02 Мая, 2024 Четверг

У школу на работу

  • 30 сентября 2016 Общество Беларуская 0

    Двор Тухавіцкай СШ гэтай восеньскай парой нібы сабраў усю палітру фарбаў. Здаецца, што і ён радасна віншуе тутэйшых педагогаў з Днём настаўніка.

    На плошчы амаль у 4 гектары –  прадуманы парадак, нічога лішняга, утульна і хораша. Нездарма па выніках мінулага навучальнага года менавіта Тухавіцкая СШ прызнана лепшай сярод устаноў адукацыі раёна па добраўпарадкаванні тэрыторыі і энергазберажэнні.

    Тут умеюць адчуваць прыгожае і вучаць дзяцей бачыць цудоўнае ў звычайным. На працягу амаль васьмі дзесяцігоддзяў школа ў Тухавічах жыве сваім жыццём, цікавым і змястоўным, насычаным падзеямі і адкрыццямі.

    Залівісты званок запрашае на ўрок. Нягучны стук абцасаў, адчыняюцца дзверы, і цішыню светлага пакоя, дзе гаспадараць першакласнікі, парушае спакойны і ветлівы голас: “Добрай раніцы, рабяты!”. Ужо больш за 30 гадоў так пачынае ўрок настаўніца пачатковых класаў выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Банецкая.

    – Ірына Адамаўна – неардынарны чалавек, цудоўны педагог. А як яе любяць дзеці! Яна да кожнага знойдзе падыход, і кожнаму на яе ўроках цікава. І не толькі на ўроках. Нядаўна, напрыклад, яна правяла “Пяцімінутку для эрудытаў”, – расказвае пра калегу дырэктар СШ Алена Пятліцкая.

    Колішняя выпускніца школы Святлана Зубік улюбёная ў свой прадмет – гісторыю. І гэтым захапленнем з задавальненнем дзеліцца з вучнямі, адпраўляецца з імі на ўроках у запамінальнае падарожжа па эпохах і краінах. А яшчэ мае выдатныя арганізатарскія здольнасці, танцуе, спявае, дзеці да яе вельмі цягнуцца. А яна паспяхова сумяшчае абавязкі гісторыка і педагога-арганізатара.

    Эстафету ў таленавітай настаўніцы, выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата раённага конкурсу “Чалавек года-2011” Тамары Васько пераняла настаўніца геаграфіі Людміла Русакевіч. А Тамара Эдуардаўна, як і іншыя педагогі, якія цяпер на заслужаным адпачынку, заўсёды жаданая госця, каштоўны дарадчык, лепшы сябар роднай школе.

    Больш за 40 гадоў педагагічны стаж настаўніцы біялогіі Ліліі Вашчула. А здольнасць настаўніцы хіміі Валянціны Новік знаходзіць агульную мову з вучнямі і калегамі па-добраму ўражвае.

    – Карткі з заданнямі, табліцы, калекцыі дыяфільмаў, прайгравальнікі… Здаецца, гэта было нядаўна. Цяпер камп’ютары, інтэрактыўныя дошкі… Дзяржава не шкадуе грошай на развіццё адукацыі, – гаворыць настаўніца матэматыкі, у мінулым дырэктар школы Ніна Чаранкевіч. Дарэчы, Ніна Афанасьеўна яшчэ і лірык, аўтар слоў школьнага гімна (музыку напісаў выкладчык Тухавіцкай музычнай школы Іван Банецкі).

    Да вопытных філолагаў Таісы Хоміч і Алены Пятліцкай з мінулага года далучылася нядаўняя выпускніца Крывошынскай СШ, а цяпер настаўніца беларускай і рускай моваў і літаратуры Алена Саган. Сейбітам разумнага, добрага, вечнага стала і былая выпускніца Тухавіцкай СШ, якая цяпер выкладае матэматыку, Марына Папчэня. Сёлета ў школу прыйшла працаваць настаўніца пачатковых класаў Наталля Шаўчук.

    Маладыя кадры арганічна ўліваюцца ў калектыў аднадумцаў. Вопытныя педагогі з гатоўнасцю дзеляцца з імі сваімі напрацоўкамі, ведамі, падтрымліваюць, над кожным навічком шэфствуе старэйшы калега.

    На асаблівым месцы ў настаўнікаў і рабят – спорт і здаровы лад жыцця. Нават на эмблеме школы адлюстраванне: перад разгорнутым падручнікам –  спартсмены. У тухавіцкай педагагічнай сям’і ( сёння гэта 23 настаўнікі) самыя спартыўныя – настаўнікі фізкультуры муж і жонка Віктар (выдатнік адукацыі БССР) і Жанна Зенчанкі. У многім дзякуючы менавіта ім у школе –  адзінай у раёне – ёсць дзве трэніровачна-трэнажорныя залы. Сярод былых вучняў – і заслужаныя майстры спорту Беларусі па армрэслінгу, гандболе, лёгкай атлетыцы.

    Не толькі на святы, юбілеі, сустрэчы аднакласнікаў спяшаюцца ў родную школу яе шматлікія выпускнікі. Прыходзяць, прыязджаюць і ў будні, каб пагаварыць са сваімі любімымі настаўнікамі, параіцца і проста пабыць побач з людзьмі, якія не толькі вучылі, але і выхоўвалі. Нездарма ў гімне Тухавіцкай школы ёсць такія словы: ”Яе домам другім называем – нашу школу, дзе ўсе мы – сям’я”.

    І ў яе малодшага брата – мясцовага дзіцячага садка па-дамашняму ўтульна. У дзвюх рознаўзроставых групах створаны выдатныя ўмовы для дашкалят. Натхнення, энтузіязму тутэйшых выхавальнікаў і іх памочнікаў пад кіраўніцтвам загадчыцы Зінаіды Гунько хопіць не на адно пакаленне вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

    На фота: 1. Дырэктар Тухавіцкай СШ Алена Пятліцкая (справа), намеснік дырэктара Людміла Дыдышка, настаўніца гісторыі Святлана Зубік. 2.Побач са сваімі першаклашкамі іх настаўніца Ірына Банецкая. 3. І фізіка захапляльная, калі побач настаўніца Людміла Ляпёха. 4,5,6. З клопатам і пяшчотай ставяцца да сваіх выхаванцаў супрацоўнікі Тухавіцкага дзіцячага сада.

     

    Автор: Галіна КАНЬКОЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)