20 Апреля, 2024 Суббота

Красуй, любімы горад!

  • 06 октября 2016 Общество Беларуская 0

    Раніца 1 кастрычніка… Ах, які  прыгожы і ўрачысты любімы Слуцк! Яркія плакаты, кампазіцыі з каляровых флажкоў, шароў, кветак, абноўленыя будынкі дамоў, разнастайныя малыя архітэктурныя формы, святочна аформленыя  канцэртныя пляцоўкі, павільёны народных умельцаў, гандлю, выстаўкі-прэзентацыі ўстаноў дадатковай адукацыі, сярэдняй спецыяльнай адукацыі,  гульнёвыя атракцыёны… I яшчэ адзін падарунак Слуцку і случчанам – цёплае, зусім не кастрычніцкае надвор’е, быццам сама святая Сафія Слуцкая агортвала горад сваёй пяшчотай, духоўнай цеплынёй.

    Урачыстая частка свята «Красою ты квітней штодня, мой родны  Слуцк – мая зямля» распачалася ўскладаннем кветак да помніка воінам-вызваліцелям: ім, абаронцам Айчыны, якія адстаялі свабоду і незалежнасць краіны ў час Вялікай Айчыннай вайны, мы абавязаны шчасцем жыць на мірнай зямлі, гэтым цудоўным святочным днём. У цырымоніі ўскладання кветак прынялі ўдзел старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання Віктар Іванавіч Сірэнка, старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Аляксеевіч Ражанец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання Інэса Анатольеўна Кляшчук, Ганаровыя грамадзяне Слуцкага раёна, прадстаўнікі прадпрыемстваў, устаноў, грамадскіх арганізацый, вайскоўцы, госці Случчыны, іншыя ўдзельнікі ўрачыстасці.

    Адной з самых яркіх і масавых старонак святочнага дзейства стала шэсце прадстаўнікоў працоўных калектываў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, навучальных устаноў, грамадскіх арганізацый, дзяцей і моладзі па цэнтральнай вуліцы горада. Магу толькі пашкадаваць тых, хто гэтага не пабачыў, – незабыўна, захапляюча! Сэрца замірала ад радасці і гордасці за случчан, іх таленавітасць, стараннасць, творчы падыход да справы, за цудоўны падарунак, які арганізатары свята, калектывы  падрыхтавалі гораду-юбіляру. Шэсце распачалі маладыя флаганосцы, якія неслі вялікае палотнішча флага Случчыны. А ў небе развіваўся  Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь, яго перамяшчэнне ў нябеснай прасторы забяспечваў  верталёт. У тэатралізаваным шэсці былі прадстаўлены асноўныя этапы гісторыі Слуцка. Здавалася, злучыліся стагоддзі, падзеі, лёсы… Сама княгіня Анастасія Слуцкая, абаронца горада ад нашэсця крымскіх татараў, прыбыла на свята, ехала па цэнтральнай вуліцы на кані, вітала случчан. А вось крочаць маленькія шкаляры, якія ўвасабляюць старадаўнюю гімназію Слуцка, старэйшую ў Беларусі. Асобныя тэатралізаваныя карцінкі былі прысвечаны славутаму на ўвесь свет Слуцкаму поясу, тэме Вялікай Айчыннай вайны і іншым перыядам. Маштабна, відовішчна быў прадстаўлены сучасны перыяд Случчыны: шэсце працоўных калектываў, парад сельскагаспадарчай, будаўнічай і іншай тэхнікі, як арыгінальна, святочна былі аформлены машыны прадпрыемстваў і арганізацый з прэзентацыяй сваёй дзейнасці і прадукцыі. Апладысменты шматлікіх гледачоў, якіх сабралася шмат на цэнтральнай вуліцы горада, суправаджалі ўдзельнікаў шэсця. Увогуле  свята з нагоды 900-годдзя Слуцка стала для горада, бадай, адным з самых масавых за папярэдняе дзесяцігоддзе.

    Урачыстая частка  праходзіла на гарадской плошчы. У ліку ганаровых гасцей – ветэраны вайны і працы, Ганаровыя грамадзяне Слуцкага раёна, былыя кіраўнікі Случчыны, лепшыя працаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, госці з Украіны і Казахстана, шэрагу рэгіёнаў Мінскай вобласці і Беларусі.

