24 Апреля, 2024 Среда

Добра працаваць - радзіму шанаваць

  • 11 октября 2016 Общество Беларуская 0

    Прадстаўнічая дэлегацыя з сарака чалавек пад кіраўніцтвам старшыні Бярозаўскага райвыканкама Л.А. Мартынюка прыняла ўдзел у святочных мерапрыемствах абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2016», які ў гэтым годзе праходзіў у Драгічыне. Сярод пасланцоў раёна былі намеснікі старшыні райвыканкама, начальнікі раённых аддзелаў і служб, кіраўнікі сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прадпрыемстваў, лідары прафсаюза, лепшыя галоўныя аграномы і інжынеры.

    На гэты раз у сталіцу абласнога свята ехаць было недалёка – у бліжэйшы ад нас раён.

    Да гэтага старанна рыхтаваліся і нашы гаспадаркі, устанавілі каля дарог цэлыя кампазіцыі, адмыслова зробленыя з цюкоў сена.  «Квітней, Беларусь!» – здалёку вітае ўсіх, хто ў гэтыя дні праязджае па трасе Брэст – Мінск, з густам аформленая выстава ААТ «Вінец» з хлебам-соллю і калодзежам з жураўлём.  ААТ «Пескаўскае» хораша абазначыла ажно тры месцы на сваіх палях, дзе стаяць паравоз, трактар і старажытны замак.

    На мяжы Бярозаўскага і Драгічынскага раёнаў нашу дэлегацыю шчыра віталі гаспадары свята, уручыўшы нашаму кіраўніку Л.А. Мартынюку прыгожы каравай. У нас з суседзямі вельмі многа агульнага, найперш гэта датычыцца стараннай працы на зямлі і па яе добраўпарадкаванні. Сядзібы многіх дамоў у вёсках і самім райцэнтры ззяюць яркімі колерамі разнастайных кветак. А адрозненне ў тым, што амаль на кожнай сельскай і нават гарадской сядзібе асноўная частка зямлі адведзена пад пасадкі маліны.

    Па тоне зерня на кожнага жыхара

    «Дажынкі-2016» пачаліся са святочнага шэсця калон па цэнтральнай вуліцы Драгічына. Бярозаўскую дэлегацыю здалёк пазнавалі і віталі жыхары горада і шматлікія госці.

     

    Шэсце дэлегацыі Бярозаўшчыны.
    Шэсце дэлегацыі Бярозаўшчыны.

    На плошчы адбылося ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства і быў падняты сцяг.  Сардэчна прывітаў усіх удзельнікаў і гасцей старшыня Брэсцкага аблвыканкама А.В. Ліс.

     

    Выступае старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Васільевіч Ліс.
    Выступае старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Васільевіч Ліс.

    – Драгічын ужо другі раз з’яўляецца цэнтрам абласнога свята хлебаробаў. Для нашай аграрнай Брэстчыны «Дажынкі» маюць асаблівую каштоўнасць, бо ў вырошчванне хлеба ўкладзена вельмі шмат стараннай карпатлівай працы, – адзначыў Анатолій Васільевіч. – Дзякуючы намаганням працаўнікоў вёскі, якія добра ведаюць сапраўдную цану хлебнага коласа, вобласці ўдалося сабраць 1172 тысячы тонн зерня пры ўраджайнасці 35,2 цэнтнера з гектара, а гэта другое месца ў рэспубліцы пасля Гродзенскай вобласці.

    А разам з зернем кукурузы мы зможам намалаціць 1,4 мільёна тон – па адной тоне на кожнага жыхара Брэстчыны. Не першы год у лідарах раёны, дзе атрымалі больш чым па 100 тысяч тон зерня, такога поспеху дасягнулі хлебаробы Баранавіцкага, Пружанскага, Камянецкага і Пінскага раёнаў. 244 экіпажы сталі тысячнікамі, 26 намалацілі звыш паўтары тысячы тон зерня, а тры дасягнулі рэкорднага намалоту – больш двух тысяч тон. Жніво паказала нам нашы магчымасці і дало пэўныя ўрокі, абапіраючыся на якія мы будзем імкнуцца да новых вынікаў.

