19 Апреля, 2024 Пятница

Як навучыцца размаўляць па-беларуску, калі баішся памыліцца?

  • 11 октября 2016 Общество Беларуская 0

    Кожны раз, калі мы, звяздоўцы, бачым, што на вітрыне чарговай крамы з'яўляюцца беларускія слоўцы (або сустракаем усё больш людзей у вышыванках ды часцей чуем родную мову ў грамадскім транспарце), шчыра радуемся і думаем: «Вось гэта па-нашаму!» Прынамсі, з такіх думак і нарадзілася ідэя новай рубрыкі. Хтосьці калекцыянуе рарытэтныя машыны, хтосьці статуэткі… Мы ж вырашылі збіраць цікавыя праекты і ініцыятывы, звязаныя з адраджэннем беларускай мовы і традыцый. Пачнём з сеткі аўтазаправак, дзе ўжо амаль два гады з кліентамі вітаюцца па-беларуску.

    «Вітаем вас», «Дзякуй», «Прыязджайце да нас яшчэ» — гэтыя тры фразы на роднай мове пачула на адной з аўтазаправак сталіцы. Там жа і пазнаёмілася з Ірынай Валаховіч, якая працуе на АЗС аператарам.

    На родную мову тут перакладзеныя практычна ўсе шыльды і надпісы. Куды ні кінь погляд — усюды радуюць вока беларускія слоўцы: «крама», «скруцень і бульбяное пюрэ», «пыласос», «мыйня»… Каля ўваходу, непадалёк ад білборда з надпісам «Дзякуй за вашу крытыку», выстаўлены некаторыя тавары, у тым ліку і (чытаю на фірмовым цэнніку) «дровы фасаваныя ў мяшкЕ». Фатаграфую гэтую памылку, каб потым абавязкова сказаць пра яе супрацоўнікам запраўкі. Заходжу ўнутр — там беларускіх слоўцаў яшчэ больш (толькі цэннікі на тавары пакуль на рускай мове. Але і іх збіраюцца перакладаць). Стаю ў чарзе, вывучаю надпісы «З намі зручней», «Не марнуй час», «Прывітанне, спяшаешся — падыходзь хутчэй»...

    Я, хоць і не вельмі спяшаюся, але падыходжу. «Вітаю вас», — усміхаецца мне аператар Ірына (чытаю на бэйджыку). «Мне, калі ласка, каву», — усміхаюся ў адказ. «Стандартны кубачак ці вялікі?»

    … Пакуль я піла сваю каву, Ірына паспела абслужыць чалавек 20.

    Вось да касы падыходзіць малады чалавек з вялікімі навушнікамі. Плаціць за паліва. Потым вяртаецца і набывае каву. Цікаўлюся, як ён ставіцца да беларускай мовы на запраўцы?

    — Пры зручным выпадку люблю заехаць сюды заправіцца кавай ці палівам, — адказвае па-беларуску (хоць па жыцці карыстаецца пераважна рускай мовай) сістэмны адміністратар і музыка Андрэй Антара. — Вельмі прыемна, калі вітаюцца на роднай мове… Яшчэ тут даволі вясёлыя надпісы на бензакалонках, у прыватнасці «рыльца паліўнага бака». І на кава-апараце (зачытвае): «Скрадзеная кава губляе да 100% смакавых якасцяў, а трапляючы ў арганізм, ператвараецца ў гарбуз». А яшчэ цудоўна было б, каб па радыё тут хоць зрэдчас гучала якасная беларуская музыка.

    А вось сямейная пара вырашыла «заправіцца» не толькі палівам, але і хот-догамі. «Вам якую сасіску — курыную ці ялавічную?» — даносіцца да мяне звонкі голас аператара. Муж і жонка пераглядаюцца: «Якую-якую?» Ірына тлумачыць, што ялавічына — гэта «говядина», але па-беларуску. «Можа, кавы яшчэ жадаеце?» Ад кавы муж з жонкай адмовіліся, але ялавічныя сасіскі вырашылі пакаштаваць. Сыходзілі яны з запраўкі з усмешкамі.