    З віншаваннем з нагоды 900-годдзя Слуцка звярнуўся да случчан і гасцей горада старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі. Кіраўнік раёна адзначыў, што ў летапіс Слуцка ўпісана шмат гістарычных падзей і славутых імёнаў. Мужнасць і адвага Анастасіі Слуцкай увекавечаны ў народных паданнях аб абароне горада ад крымскіх татараў. Сафія Слуцкая ўваходзіць у Сабор беларускіх святых, з'яўляецца нябеснай заступніцай краю. Слуцкае Евангелле 1581 года, уласнаручна перапісанае слуцкім князем Юрыем Алелькавічам, з'яўляецца нацыянальнай духоўнай святыняй беларускага народа. Случчане ганарацца адной са старэйшых навучальных устаноў Беларусі – гімназіяй №1, 400-годдзе якой будзем адзначаць у наступным годзе. На слуцкай зямлі вытканы вырабы высокай мастацкай каштоўнасці –  Слуцкія паясы – культурны брэнд сучаснай Беларусі. У Слуцку праведзена мадэрнізацыя прадпрыемства «Слуцкія паясы», адноўлена ўнікальная тэхналогія ткацтва.

    Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі падкрэсліў, што Случчына славіцца шматлікімі імёнамі выдатных пісьменнікаў, мастакоў і кампазітараў, знакамітых этнографаў і акадэмікаў, военачальнікаў і спартсменаў. Гэта асветнік Ілья Капіевіч, дырэктар Маскоўскай абсерваторыі Вітольд Цэраскі, доктар тэхнічных навук, Герой Сацыялістычнай Працы Сямён Косберг, начальнікі касмадрома «Байканур» Юрый Жукаў і Канстанцін Герчык, кампазітар Уладзімір Тэраўскі, пісьменнік Васіль Вітка  і многія іншыя.

    У гады суровых выпрабаванняў тысячы нашых землякоў самааддана змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны. За гераізм і мужнасць многія ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі, двум з іх прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза – Фёдару Піліпавічу Брую і Аляксандру Ігнатавічу Уласаўцу.  На Случчыне нарадзіліся і праявілі баявую і працоўную доблесць пяць Герояў Савецкага Саюза, дванаццаць Герояў  Сацыялістычнай  Працы.

    Случчане ўпэўнена працягваюць традыцыі, закладзеныя старэйшымі пакаленнямі, працуюць і выхоўваюць дзяцей, ствараюць моцны фундамент для далейшага развіцця раёна. Будучыня Слуцка ствараецца сёння, горад жыве, працуе, расце. У раёне рэалізуюцца буйныя інвестыцыйныя праекты, працуе развітая транспартная сетка, лагістыка. У гэтым годзе створана 220 новых працоўных месцаў. У бліжэйшы час таксама з'явяцца новыя вытворчасці, пачне работу дражджавы завод. Набываюць новы выгляд аб’екты гандлю і бытавога абслугоўвання. Горад упрыгожваецца кветкавымі кампазіцыямі, у мікрараёнах уладкоўваюць сучасныя дзіцячыя пляцоўкі. Слуцк прырастае і ў сацыяльным плане: узводзяцца жылыя дамы, набываецца абсталяванне ў медыцынскія ўстановы, абнаўляюцца аб'екты адукацыі і культуры.

    – Гісторыя Слуцка, яе сучаснасць і будучыня ствараюцца ў кожным працоўным калектыве, на канкрэтным працоўным месцы – работнікамі аграпрамысловага комплексу, будаўнічай індустрыі, настаўнікамі і ўрачамі, работнікамі сферы культуры, гандлю і паслуг, – падкрэсліў кіраўнік раёна. – Летапіс XXI стагоддзя пішаце вы, паважаныя случчане, хто побач жыве і працуе, хто паўсядзённа сваім талентам, энергіяй, мэтанакіраванасцю ўносіць асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае і духоўнае развіццё Случчыны. Жадаю ўсім добрага здароўя, дабрабыту, поспехаў у працы, а Слуцку – далейшага развіцця! Са святам!

    Віншаваў случчан з юбілеем горада намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання Віктар Іванавіч Сірэнка. Случчына – асобная з’ява, край, адметны сваёй культурнай, гістарычнай спадчынай, адзначыў Віктар Іванавіч Сірэнка, і сёння случчане ўносяць годны ўклад у развіццё Мінскай вобласці, краіны. Далейшага росквіту Слуцку, дабрабыту, шчасця, новых поспехаў зычылі случчанам старшыня Мінскага абласного аб'яднання прафсаюзаў Віктар Тадэвушавіч Маліноўскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання Інэса Анатольеўна Кляшчук.

