02 Мая, 2024 Четверг

На слуцкім кірмашы…

  • 23 сентября 2016 Общество Беларуская 0

    Раённы восеньскі кірмаш уражваў яркасцю фарбаў садавіны і агародніны, іншай прадукцыі, якую прапаноўвалі пакупнікам гандлёвыя прадпрыемствы, сельгасарганізацыі Случчыны, індывідуальныя прадпрымальнікі, вяскоўцы.

    Багата было прадстаўлена сельгаспрадукцыі: бульбачка розных гатункаў, цыбуля, таматы, морква, перац, капуста, сталовыя буракі,  яблыкі, грушы, іншыя фрукты, ягады. Асаблівым попытам у наведвальнікаў кірмашу карысталася бульба. Яе прапаноўвалі пакупнікам  у тым ліку работнікі СВК «Аграфірма «Лучнікі», філіяла «ПСГ«Наша Ніва» ААТ «Слуцкі мясакамбінат», гандлёвыя прадпрыемствы, сельскія жыхары. Цана на «другі хлеб» даступная: 20 – 30 капеек за кілаграм. Як і іншыя прадаўцы, прадстаўнікі сельгасарганізацый прадавалі бульбу ў сетках, добра прадавалася бульба, расфасаваная па 5 – 6 кілаграмаў. Пра гэта расказала прадавец філіяла «ПСГ «Наша Ніва» ААТ «Слуцкі мясакамбінат» Вольга Белавусава. Карысталіся попытам апетытныя сакавітыя яблыкі розных сартоў, дастаўленыя прама з сада філіяла «Падсобная сельская гаспадарка» ААТ «Слуцкі мясакамбінат».

    Адметнасцю сёлетняга восеньскага кірмашу можна назваць шырокае прадстаўніцтва жыхароў сельскіх населеных пунктаў Случчыны, якія прапаноўвалі пакупнікам прадукцыю, вырашчаную на ўласных прысядзібных участках. Бойка гандлявалі бульбай, цыбуляй, буракамі, іншай прадукцыяй муж і жонка Уладзімір і Ірына Кулеш з вёскі Чыжоўка. Адборныя ўласнавырашчаныя таматы прапаноўваў пакупнікам Генадзій Раманаў з вёскі Паўлаўка, свежанькую храбусткую капусту, моркву адна ў адну  –  Віктар Масюк з вёскі Ячава, а гандлёвы прылавак Ірыны Янковіч з вёскі Малая Падзер быццам абрус-самабранка – яблыкі, грушы, перчыкі, маліна і нават сельдэрэй. Весела, з добрым гумарам сустракалі пакупнікоў маладыя хлопцы з вёскі Вялікая Падзер Ілья Басалыга і Андрэй Францкевіч, якія прадавалі бульбу.  Як сцвярджаюць маладыя людзі, сёлета вырасцілі  важкі ўраджай «другога хлеба».  Не быў абдзелены ўвагай наведвальнікаў кірмашу тавар Руслана Чэкана з Падліпцаў – саджанцы яблынь, груш, сліў, іншых фруктовых дрэў. Як расказаў Руслан,  вырошчваннем саджанцаў у прыватным гадавальніку займаецца ўся сям’я. На слуцкі кірмаш завіталі і сельгасвытворцы з іншых рэгіёнаў, у тым ліку Капыльскага, Столінскага раёнаў.

    Канкурэнцыя цэн у немалой ступені вызначала выбар пакупнікоў. Напрыклад, каля аднаго з гандлёвых павільёнаў прадпрыемства «Слуцкгандаль», дзе прадавалі агародніну па больш нізкіх цэнах, не сканчаўся прыток пакупнікоў. Гэта можна было назіраць і каля гандлёвай палаткі КУП «Універмаг «Слуцк», павільёнаў  іншых гандлёвых прадпрыемстваў. Дарэчы, усе яны, у тым ліку «Слуцк-Усход», Слуцкая база аблспажыўсаюза, акрамя агародніны прадаставілі на кірмаш разнастайную прадукцыю – мясную, выпечку, гаспадарчыя тавары, насенне і многае іншае. Актыўна гандлявалі мяснымі вырабамі і іншымі харчовымі таварамі і прадстаўнікі фірменнага гандлю ААТ «Слуцкі мясакамбінат», «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў». А свежую рыбу – таўсматых карпаў, таўсталобікаў, белага амура і нават шчупакоў можна было набыць на вынасных прылаўках рыбгаса «Чырвоная Слабада», рыбакамбіната «Любань».

    З пакупкамі вярталіся з кірмашу многія случчане – хто з бульбачкай, цыбуляй і морквай, хто з садавінай, каўбаскай ці сальцам. У добрым настроі, усміхаліся. І зразумела, бо кірмаш – гэта не толькі месца пакупак, але і  выдатная нагода сустрэцца са знаёмымі, землякамі, пагутарыць, абмяняцца думкамі. Так на гэтым восеньскім кірмашы  і было.

    Наступны раённы кірмаш – у суботу 24 верасня. Прыходзьце за пакупкамі і добрымі ўражаннямі!

    Автор: Наталля СЕЛЯЗНЁВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)