    «Кошты на ўсіх аўтазапраўках аднолькавыя, але я прынцыпова запраўляюся толькі на А-100, — кажа малады дызайнер у цішотцы з арнаментам. — Проста тут адчуваю сябе як дома, бо магу без напружання карыстацца роднай мовай. Не баючыся, што хтосьці нагрубіць, скажа: «говорите на нормальном языке» ці «говорите по-русски». Дзякуй богу, такіх выпадкаў усё менш. Бо дзе ж яшчэ мне, беларусу, карыстацца мовай, як не ў Беларусі? За апошні год паболела прадаўцоў, якія, калі ты штосьці пытаешся ў іх па-беларуску, стараюцца адказваць на роднай мове. Я сам да 27 гадоў размаўляў выключна па-руску. Таму разумею, што складана пачаць. Проста мы, беларусы, прывыклі чакаць. Як на дыскатэцы: пакуль хтосьці першы не выйдзе і не пачне танчыць — пляцоўка будзе пустая. Дзе навучыцца танчыць, калі ніколі не спрабаваў? Як навучыцца размаўляць, калі баішся памыліцца? А як вучацца дзеці? Гэтак жа сама. А той, хто са злосцю тыцкае фразамі кшталту «ты на трасянке говоришь», сам наўрад ці пакажа прыклад. Такія людзі мала таго, што самі не размаўляюць, дык яшчэ імкнуцца забараніць іншым, прыдумваючы для гэтага самыя дзіўныя тлумачэнні».

    ...І вось у Ірыны Валаховіч перапынак. Карыстаючыся момантам, прадстаўляюся і дзякую ёй за мову. Дзяўчына з задавальненнем пагаджаецца адказаць на мае пытанні. Праўда, адразу ж выбачаецца за магчымыя памылкі, маўляў, практыкі мала, па-беларуску размаўляе толькі на працоўным месцы.

    — Адкуль ведаеце мову?

    — Са школы. Мне проста пашанцавала з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Працую на АЗС крыху больш як 2 гады. Калі ўладкоўвалася, усё тут было па-руску. А пасля вырашылі зрабіць беларускую мову абавязковай для аператараў. Спачатку, калі шчыра, была паніка. Але што рабіць — пачала ўспамінаць усё, што ведала. Моўныя курсы для нас ладзілі бясплатныя, гэта шмат чаго дало. Праўда, у выніку кіраўніцтва вырашыла пакінуць тры абавязковыя фразы на роднай мове. Але я за тыя паўгода так натрэніравалася, што і цяпер, як толькі станаўлюся за касу, быццам кнопка нейкая ўключаецца — размаўляю з кліентамі толькі па-беларуску. Трымаць сябе ў форме дапамагае старэйшая дачка, яна ходзіць у 6 клас. Вечарамі правяраю, як яна выканала дамашняе заданне па мове ды літаратуры, і сама адначасова вучуся.

    — Бывае, што і ў звычайным жыцці пераходзіце на беларускую мову?

    — Так, калі прыходжу дадому, магу штосьці сказаць па-беларуску. Муж злуецца, бо не разумее. Дзецям падабаецца. Меншая дачка ў садзік ходзіць, дык там нядаўна пачалі вывучаць беларускую мову. Пакуль, праўда, Насця ведае толькі асноўныя фразы «добрай раніцы», «дзякуй», «да пабачэння». Часам у краме магу штосьці спытацца па-беларуску, дык людзі глядзяць на мяне тады вялікімі вачыма.

    — А як кліенты рэагуюць на вашу беларускую?

    — Па-рознаму: нехта пасміхаецца, нехта правакуе… Але пазітыўнай рэакцыі значна больш. У нас стала больш беларускамоўных наведнікаў. Ім, напэўна, вельмі прыемна, што і на запраўках хтосьці ведае беларускую мову. Ёсць пастаянныя кліенты, якія хоць і размаўляюць па-руску, але прыхільна ставяцца да роднай мовы. Могуць прыйсці і сказаць «Дзе гэта наша «калі ласка»?» Многія з іх толькі да мяне становяцца ў чаргу, нават калі іншы аператар свабодны. Некаторыя пытаюцца: «Чаму іншыя на рускай, а вы на беларускай мове абслугоўваеце?» — «Бо я люблю сваю родную мову», — адказваю. Насамрэч і калегі мае стараюцца, проста ў іх не такі голас звонкі, як у мяне (смяецца). Калі стажоры прыходзяць, яны побач са мной становяцца і чуюць, як я размаўляю. І таксама пачынаюць: і «рубель», і «дзякуй», і «ваша рэшта».

    Такога, каб «не размаўляйце са мной па-беларуску. Я не хачу» — не было. Проста ёсць кліенты, якія не разумеюць — вы ж самі чулі — тады пераходжу на рускую. Многія, напрыклад, не ведаюць, што такое ялавічына. А тыя, хто ведае, націск няправільна ставяць. Я пачынаю выпраўляць: правільна не ялаві́чныя, а я́лавічныя. «А адкуль вы ведаеце, вы ж не настаўніца?» — «Таму што на моўных курсах выкладчыца сказала, што ў беларускай мове ёсць толькі слова я́лавічныя». Наступным разам прыходзяць і кажуць ужо правільна (усміхаецца).

