23 Апреля, 2024 Вторник

Прышэльцы дзесьці побач. Ці ёсць шакалы на Гродзеншчыне?

  • 30 сентября 2016 Общество Русский 0

    Навіна пра тое, што на Гродзеншчыне з’явіліся шакалы, стала адной з самых абмяркоўваемых. Таму «Р» адправілася ў глыбінку, дзе ўсё і здарылася. Галаву збітага машынай драпежніка, якая ўвесь гэты час захоўвалася ў маразілцы мясцовага паляўніцтвазнаўца, карэспандэнт даставіла ў Мінск. Больш за 400 кіламетраў шляху, і яна трапіла ў лабараторыю Акадэміі навук, зараз чакае экспертызы.

    У Бераставіцкім раёне гэтае здарэнне ва ўсіх на слыху. Выпадкі нападаў на свойскую жывёлу пачасціліся. І не заўсёды зразумела: робяць гэта ваўкі ці шакалы. Пакуль усе не ведаюць, што і думаць, жыхары навакольных вёсак раз-пораз знаходзяць чарговыя «рожкі ды ножкі».

    «Хутчэй у машыну! Тут свежы інцыдэнт. Зніклі дзве авечкі, яшчэ дзве параненыя», — каля вакзала мяне сустракае Анатоль Пронін, паляўніцтвазнавец Ваўкавыскага лясгаса. Руліць і расказвае: толькі з пачатку года на невялікім кавалку зямлі ў сем гектараў адбылося шэсць такіх здарэнняў.

    «У гаспадара падворка вёскі Гры­цэ­вічы за ноч прапала дзве авеч­кі, — паляўніцтвазнавец успа­мінае нядаўнія здарэнні. — А пазней у Жывічах, што непадалёк, нехта пакусаў трох коз. Яшчэ дзве бясследна зніклі. Праўда, праз суткі адна з іх сама вярнулася дадому. Тады мы і падумалі: ваўку неўласціва адпускаць сваю здабычу. Магчыма, тут арудуюць іншыя драпежнікі».

    Тым часам прыязджаем у вёску Паўлюшкі, на месца чарговага інцы­дэнту. Гаспадар двара абураецца: ноччу ўсё было ціха, а раніцай недалічыўся двух укормленых авечак. Шлях да здабычы драпежнік праклаў сабе, калі выдраў ніжнюю дошку драўлянай брамкі. «Сабака знаходзіцца на ланцугу за нейкіх 20 метраў ад стойла. Нават не брахаў»,— кажа Уладзімір Аляксандравіч, мясцовы жыхар, і беспаспяхова спрабуе знайсці след звера-зла­мыс­ніка. Заўважаем і мы сляды воўка, лісы, сабакі… Ля вальера — узаранае поле, дзе «адзначыліся» ўсе, каму хацелася. Знай­­сці адбітак лап шакала няпроста.

    Але мясцовыя запэўніваюць: шакалы тут сапраўды водзяцца. Перыядычна гэтыя драпежнікі трапляюцца на вочы. Як мяркуецца, у лясах прапісаўся цэлы вывадак «гастралёраў». «Маладняк з самкай некалькі чалавек бачылі вунь на тым узлеску, — з Анатолем Проніным праязджаем уздоўж вёскі Краснае. — Я і сам бачыў гэтых прышэльцаў. У прыцемках, праўда, дэталёва іх разгледзець не выйшла. Але ў тым, што гэта шакал, не сумняваюся».

    Паляўніцтвазнавец з велізарным стажам ведае, пра што кажа: ён неаднаразова быў на мяжы з Манголіяй і добра запомніў гэтых жывёл. «На днях аб’ехаў усё наваколле і папярэдзіў аб небяспецы тых, хто трымае авечак і коз. Новыя напады на скаціну нам не патрэбныя».

    Праязджаем міма старанна замураваных вальераў.

    Чыіх зубоў гэтая справа, пакуль незразумела. Усё лета мясцовыя меркавалі, што вінаватыя ваўкі ці азвярэлыя ад голаду бадзяжныя сабакі. Так бы і гадалі, але нядаўні выпадак са збітым машынай шакалам прымусіў усумніцца: ці на тых жывёл грашылі? «Мне тэлефануюць: збілі жывёліну. Што за яна, зразумець ніхто не можа. Прымчаўся, разгледзеў. Невялікі па памеры звер, хвост скарочаны. Афарбоўка наогул цікавая: чаргуюцца рыжы, чорны, сіваваты колеры. Дакладна шакал!»

