04 Мая, 2024 Суббота

На карце Зэльвеншчыны: Дзергілі

  • 05 октября 2016 Общество Беларуская 0

    Маладая гаспадыня вёскі

    8985

    Адметны факт: у Дзергілях стараста не пенсіянерка, як у большасці вёсак, а маладая жанчына – Наталля Шыманава. Разам з мужам Міхаілам яны выхоўваюць трох хлопчыкаў – двух школьнікаў і чатырохгадовага Арцёмку. Бацькі яны дбайныя: сынам стварылі ўсе ўмовы для вучобы і адпачынку. Старэйшага, шасцікласніка Паўла, тата два разы на тыдзень возіць у Зэльву на заняткі музыкай у школу мастацтваў. Гатовы падтрымаць бацькі і малых, калі ў тых з’явіцца жаданне займацца чымсьці дадаткова пасля школы. Час для выбару ў іх яшчэ ёсць.

    Старастай вёскі Наталля Іванаўна стала не так даўно, але людзі паважаюць яе за старанне, штодзённыя клопаты пра іх. Нямоглую адзінокую бабулю ўвогуле ўзяла пад сваю апеку. Бо адна справа, калі старэнькія людзі жывуць адны, але да іх часта наведваюцца дзеці, і зусім другая, калі прыехаць да адзінокага чалавека няма каму. А такіх у Дзергілях, як і ў кожнай вёсцы, на жаль, хапае.

    Працуюць Наталля і Міхаіл Шыманавы ў Міжэрыцкім дзіцячым садзе-базавай школе, і вельмі задаволены гэтым: самі разам і дзеці побач, заўсёды можна прасачыць за іх паводзінамі.

    62 гады разам

    8988

    У далёкім 1954 годзе ўзялі шлюб Эдвард і Яніна Мачкі. Да вяселля Эдвард з бацькамі жыў на хутары, Яніна – у вёсцы, але сустракаліся часта, бо маладосць ёсць маладосць: і пасля цяжкай працы збіраліся на танцах ды вячорках. Хлопцы прыглядаліся да дзяўчат, дзяўчаты – да хлопцаў. Хтосьці выбіраў пару з аднавяскоўцаў, хтосьці шукаў у чужых вёсках. Эдвард выбраў “сваю” і ніводнага разу за 62 гады не па-шкадаваў аб гэтым.

    Працавалі абое ў Калінаўцы, дзе ў тыя гады размяшчалася нарыхтоўчая кантора. Эдвард Ула-дзіміравіч меў вельмі адказную і “гарачую” работу – кавальскую, за што і на пенсію льготную раней за аднагодкаў пайшоў. Яніна Пятроўна выконвала мноства абавязкаў у паляводстве: і снапы за коннымі жнейкамі вязала, і зерне сушыла, і сілас нарыхтоўвала, і бульбу ды буракі палола. 

    Пабудавалі ў вёсцы дом, выгадавалі трое дзетак. Старэйшая дачка знайшла працоўнае і сямейнае шчасце ў Оршы, малодшая дачка, а таксама сын – у Брэсце. Даўно маюць сваіх дзяцей, а сын ужо і ўнука дачакаўся. Хоць і не блізка да бацькоў, але абавязкова ў два – тры месяцы наведваюцца.

    Як і кожны беларус, які нара-дзіўся ў 20 – 30-я гады, Эдвард Уладзіміравіч часта ўспамінае вайну, гэтую незагойную рану ўсіх перажыўшых яе. Асабліва баліць сэрца за лётчыкаў на горненскім аэрадроме. Разведка ў немцаў працавала так дасканала, што яны ведалі ўсе кропкі для бамбёжкі. І ў Горна, і ў Дзергілях бачылі, што ні адзін савецкі самалёт з горнен-скага аэрадрома не паспеў падняцца ў паветра і нанесці ўдар па нямецкай тэхніцы. Хутка, дзесьці на 4–5 дзень вайны, у вёску ўварваліся нямецкія танкі. Не дапамаглі і акопы, вырытыя чырвонаармейцамі з Мі-жэрыч ажно да Дзергілёў, замацавацца і вытрымаць націск ворага. На вачах падлетка расстралялі 9 савецкіх разведчыкаў. Ледзь застаўся ў жывых і сам Эдзік: не мог спакойна сядзець у акопе, усё парываўся нешта разведаць і паведаміць чырвонаармейцам.

