Больш за 70 глюкометраў і тэст-палоскі да іх перадалі маладзечанскім дзецям, хворым на цукровы дыябет, прадстаўнікі Хайнбергскай гімназіі з нямецкага горада Гётынгена у рамках міжнароднага праекта.
Сяброўства, праверанае часам
Сёлета сумеснай дзейнасці Хайнбергскай гімназіі і маладзечанскай СШ №5 спаўняецца 20 гадоў. Нядаўна беларускія і нямецкія сябры сустрэліся ў чарговы раз. У Маладзечна прыехала самая шматлікая за час супрацоўніцтва дэлегацыя – 10 навучэнцаў і 14 дарослых, сярод якіх дырэктар гімназіі Георг Бартэльт, прадстаўнік парламента горада Гётынгена Рольф Бекер, старшыня фонду «Усходняя Еўропа» Моніка Кляйнеберг і Ангус Крыгесман ад бацькоўскай грамадскасці.
… У пачатку супрацоўніцтва педагогі абменьваліся вопытам выхавання падрастаючага пакалення, арганізацыі вучэбнага працэсу і вольнага часу. А ў 2008 годзе яны ініцыявалі сумесны праект «Цукровы дыябет». У той час для горада Гётынгена, падобнага па маштабах на Маладзечна, праблема цукровага дыябету была надзвычай актуальнай. У нас жа фіксаваліся адзінкавыя выпадкі гэтай хваробы, але назіралася тэндэнцыя да павелічэння іх колькасці. Цяпер на Маладзечаншчыне 23 хлопчыкі і дзяўчынкі да 18 гадоў пакутуюць ад дыябету. У Гётынгене нашмат больш.
Захаванне здароўя дзяцей стала адным з асноўных пытанняў чарговай сустрэчы нямецкіх і беларускіх сяброў. У дзіцячай паліклініцы адбылося пасяджэнне за круглым сталом з удзелам эндакрынолага Алены Запрудскай, прадстаўнікоў Хайнбергскай гімназіі і маладзечанскай СШ №5 на чале з яе дырэктарам Яўгеніем Макарэвічам. У якасці перакладчыцы была настаўніца Зоя Дылеўская. На сустрэчу таксама запрасілі хворых на цукровы дыябет дзяцей і іх бацькоў. Мамы і таты расказалі аб тым, як нялёгка ім спраўляцца з лячэннем сыноў і дачок найперш з-за таго, што іх стан патрабуе пастаяннага кантролю.
Нямецкія сябры прывезлі ў Маладзечна 72 глюкометры. Кожная сям’я, дзе ёсць хворае на дыябет дзіця, атрымала па два прыборы, астатнія засталіся ў запас і захоўваюцца ў СШ №5. Іх бясплатна прадставіла фірма «Contour nехt», а тэст-палоскі былі набытыя за грошы дзяцей, якія яны зарабілі на розных акцыях.
Станоўчая тэндэнцыя
— За апошні год і тры месяцы ў нашым раёне не зафіксавана ніводнага новага выпадку дзіцячага цукровага дыябету. І гэта добры знак, — падкрэсліла ўрач з 25-гадовым стажам Алена Запрудская. — Тым не менш кожнаму чалавеку трэба ведаць, што правільнае харчаванне і разумныя фізічныя нагрузкі павінны быць асновай штодзённага рэжыму. Таксама дапамагаюць захаваць здароўе пра-
філактычныя медыцынскія агляды, пра якія не варта забывацца.
Эльке Мукен, дарэчы, заўважыла, што ў Германіі насельніцтва больш інфармаванае пра цукровы дыябет, чым у Беларусі. У знак удзячнасці ад бацькоўскай грамадскасці нямецкім сябрам была ўручана сімвалічная карціна, упрыгожаная рознакаляровымі банцікамі, кожны з якіх сімвалізуе хворае дзіця. Яе зрабіла сям’я Іны Махневіч. Адпаведны дыягназ дачцэ Вользе быў пастаўлены, калі ёй не споўнілася яшчэ і чатырох гадкоў. Пра хваробу даведаліся выпадкова ў час медыцынскага агляду. Цяпер дзяўчынцы сем, і штодзень яна вучыцца жыць з гэтай хваробай. Як і ўсе тыя, хто пакутуе ад цукровага дыябету.
Ад полькі – да «Вітаўта»
Дзевяць дзён візіту для нямецкіх гасцей былі вельмі насычанымі. Візіцёры наведалі ўрокі ў СШ №5 і зрабілі выснову, што ў нас на занятках больш працуюць настаўнікі, чым вучні. У Германіі наадварот. Таксама іншаземцы пазнаёміліся з шасцю прэтэндэнтамі, якія пажадалі прыняць удзел у праграме абмену «Стыпендыят». Да вясны яны будуць вывучаць дасье кожнага школьніка, а потым назавуць імя таго, хто на працягу чарговага навучальнага года будзе вучыцца ў Германіі.
З непадробнай цікавасцю нямецкія сябры паўдзельнічалі ў харэаграфічным майстар-класе, які для іх падрыхтавалі ў гімназіі-каледжы мастацтваў. Яны развучылі польку і парадавалі ёю прысутных на развітальным вечары ў СШ №5. А ў якасці сувеніраў у іншаземцаў застануцца беларускія паясы, якія іх навучылі плесці ў дзіцячым цэнтры культуры «Расток». Найлепшыя ўражанні ў гасцей з Германіі засталіся і ад пастаноўкі «Вітаўт» у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета.

Комментарии (0)