    Пад’язджаем да месца таго ДТЗ на трасе каля вёсак Грыцэвічы і Краснае.

    Каб пераканацца ў правільнасці сваіх думак, паляўніцтвазнавец дэталёва сфатаграфаваў жывёліну. Здымкі адразу ж адправіў у Ака­дэмію навук. І атрымаў адказ: па знешніх прыкметах усё сыходзіцца — гэта не помесь іншых звяроў, а самы сапраўдны шакал. «Разумеў, што адных фотаздымкаў недастаткова. Таму цела ўтылізаваў, а галаву «інша­земца» вырашыў за­ха­ваць», — вярнуўшыся з лесу, Анатоль адкрывае сваю маразільную камеру. Матэрыял для экспертызы ён ста­ранна запакаваў у дзясятак поліэты­ле­навых пакетаў.

    «Прыйшоў час устанавіць ісціну, — беражліва ўручае мне незвычайны скрутак і праводзіць міні-інструктаж: — Каб не пайшоў непрыемны «працэс», кожныя дзве гадзіны галаву звера змяшчайце ў лядоўню. З прыпынкамі даставіце ў Мінск і мігам да вучоных. У лабараторыі НАН шакала ўжо чакаюць».

    Каля сямі гадзін шляху, і я з незвычайным скруткам у руцэ трапляю ў Акадэмію навук. Вадзім Сідаровіч, галоўны навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук, прызнаецца, што чакаў гэтага моманту. Верагоднасць таго, што шакал жыве ў нашай краіне, вельмі вялікая — драпежнік ужо пасяліўся ў Эстоніі, Польшчы, Літве і Латвіі. Генетычны аналіз пакажа, ці з’явіўся новы від жывёл у нас.

    «Арэалы жывёл — гэта не нешта стабільнае. Яны то памяншаюцца, то павялічваюцца. У чалавека кароткае жыццё, таму мы многае не заўважаем. А за працяглы час шмат якія віды жывёл змяняюць месцы распаўсюджвання, — разважае Вадзім Сідаровіч. — Вось яскравы нядаўні прыклад: быў у нас лебедзь-шыпун з чырвонай дзюбай, а зараз масава з’явіўся яшчэ і клікун — з жоўтай дзюбай. Раней яго не было. Ім тут нешта стала спрыяць, вось і пачалі распаўсюджвацца і жыць. Так і з шакалам: штосьці змянілася, што ён з поўдня стаў ісці на поўнач, спрабуючы займаць усё большыя і большыя тэрыторыі».

    Доктар біялагічных навук расказвае, што ніхто з навукоўцаў дакладна не ведае, чым гэта абумоўлена. Дарэчы, па шакалах некалькі гадоў таму прайшла канферэнцыя ў Венгрыі. Там гэтай тэмай займаецца вялікая група даследчыкаў. «Было шмат спрэчак, і да высноў не прыйшлі — няма дакладных даных, можна толькі мер­каваць. Чаму так адбываецца? Пацяпленне клімату, якое ўжо стала відавочным. Хтосьці кажа, што гэта наступства вынішчэння ваўка — шакал займае гэтую экалагічную прастору. Згодна з іншымі версіямі, шакалы тут былі, а 200—500 гадоў таму іх арэал лакалізаваўся. І зараз, калі набраў дэмаграфічную моц, зноў стаў пашырацца», — прафесар успамінае здагадкі калег-навукоўцаў.

    Цікава, што ў краінах-суседках доўгі час ніхто нават не ведаў, што шакал распаўсюджваецца, пакуль некалькі гадоў таму эстонскія даследчыкі ўпершыню аб гэтым не загаварылі. Дарэчы, у нас у мінулым годзе хтосьці забіў двух шакалаў і выклаў фота ў сетку. Напісаў, што гэта адбылося ў Цэнтральным Па­лессі, але такая інфармацыя не можа быць дакладнай. Можа, ён забіў жывёл у суседніх краінах? Па сутнасці, выпадак у Бераставіцкім раёне — гэта першы факт, які сведчыць, што шакал у нас ёсць і размнажаецца. Па знешнім выглядзе чэрапа гэта­га забітага звера ўжо зараз можна сказаць, што гэта — шакал. Але канчаткова гэта пацвердзіць генетычны аналіз, які завершыцца прыкладна праз два тыдні. Аб выніках экспертызы мы, зразумела, паведамім.

    Автор: ПОПКО Юлия ИосифовнаРэспубліка

Комментарии (0)