07 Февраля, 2026 Суббота

Хто ў горадзе гаспадар?

  • 24 сентября 2016 Общество Беларуская 0

    У Брэсцкай вобласці з 16 па 22 верасня прайшла акцыя “Тыдзень мабільнасці”. У чым яе асаблівасці і якое значэнне мае дадзенае мерапрыемства для аховы навакольнага асяроддзя? 

    7 дзён барацьбы

    “Тыдзень мабільнасці” закрануў усю Еўропу.

    На працягу 7-мі дзён 1496 гарадоў, у тым ліку 12 беларускіх, дэманстравалі альтэрнатыўныя аўтамабілю спосабы і сродкі перамяшчэння. У ліку 12-ці заяўленых гарадоў Беларусі – Пінск і Брэст, аднак прапановы аб правядзенні падобнага тыдня былі разасланы аблвыканкамам і па раённых структурах.

    Спектр мерапрыемстваў – шырокі і разнастайны. Так, у рамках “Тыдня мабільнасці” былі арганізаваны спаборніцтвы сярод моладзі па тэхніцы язды на веласіпедзе, велапрабегі і спартыўныя святы. У іх ліку – фестываль веласіпедыстаў “ROVAR FOREVER”, які прайшоў 17 верасня на тэрыторыі эколага-інфармацыйнага цэнтра “Прыбужскае Палессе”. Таксама падчас акцыі праводзіліся “круглыя сталы” і інфармацыйныя гадзіны на прадпрыемствах і ва ўстановах адукацыі. Дваровыя тэрыторыі і вуліцы ачышчалі ад безгаспадарчых транспартных сродкаў. На аўтазаправачных станцыях вобласці праводзілі кантроль якасці аўтамабільнага паліва. 

    Ключавы дзень тыдня – 22 верасня. Учора людзі маглі паўдзельнічаць у штогадовай Міжнароднай акцыі “Дзень без аўтамабіля”. Яна і стала вызначальнай пры стварэнні дэвізу “Тыдня мабільнасці”: “Горад як прастора для людзей, прастора для жыцця”. Гэтыя словы гучаць пратэстам супраць сітуацыі, якая склалася ў гарадах. Доля транспарта ў сумарных выкідах рэчываў, якія забруджваюць атмасферу, ад усіх крыніц у гарадах складае 65-80 працэнтаў. Атрымліваецца, што сёння горад – зусім не для людзей і не для жыцця. Паветра атакавалі цяжкія металы, устойлівыя арганічныя забруджвальнікі і іншыя шкодныя “жыхары”. І з гэтым трэба змагацца – час чалавеку паказаць, хто ў горадзе гаспадар.

    Мінус 250 тон смогу

    Акцыя “Дзень без аўтамабіля” – не навінка для жыхароў Брэста. Учора мы ўдзельнічалі ў ёй дзявяты раз, і з кожным годам да гэтага мерапрыемства далучаецца ўсё больш неабыякавых аўтаўладальнікаў. Удзел у акцыі быў добраахвотным. Ніхто, вядома ж, не штрафаваў вадзіцеляў за карыстанне асабістым транспартам 22 верасня. Не перакрываліся гарадскія вуліцы, што практыкуецца ў гэты дзень у некаторых гарадах Еўропы. Пераконваць аўтаўладальнікаў вырашылі правядзеннем інфармацыйнай кампаніі.

    Асноўная мэта акцыі – звярнуць увагу насельніцтва на вялікую экалагічную праблему нашых гарадоў, на якасць паветра, якім мы дыхаем, прапагандаваць здаровы лад жыцця. Арганізатары акцыі ў Брэсце – Дзяржаўтаінспекцыя ўпраўлення ўнутраных спраў  аблвыканкама і абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя – прапанавалі вадзіцелям на адзін дзень адмовіцца ад сваіх машын і перамяшчацца па гора-дзе пешшу, на веласіпедзе або на грамадскім транспарце. Вы запытаеце, што здольны змяніць адзін такі дзень без аўтамабіля? Вось вам адказ: прадухіляецца выкід забруджваючых рэчываў у паветра на тэрыторыі рэспублікі ў аб’ёме ад 250 тон і болей.

    – Найбольш прагрэсіўныя, адказныя жыхары горада і вобласці павінны былі на гэтым тыдні задаць сабе пытанне: “А што я для гэтага магу зрабіць?” Можа, камусьці па сілах было спланаваць свой тыдзень мабільнасці, і асабліва 22 верасня, так, каб у чарзе асабістых спраў і паездак асноўным транспартным сродкам быў не аўтамабіль, а веласіпед або грамадскі транспарт. Пагадзіцеся, прыемна ўсведамляць, што ты ўнёс сваю лепту ў ачышчэнне паветранага басейна любімага горада, – адзначыў начальнік аддзела арганізацыйнай і кадравай работы абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Мычко. 

    Арганізатары акцыі не абмяжоўваліся складаннем плана мерапрыемстваў для “Тыдня мабільнасці” – яны прынялі ў ім непасрэдны ўдзел. Да мінімуму было зведзена выкарыстанне асабістага транспарта ў дадзены перыяд, на працу і з працы па магчымасці яны ехалі на веласіпедах. А ў канцы  рабочага дня 22 верасня, у 17.30, супрацоўнікі ДАІ і камітэта прынялі ўдзел у велапрабегу па маршруце Паўночныя вароты Брэсцкай крэпасці – Пяты форт і назад. 

    А што далей?

    Акцыя “Тыдзень мабільнасці” прайшла, а праблема забру-джвання атмасферы засталася з намі. Адзін з варыянтаў яе далейшага вырашэння – электрамабілі. У Брэсцкай вобласці іх каля 20. У планах – абсталяваць запраўкі спецыяльнымі зараднымі прыстасаваннямі. Калі гэта адбу-дзецца, будзе залежаць ад таго, наколькі запатрабаваным з цягам часу стане гэты від транспарта, паведамілі ў абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Для электрамабіляў нават увялі прывілею – мытны збор на іх увоз знізілі да 0 працэнтаў.

    На прадпрыемствах вобласці штогод праводзяцца мерапрыемствы па будаўніцтве і рэканструкцыі ўстановак ачысткі газу. Рэалізацыя мерапрыемстваў па ахове атмасфернага паветра дазваляе штогод знізіць выкіды забруджваючых рэчываў у паветра на 600 тон.

    Таксама для паляпшэння экалагічнай абстаноўкі ў Брэсце будуецца “Заходні абход”. 

    – Геаграфічнае становішча горада дае адпаведную нагрузку на навакольнае асяроддзе ў плане шкодных выкідаў ад вялікай колькасці транзітнага транспарта – як легкавога, так і грузавога. “Заходні абход” дазволіць “разгрузіць” цэнтр Брэста, — адзначыў Сяргей Мычко. 

    Пэўныя крокі на шляху да вырашэння экалагічнай праблемы ўлады, як бачыце, робяць. Ды многае залежыць ад кожнага з нас. Такія акцыі, як “Дзень без аўтамабіля”, – проста сігнальныя званочкі, якія нагадваюць кожнаму аўтаўладальніку: такіх дзён у цябе можа быць за год 10, 20 або 100. І толькі агульнымі намаганнямі людзі змогуць вырашыць пытанне, хто ў горадзе гаспадар – чалавек ці смог.

    Автор: Юлія ВІЛЮХАНародная трыбуна

Комментарии (0)