20 Апреля, 2024 Суббота

Чытаем і размаўляем па-беларуску

  • 12 октября 2016 Общество Беларуская 0

    Беларуская лёгкаатлетка, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы Аліна Талай і акцёр, аўтар і вядучы любімай многімі гледачамі перадачы «Падарожжы дылетанта» Юрый Жыгамонт наведалі Пінск.

    Знакамітыя госці правялі спецыяльныя дадатковыя ўрокі беларускай мовы і літаратуры ў Пінску 5 кастрычніка. Заняткі адбыліся ў рамках адукацыйнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» – асветніцкай ініцыятывы, якая ахопіць 25 школ у кожнай вобласці краіны. Урокі сацыяльнай адукацыйнай ініцыятывы прайшлі ў гімназіі № 1 і сярэдніх школах № 3 і 10 г. Пінска.

    На дадатковых уроках госці размаўлялі са школьнікамі пра беларускую мову, літаратуру і культуру, правялі віктарыны і конкурсы. Аліна Талай распавяла, што з радасцю пад-трымала гэту сацыяльную ініцыятыву і спадзяецца, што да яе далучацца і іншыя спартсмены. Лёгкаатлетка прапанавала дзецям перакласці спартыўныя тэрміны з рускай мовы на беларускую, а Юрый Жыгамонт чытаў вершы і апавяданні беларускіх класікаў, загадваў загадкі, у займальнай форме распавядаў пра традыцыі і святы беларусаў. Дзеці ахвотна адказвалі на пытанні і, канешне, даведаліся шмат новага. Пасля ўрока школьнікі і настаўнікі маглі паразмаўляць з гасцямі, сфатаграфавацца і ўзяць аўтограф на памяць.

    – Сёння беларуская мова патрабуе таго, каб ёй надавалі больш увагі, неабходна, каб было больш беларускамоўных школ. Мова – душа народа. Таму толькі, калі мы будзем вучыць нашых дзяцей любіць родную мову, паважаць традыцыі, культуру, мы захаваем сваю нацыю. У рамках праекта мы наведалі шмат школ і пабачылі, што ў дзяцей ёсць цікавасць да беларускага слова, ім хочацца гаварыць на сваёй мове, – адзначыў Юрый Жыгамонт.

    Галоўная задача сацыяльнага адукацыйнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» – развіць цікавасць да беларускай мовы і культуры ў школьнікаў малодшых класаў і папулярызаваць чытанне на беларускай мове. За першы месяц навучальнага года спецыяльныя ўрокі беларускай мовы і літаратуры ўжо прайшлі ў шматлікіх школах і гімназіях Брэста, Кобрына, Баранавіч і Бярозы. У кастрычніку каманда арганізатараў і настаўнікаў праекта наведваюць Пінск і Лунінец.

    Плануецца, што сацыяльная адукацыйная ініцыятыва ахопіць у агульнай складанасці 150 школ па ўсёй Беларусі, і больш за 15 000 вучняў пачатковых класаў атрымаюць дадатковыя веды па беларускай мове, літаратуры і культуры.

    Автор: Наталья МилевскаяПолесская правда
    Теги: 

Комментарии (0)