    Захавальніца сямейных рэліквій

    8989

    Алене Патаповіч, адной са старэйшых жыхарак вёскі Дзергілі, 92 гады. Жыве жанчына адна, але ў дапамозе сацыяльнага работніка пакуль не мае патрэбы: абслугоўвае сябе сама. Ды і сям’я сына недалёка – у Слоніме, часта наведваюць маці, самае неабходнае зробяць. “А есці сабе згатаваць, прыбрацца ў хаце я і сама, дзякуй Богу, яшчэ магу”, – кажа Алена Францаўна. Не забывае матулю і дачка, хоць і жыве далёка – ажно ў Маскве.

    Жанчына вельмі добра памятае ўсіх сваіх продкаў. Беражліва захоўвае пажоўклыя фотаздымкі і расказвае ўнукам і праўнукам пра лёс дарагіх яе сэрцу людзей: бацька Алены Францаўны быў удзельнікам Першай сусветнай вайны. Захаваўся і фотаздымак самой Алены з часу ўжо Другой сусветнай вайны, калі немцы ўсіх абавязвалі мець асабістыя дакументы з прыкметамі кожнага жыхара. Была Алена дзяўчынай прыгожай. Каб не трапіць на вока акупантам і не быць вывезенай у Германію, яна хавалася. Добра, што ў яе былі знаёмыя ў жандармерыі: яны і паведамлялі, калі немцы ўчынялі аблаву. Хавалася ў свірнах, сціртах, на гарышчы. Аднойчы цудам засталася жывой: немцы спаролі ўсю салому вакол яе схованкі. Алене толькі і заставалася, што маліць Бога аб выратаванні. А малілася яна ўвесь час аб адным: калі нельга выратавацца, то лепей быць забітай тут, на роднай зямлі.

    Алена Францаўна – чалавек неабыякавы да гісторыі не толькі свайго роду. Яна расказала нам шмат цікавага аб жыцці аднавяскоўцаў у далёкім даваенным часе, перыядзе масавага перасялення людзей з хутароў на былыя пан-скія землі. 

    Да вайны Алена Францаўна скончыла пачатковую школу, якая размяшчалася ў адной з хат вёскі Тулава. Вайной пра вучобу ніхто не думаў, а пасля працягваць вучобу ўжо не выпала. Выйшла замуж. На якіх толькі работах не давялося працаваць: была свінаркай, даяркай, паляводам. Вельмі любіла коней. Часта дапамагала мужчынам, якім яе любімец не даваўся ў рукі.

    Лёс паланянкі

    8987

    Алене Францаўне ўдалося выратавацца, а вось Леанардзе Браніславаўне Данік (у дзявоцтве Губар) давялося паспытаць увесь жах жыцця ў няволі. Горка плакала дзяўчына ўсю дарогу ад Міжэрыч да Ізабеліна, куды вёз яе на возе немец. Потым былі лагер у Ваўкавыску, турма ў Бела-стоку, месяц бясконцай дарогі ў цесным і смуродным вагоне да Усходняй Прусіі. Працавала на торфабрыкетным заводзе каля г.Хайсберг. Цяжкая работа, баланда з брушкі помняцца ўсё жыц-цё. Як і вольнанаёмны немец-майстар, які выратаваў Лёню ад галоднай смерці. Спачатку забраў яе да сябе на час жніва, карміў так, што дзяўчына толькі стравы лічыла, потым рэкамендаваў да знаёмых гаспадароў, нават білет да патрэбнай станцыі купіў. І там гаспадыня трапіла спагадлівая, падкармлівала Лёню ўпотай ад дачкі, якая неўзлюбіла паланянку. 

    Патрохі дзяўчына акрыяла, і ўжо з мужчынамі-работнікамі адкладвала паўскібкі хлеба для рускіх ваеннапалонных, якія трымаліся непадалёку.