    З добрымі пажаданнямі і падарункамі гораду прыехалі на свята госці з Бравароў (Украіна) – горада-пабраціма. Намеснік гарадскога галавы Бравароў Ларыса Мікалаеўна Вінаградава, звяртаючыся да ўдзельнікаў свята, нагадала, што Бравары і Случчыну звязваюць даўнія сяброўскія сувязі, што жыхары Бравароў  даражаць гэтым сяброўствам. А прадстаўнік дэлегацыі з Паўладарскай вобласці Рэспублікі Казахстан, першы намеснік акіма Паўладарскага раёна Нурлан Майданавіч Садыбекаў падкрэсліў, што ўражаны маштабамі і яркасцю слуцкага свята. З віншаваннямі і падарункамі прыехалі ў Слуцк і госці з Капыльскага, Любанскага, Пухавіцкага, Салігорскага, Старадарожскага, Уздзенскага, Астравецкага, Асіповіцкага раёнаў. Віншавальны адрас з нагоды 900-годдзя Слуцка накіраваны случчанам ад старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Віктаравіча Даманеўскага. Віншавальныя тэлеграмы паступілі ў Слуцк з расійскіх гарадоў-пабрацімаў – Ржэва і Серпухава.

    На ўрачыстасці былі ўшанаваны Ганаровыя грамадзяне Слуцкага раёна – Герой Сацыялістычнай Працы Сяргей Іванавіч Шклярэўскі, шматразовая чэмпіёнка Паралімпійскіх гульняў па веласпорце Ірына Аляксандраўна Фядотава, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі СССР Мікалай Ільіч Васілевіч. Кагорту Ганаровых грамадзян Слуцкага раёна ў гэтым годзе папоўнілі жывёлавод філіяла «Падсобная сельская гаспадарка» ААТ «Слуцкі мясакамбінат» Галіна Аляксандраўна Касымакунава (за сваю работу ўзнагароджана ордэнамі «Знак Пашаны», Працоўнага Чырвонага Сцяга і іншымі дзяржаўнымі ўзнагародамі, выгадавала пяцярых дзяцей, узнагароджана Медалём мацярынства ІІ ступені), былы начальнік ДУП «ПМК-223» Фёдар Якаўлевіч Бойка (узнагароджаны бронзавым медалём «За дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР», іншымі дзяржаўнымі ўзнагародамі, заслужаны  будаўнік БССР),  былы намеснік галоўнага ўрача Слуцкай цэнтральнай райбальніцы Алег Васільевіч Румо (узнагароджаны медалямі «За доблесную працу»,  медалём  «За працоўную адзнаку», граматамі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і іншымі. У 2000 годзе аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выдатнік аховы здароўя СССР). Іх віталі гарачымі апладысментамі. Старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі, старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Аляксеевіч Ражанец уручылі Ганаровым грамадзянам Слуцкага раёна дыпломы, спецыяльныя прэміі і кветк.  

    На галоўнай сцэне свята падчас урачыстасці Ганаровымі граматамі Слуцкага райвыканкама, Мінскага аблвыканкама, Падзякамі старшыні Мінаблвыканкама, Ганаровымі граматамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў за працоўныя поспехі, важкі ўклад у развіццё Случчыны ўзнагародзілі  кіраўнікоў,  працаўнікоў  шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый раёна, актывістаў прафсаюзнага руху.

    Бліскучым завяршэннем урачыстай часткі свята сталі захапляючыя сваёй моцнай, імклівай і ў той жа час пяшчотнай энергетыкай канцэртныя нумары з удзелам маленькіх і юных случчан, гурткоўцаў шэрагу ўстаноў Слуцка, кадэтаў Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча.  І музыка, і песні, і танцы – усё было так кранальна, прыгожа, ярка, гарманічна, напоўнена такой любоўю да Слуцка, да жыцця, што немагчыма было стрымаць эмоцый. Прызнаюся, душа купалася ў радасці, чароўнасці моманту.

    А свята ж толькі-толькі набірала сваю сілу…

    Автор: Наталля СЕЛЯЗНЁВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)