    <hr />

    — Ці заахвочваеце вы неяк беларускамоўных супрацоўнікаў, каб у астатніх быў стымул удасканальваць родную мову? — пацікавіліся мы ў кіраўніка кампаніі АЗС А-100 Ган­ны Кра­соў­скай.

    — Сказаць, што мы асобны заробак плацім аператарам, якія размаўляюць па-беларуску, дык не. Бо ў нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы. Разам з тым жыццё — справядлівая штука. У межах праграмы ўдзячнасці мы ладзім асобныя ўнутраныя розыгрышы прызоў сярод супрацоўнікаў. На днях разыгрываўся вялікі тэлевізар. І што вы думаеце, з 579 паперак я выцягнула прозвішча менавіта таго аператара, які цудоўна размаўляе па-беларуску. У Ірыны Валаховіч вельмі шмат падзячных запісаў, яна рэальна заслужыла той тэлевізар.

    — Чаму вырашылі абмежавацца толькі трыма абавязковымі фразамі на роднай мове?

    — Стандартныя фразы «Вітаем вас», «Дзякуй» — гэта дастаткова лёгка. А калі кліент задаваў нейкія спецыфічныя пытанні, напрыклад, пра аліву для аднатактнага рухавіка (ці ёсць яна і для чаго падыходзіць?), зразумела, супрацоўнікам было вельмі цяжка. Яны ўпадалі ў ступар. І часам аддавалі перавагу маўчанню. У выніку мы змянілі падыход. Сышлі ад абавязалаўкі. Рэкамендуем аператарам абслугоўваць кліентаў па-беларуску, але не прымушаем. Пакінулі толькі тры фразы на беларускай мове: «Вітаем вас», «Дзякуй», «Прыязджайце да нас яшчэ». Яны з'яўляюцца абавязковымі і ўваходзяць у стандарт абслугоўвання. Плюс мы пакінулі беларускую мову ва ўсіх візуальных камунікацыях. Такім чынам пакрысе прывучаем людзей. Спадзяюся, што кліенты будуць з задавальненнем вучыцца беларускай мове, хоць бы вось гэткім апасродкаваным чынам. І вельмі хочам развіваць гэту ініцыятыву далей. У прыватнасці, цяпер працуем над новым праектам уніформы з беларускай сямейнай парай, якая стварыла брэнд Honar і шые вельмі якаснае стыльнае адзенне з нацыянальнымі матывамі на кожны дзень. Не сакрэт, што самы буйны гулец на рынку спецадзення — фіны — у іх кошты больш цікавыя. Можна было звярнуцца да іх, але мне, напрыклад, важна, каб мы падтрымалі менавіта сваіх ініцыятыўных людзей. Таму што тэма беларускасці — гэта не толькі мова. Гэта ў цэлым павага да краіны, у якой ты жывеш.

    — Ці шмат у кампаніі аператараў, якія абслугоўваюць кліентаў цалкам на беларускай мове?

    — Каля 15—18%. Што цікава, найбольш такіх на брэсцкіх запраўках. Я атрымліваю неймавернае задавальненне, калі з імі кантактую. Вядома, хацелася б, каб аператараў, якія маглі б падтрымаць размову на роднай мове, было больш. Але, самі разумееце, усё не так проста. Пераважная большасць зносін у краіне ідзе на рускай мове. І я зараз з вамі гавару па-руску, бо пакуль яшчэ, на жаль, мала людзей у нас добра валодаюць роднай мовай.

    — На свае вочы пераканалася, што практычна ўсе шыльды і надпісы на запраўках перакладзеныя на мову. Але ж інструкцыя на мыйні рускамоўная...

    — З гэтым таксама не ўсё проста. Калі чытаеш, напрыклад, тэхнічную інструкцыю па эксплуатацыі мыйні на беларускай мове — вельмі складана ўсё зразумець, нават калі ты вывучаў мову ў школе. Таму мы яе скарацілі, пакінулі толькі базавыя рэчы па-беларуску — уключыць, выключыць, запусціць. Пашыраная ж інструкцыя, сапраўды, вісіць на рускай мове.

    Можна, вядома, сказаць: «Гэта вашы праблемы, што не разумееце». Але я не лічу, што гэта правільна. Пакуль асноўная маса людзей размаўляе па-руску, мы павінны з гэтым лічыцца, паважаць выбар кожнага. Але пры гэтым не забывацца, што беларуская мова — наша родная.

    Автор: Надзея ДрындрожыкЗвязда

Комментарии (0)