    Старшыня аблвыканкама А.В. Ліс уручыў ганаровыя ўзнагароды пераможцам жніва-2016. Сярод раёнаў вобласці імі сталі Маларыцкі, Брэсцкі і Камянецкі. Лідар па ўраджайнасці сярод сельгаспрадпрыемстваў – ААТ «Агра-Кобрынскае», дзе з гектара сабрана па 63 цэнтнеры зерня. Лепшы вынік у абласным спаборніцтве паказаў экіпаж птушкафабрыкі «Дружба» Баранавіцкага раёна ў складзе Уладзіміра і Андрэя Казімірчыкаў, які намалаціў 2,1 тысячы тон. Пад гукі фанфар на ўпрыгожаную сцэну паднімаліся кіраўнікі і галоўныя спецыялісты лепшых гаспадарак, вадзіцелі і аператары зернасушыльных комплексаў, маладыя героі жніва.

    На жаль, на гэты раз сярод іх не было прадстаўнікоў Бярозаўшчыны, а гэта гаворыць найперш аб тым, што з году ў год павялічваецца канкурэнцыя на хлебнай ніве. Але кіраўнікі нашых сельскіх гаспадарак далі сабе слова, што ў наступны раз п’едэстал будзе наш. 

    Затое Бяроза вызначылася, калі старшыню райвыканкама Л.А. Мартынюка запрасілі на святочную сцэну і ўручылі вымпел і пасведчанне аб тым, што райцэнтр стаў пераможцам рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання сярод населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь. А ў абласным аглядзе пераможцам прызнаны г. Белаазёрск, адпаведную ўзнагароду ўручылі старшыні гарвыканкама У.П. Пракапчуку. За вялікі ўклад у падрыхтоўку аб’ектаў Драгічына да правядзення фестывалю-ярмаркі «Дажынкі-2016» граматай Брэсцкага аблвыканкама ўзнагароджаны начальнік Бярозаўскай СПМК-22  Г.М. Бабіч.   

    Многа добрых слоў у адрас працаўнікоў Брэстчыны выказалі ганаровыя госці – першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Л.А. Марыніч, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя А.М. Каўтуха, старшыня праўлення Белкаапсаюза В.М. Іваноў, старшыня Беларускага прафсаюза працаўнікоў аграпрамысловага комплексу М.А. Лабушаў і іншыя, якія таксама ўручылі ўзнагароды.

    Слава героям жніва

    А потым на сцэну выйшлі лепшыя творчыя сілы вобласці, заслужаныя і народныя мастацкія калектывы. Многія з іх аб’ядналіся, каб выканаць захапляючыя харэаграфічныя кампазіцыі, народныя песні і танцы, якія ў даўніну суправаджалі жніво. Як заўсёды феерычным было выступленне ўзорнага ансамбля танца «Журавінка» г. Белаазёрска, які заслужыў нямала ўдзячных апладысментаў і добрых водгукаў за выкананне «Бярозаўскіх закавырак».

    Дзяніса Вакера, а ён віртуозна выканаў сола на баяне, прадставілі як пасланца г. Іванава, але ж ён вырас як выканаўца ў нас у Бярозе. Народны тэатр гумару «Хмелеўскія валацугі» паказаў вясёлы нумар, пра тое, як адна з яго ўдзельніц пабывала на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра. 

     

    Героям жніва – лепшыя песні.
    Героям жніва – лепшыя песні.

     

    Канцэрт пакінуў вельмі добрыя ўражанні і яшчэ раз даказаў, што ўмеем мы не толькі працаваць, але і спяваць, танцаваць і жартаваць. Хацелася б адзначыць і плённую працу самадзейных артыстаў Равяціцкага СДК, якія ўсе «Дажынкі» каля павільёна Бярозаўскага райспажыўтаварыства весялілі публіку так, што многія людзі кідаліся ў скокі.

    Дарэчы, усё тое, што адбывалася на сцэне, можна было пабачыць на вялікім экране. І нават віды свята з вышыні птушынага палёту, бо над намі лунаў спецыяльны  лятаючы апарат. А потым у небе з’явіўся самалёт АН-2 Брэсцкага гарадскога клуба, і з вышыні 1,6 кіламетра на свята паспяшыла група парашутыстаў з Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь.  Да таго ж у паветры яны выконвалі элементы купальнай акрабатыкі. Што і казаць, цікавае відовішча.     

