, трэцяя частка іх была запрошана на ўрачыстасць у канферэнц-залу бібліятэкі сямейнага чытання «Верасок».

    «Сярод нашых пераможцаў няма выпадковых дзяцей, яны наведваюць бібліятэку пастаянна, прымаюць удзел у розных тэматычных мерапрыемствах», — расказвае галоўны бібліятэкар Таццяна Летунова. Найбольшую зацікаўленасць да замежнай літаратуры праявілі вучні гімназій №3, 6, 10, сярэдніх школ №5, 11, 14. Бібліятэкары адзначаюць сваіх першых памочнікаў – педагогаў гэтых устаноў Ірыну Літаш, Таццяну Антановіч, Наталлю Лойка, Галіну Юрпалаву, Зою Дылеўскую, Кацярыну Івашанка. Яны так цікава выкладаюць замежную мову, што іх вучням хочацца пашыраць свой кругагляд, чытаць у арыгінале знакамітых пісьменнікаў. Тым больш што такая магчымасць у іх ёсць – падбор літаратуры ў нашай бібліятэцы вельмі добры. Яе дырэктар Марыя Ляцяга ўручыла пераможцам кнігі, падабраныя для кожнага персанальна.

    На запрашэнне паўдзельнічаць у мерапрыемстве адгукнуўся Інфармацыйны цэнтр Пасольства ЗША ў нашай краіне. Яго супрацоўніца Віялета Якаўлева ўручыла сертыфікаты, падарункі лепшым чытачам англійскай літаратуры. Першае месца сярод іх заняла сямікласніца гімназіі №6 Ядвіга Іадкоўская, якая прачытала за лета 15 кніг. Дзяўчынка расказвае, што ў бібліятэку прыйшла ўслед за старэйшай сястрой Веранікай. Разам яны ўдзельнічалі ў мінулагоднім конкурсе, былі сярод лідараў. Сёлета сястра ўжо студэнтка, а Ядвіга працягвае традыцыю, з задавальненнем чытае па-англійску. Іншы раз звяртаецца да слоўнікаў, іх дома шмат. Бацькі падтрымліваюць захапленне дачкі, купляюць кнігі, радуюцца яе поспехам.

    Сярод ганаровых гасцей быў дырэктар Інстытута Польскага, саветнік Пасольства Рэспублікі Польшча ў нашай краіне Матэвуш Адамскі. Ён толькі пачаў сваю місію ў нашай краіне, аднак добра размаўляе па-беларуску, і гэта лепшае сведчанне яго павагі да краіны, куды прыехаў працаваць. Спадар Адамскі, а таксама бібліятэкар Інстытута Польскага Ірына Кулік павіншавалі пераможцаў, уручылі ім падарункі. Лідар сярод іх — дзесяцікласніца СШ №5 Вера Мартынава. У школе няма факультатыву па польскай мове, дзяўчына наведвае курсы, займаецца самаадукацыяй.

    Інстытут Гётэ ў Мінску стаў спонсарам салодкага стала для ўдзельнікаў свята, перадаў прызы для вучняў, якія найбольш прачыталі кніг на нямецкай мове, а лідар сярод іх Даша Кандратовіч з гімназіі №10. Наогул жа, вучні гэтай гімназіі самыя актыўныя наведвальнікі залы літаратуры на замежных мовах. Пасольства Рэспублікі Францыя ў нашай краіне заахвоціла падарункамі юных маладзечанскіх франкафонаў. Пераможца сярод іх – адзінаццацікласніца гімназіі №3 Анастасія Лянкевіч, якая вельмі сур’ёзна захапляецца французскай мовай.

    У гэты дзень у дзяцей была магчымасць прадэманст раваць свае лінгвістычныя здольнасці. Насця Двіль, Віка Сташэўская, Софія Мароз выканалі песні на англійскай, французскай, польскай мовах, Даша Кандратовіч чытала па-нямецку верш Гейнэ, цэлую праграму на польскай мове падрыхтавалі выхаванцы Галіны Юрпалавай Аляксандр Бурак, Ангеліна Сарока, Насця Жукоўская і іншыя.

    Выдатныя падарункі – сумкі, канцылярыю, іншыя патрэбныя рэчы — атрымалі пераможцы. Невялікія прызы былі праду-

    гледжаны для кожнага ўдзельніка свята. «Лета з кнігай» завяршылася. Але і восень будзе не менш плённай: у гэтым сезоне аматараў замежнай мовы запросяць на новыя цікавыя сустрэчы і мерапрыемствы.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета

Комментарии (0)