    Лёня плаціла гаспадыні стараннай працай, якой было безліч: і кароў двойчы ў дзень падаіць, і цялятак напаіць, і свіней накарміць. А ў хаце і прыбрацца, і бялізну на гаспадароў і батракоў памыць, і разам з фрау ежу прыгатаваць. Але хіба работа сушыла звыклую да яе вясковую дзяўчыну? Хацелася, каб як найхутчэй скончылася вайна, каб вярнуцца на радзіму. Аднак шлях дадому быў вельмі няпросты. Вы-зваленне прыйшло ў лютым 1945-га, а ў свае Дзергілі трапіла толькі позняй восенню. Адзінокіх выгнаннікаў пакідалі для работы ў вой-ску. Лёня працавала ў пральні аж да расфарміравання часці, пабывала не толькі ў Германіі, але і ва Украіне.

    Зараз Леанарда Браніславаўна жыве з дачкой Ірынай, вядомай усім зэльвенцам паэткай. Ірына Мікалаеўна вельмі любіць матулю, беражэ яе, ахоўвае ад лішніх хваляванняў. Да маці яна вярнулася з Мастоўскага раёна, і зараз дзве блізкія па крыві і духу жанчыны ўстаюць і кладуцца з думкамі адна аб адной.

    Не забываюць Леанарду Браніславаўну дзве другія дачкі, наведваюцца ў Дзергілі пры кожным зручным выпадку 7 унукаў і 14 праўнукаў.

    Будучае вёскі

    8984

    У Дзергілях падрастае 9 дзяцей. Стараста пазнаёміла нас з сям’ёй Віктара і Рыты Ляскевічаў. У іх падрастае двое хлопчыкаў: Аляксандр і Яўген. Гадавалы Жэнік вельмі прыязна сустрэў незнаёмых людзей: усміхаўся, цярпліва пазіраваў на фотакамеру.

    Гаспадар скончыў Жыровіцкі тэхнікум па спецыяльнасці механік, але не захацеў развітвацца з першай прафесіяй і працягвае працаваць у мясцовай гаспадарцы трактарыстам. Гаспадыня па прафесіі прадавец, да дэкрэтнага водпуску працавала ў магазіне в.Горна. Рыта Іванаўна мясцовая – непадалёку жывуць яе бацькі, вельмі дастойныя людзі. (Стараста расказала, што бацькі Рыты – яе суседзі. Іх вельмі паважаюць і ў вёсцы, і ў сельсавеце. Нядаўна яны сталі пераможцамі ў конкурсе на лепшы сельскі дом).

    Знаёмства на развітанне

    8986

    Заглянулі ў мясцовы магазін, дзе пазнаёміліся яшчэ з адной ветлівай жанчынай. Людміла Федзяня (так завуць прадаўца) пачала працаваць тут пасля закрыцця гандлёвай кропкі ў Тулаве. Задаволена, што блізка на работу хадзіць, а людзі задаволены яе ветлівым абслугоўваннем. Вопытны работнік прылаўка ўважліва сочыць за папаўненнем асартыменту, выконвае заяўкі вяскоўцаў.

    І дома ў жанчыны ўсё ў належным парадку. Дапамагае ёй у гэтым муж – Міхаіл Міхайлавіч, які працуе вадзіцелем у СВК “Міжэрычы”.

    Увекавечаная на карце дугі Струвэ

    Уважлівыя чытачы “Працы” добра памятаюць матэрыял пра ўнікальны помнік каля вёскі Дзергілі – адзін з геадэзічных пунктаў дугі Струвэ. Нагадаем коратка сутнасць праекта. Астраном Струвэ з дапамогай 265-ці пунктаў 200 гадоў таму назад пачаў вызначаць форму і памеры Зямлі. На сённяшні дзень вядомы 34 кропкі.Адна з іх – у зэльвенскіх Дзергілях. Яна можа стаць добрым памочнікам распрацоў-шчыкам новых турыстычных маршрутаў на Зэльвеншчыне.

    Шмат ёсць цудаў на радзіме любай.

    Дабаўляйце цуд і ў Дзергілях,

    Створаны ў свой час вялікім Струвэ

    Помнік-кропку ў зэльвенскіх палях.

    Помнік таленту і думкі навуковай

    Раім паглядзець: ён здзівіць вас.

    А арыенцірам будзе трохвугольнік.

    Шляху добрага! У добры час!

    Яніна Шматко.

    Фота Аляксандра Раманоўскага.

    Автор: Яніна ШматкоПраца
    Теги: 

Комментарии (0)