    Падвор’е палешука

    «Дажынкі» – гэта найперш шанаванне нашых нацыянальных традыцый, таму шматлікія гандлёвыя рады былі аформлены з нацыянальнай сімволікай. І чаго тут толькі не было!

    Дары сялянскага двара.

    Дары сялянскага двара.

    Млыны і возікі, поўныя дароў садоў і агародаў, печы і калодзежы, шматлікія прысмакі, якімі багаты палескі край, ад пірагоў, караваяў і каўбас вочы разбягаліся.

    Многа было печаных скульптур, асабліва ўразіла майстэрства бярозаўскіх хлебапёкаў, якія змаглі выпечы з цеста русалку, самавар і зрабілі хатку з багетных батонаў. Давялося пабачыць і спечаны млын, і нават парасон, а таксама шыкоўную кветку, пялёсткі якой былі зроблены з пернікаў, сухароў і зефіру. Лунінецкае райспажыўтаварыства ўразіла дрэвамі з кветак, а Столінскае – саджалкай з рыбай, на беразе якой стаяла прывязаная за вяровачку жывая качка і ахвотна пазіравала на тэлекамеры.

    Весялілі дзяцей шматлікія героі казак і мультфільмаў у розным выкананні. Адно з прыватных прадпрыемстваў Драгічына нават прапаноўвала набыць гатовыя драўляныя лазні і парылкі. «Парасяты «Хомскія» – выжываюць у любых умовах, хрукаюць на трох мовах», – так рэкламаваў сябе мясцовы буйны свінакомплекс.

    Годна прадставілі сваю прадукцыю бярозаўскія прадпрыемствы: ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат», «Бярозаўскі сыраробны камбінат», «Вопытны рыбгас «Сялец», Бярозаўская ЖКГ, ЗАТ СП «Белкельме».

    Прэзентацыя прадукцыі Бярозаўскага мясакансервавага камбіната.

    Прэзентацыя прадукцыі Бярозаўскага мясакансервавага камбіната.

    Экспазіцыя Бярозаўскага камбіната кааператыўнай прамысловасці.

    Экспазіцыя Бярозаўскага камбіната кааператыўнай прамысловасці.

    Многія людзі спыняліся ля адмысловай карты Брэсцкай вобласці, зробленай з зерня, круп, макаронаў, кукурузы і фасолі. Кожны раён быў абазначаны важкім мяшэчкам з лічбамі намалотаў. Бярозаўшчына была выкладзена з грэчкі, наш намалот склаў 61299 тонн зерня, і абышлі мы сваіх суседзяў з Драгічыншчыны амаль на чатыры тысячы тон.   

    Усё застаецца людзям

    Усіх мерапрыемстваў, якія ўмясціў гэты ўрачысты і святочны дзень, не пералічыць. Цікавымі былі выставы вырабаў народных майстроў і ўстаноў прафесійнай адукацыі.

    Адбыўся абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла». Бярозаўскі раённы камітэт ГА «БРСМ» дэлегаваў сям’ю Сяргея і Марыны Мушынскіх з вёскі Альшэва. Яны працуюць у ААТ «Пескаўскае» і гадуюць двух дачушак Яну і Ульяну. Нашы пасланцы занялі трэцяе месца ў конкурсе «Выстаўка дасягненняў сямейнай гаспадаркі». Шмат было спартыўных спаборніцтваў і жартоўных конкурсаў, дзе кожны мог паспытаць сваю сілу і ўдачу.

    Непазнавальна змяніўся сам г. Драгічын, на ўдобраўпарадкаванне і рэканструкцыю было затрачана 8,7 мільёна рублёў. Значныя сродкі былі накіраваны на аб’екты сацыяльнай інфраструктуры, абнаўленне жылога фонду, прывядзенне ў парадак вуліц, замену ліній электраперадач. З’явіліся новыя прыгожыя месцы для правядзення вольнага часу. 

    Свята прайшло, а ўсё тое, што зроблена, засталося людзям, якія шчыра працуюць на гасціннай драгічынскай зямлі і мацуюць яе добрымі справамі.

    Фота Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА.

    Автор: Розалия КарпешБерёзовская районная газета "Маяк"

Комментарии (0)