У дзевяцігадовага маладзечанца Яраслава Селівона ўсяго пяць працэнтаў зроку. Хлопчык імкнецца быць такім, як усе. І мама яму ў гэтым дапамагае.
Левым вокам хлопчык бачыць сілуэт чалавека, прадмета і чорна-белыя адценні, хаця пры гэтым гаворыць, што яму падабаецца зялёны колер. Нарадзіўся ён абсалютна здаровым малышом, а ў чатыры гады трапіў у катэгорыю асаблівых дзяцей. Што за гэты час перажылі яго бацькі — вядома толькі ім адным.
Мы звычайная сям’я!
Маладзечанцы Людміла і Сяргей разам ужо больш за 10 гадоў. Яраслаў іх жаданы першынец. Як гаворыць мама, да трох гадоў з ім амаль не было ніякіх клопатаў. Толькі яму споўнілася два, як бацькі ўжо чакалі папаўненне. Яны заўсёды марылі пра сына і дачку. Але неўзабаве Яраслаў захварэў на вятранку, якая дала цяжкія ўскладненні. І з гэтага часу ў сям’і ўстанавіўся новы расклад: дзень-два — дома, месяцы – у бальніцы. І так на працягу шасці гадоў.
— Урачы нам гаварылі, што такія выпадкі, як наш, бываюць адзін на сто тысяч, — гаворыць Людміла. — Пакуль праводзілася дыягностыка, няўмольна імчаў час, а разам з ім прападаў зрок. За год сын практычна аслеп. А за апошнія шэсць перанёс шэсць аперацый. Невыносна, калі дзіця і днём і ноччу крычыць ад таго, што яму баляць вочы. Гэта быў адзіны момант на працягу нашай працяглай размовы, калі Людміла ледзь стрымала слёзы.
— Яраслаў адчувае мой настрой нават па кроках, — працягвае мама. – А наогул мы звычайная сям’я! Любім разам бавіць час дома і на дачы, у кожнага з нас свае абавязкі па гаспадарцы.
Шмат у сям’і цікавых гісторый. Напрыклад, калі Яраславу было тры гады, а дачцэ Ірыне – два, мы даведаліся аб тым, што ў нас зноў чакаецца папаўненне. Нашу Марыйку ўрачы доўга не маглі «рассакрэціць». Выявілі цяжарнасць толькі на 14-м тыдні.
У краіне гукаў і адценняў
Яраслаў, Ірынка і Марыйка не ведаюць аб тым, што іх бацькі прачынаюцца вельмі рана. Іх дзень пачынаецца ў пяць гадзін раніцы, а заканчваецца бліжэй да поўначы. Тата працуе мантажнікам на будоўлі жылых дамоў у Мінску. Мама вядзе хатнюю гаспадарку. Сын вучыцца ў школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку, дочкі – у СШ №11. Акрамя гэтага, Яраслаў займаецца ў сектары практыкі ў музычным каледжы імя М.К. Агінскага, Ірына – ва ўзорным харэаграфічным ансамблі «Сонечныя праменьчыкі» Палаца культуры, Марыя – у секцыі спартыўнай гімнастыкі СДЮШАР прафсаюзаў. Жыве дружная сям’я ў мікрараёне «Усходні» і пакуль дарога да школы і гурткоў для іх складаная. Маці было б прасцей развозіць дзяцей на ўласным аўтамабілі, у яе нават правы ёсць. Але такая пакупка для сям’і вельмі дарагая. Шмат грошай ідзе на лячэнне Яраслава. Бясплатныя лекі, якія ў такіх выпадках прадугледжаны дзяржавай, яму не падыходзяць.
Хлопчык імкнецца быць такім, як усе. І мама яму ў гэтым дапамагае. Нават хатнія справы давярае. Яраславу найбольш падабаецца мыць посуд. Людміла падрабязна расказвае сыну пра навакольны свет. Ён ведае, што дрэвы зялёныя, а сонца жоўтае, што цвёрды яблык – гэта добры ўраджай, а мяккі трэба выкідаць… Хлопчык з лёгкасцю на слых вызначае, калі едзе легкавы ці грузавы аўтамабіль, тралейбус або трамвай, пасажырскі ці грузавы поезд.
Людміла асвоіла шрыфт Брайля, запісалася ў сталічную спецыялізаваную бібліятэку. І ўсё для таго, каб размаўляць з сынам на агульнай мове, дапамагаць яму з урокамі. Яна нават навучыла яго іграць у шашкі – у гэтай жа гульні чорна-белыя колеры, якія ён адрознівае, толькі дошка і фігуры ў тры разы большыя за звычайныя.
— Знайсці цацкі для невідушчага дзіцяці ці з паслабленым зрокам – задача няпростая. Яны павінны быць асаблівымі, каб было зразумела навобмацак, што трымаеш у руках. Аднойчы мне пашанцавала трапіць на кубік Рубіка, прыкладна ў чатыры разы большы за стандартны. Безумоўна, я купіла яго і навучыла сына складаць адзін бок, — гаворыць усмешлівая Людміла.
А яшчэ яны разам з Яраславам прыдумалі сваю мову жэстаў. Напрыклад, аб перашкодах на шляху мама паведамляе пэўным націскам сваёй далоні на сынаву.
— Я імкнуся да таго, каб Яраслаў змог абыходзіцца без мяне, — гаворыць Людміла. – Пакрысе ён рыхтуецца да самастойнага паходу ў прадуктовы магазін, які знаходзіцца недалёка ад нашага дома. Сын неаднойчы вымяраў крокамі гэты шлях ад дзвярэй кватэры. Ведае, дзе трэба павярнуць направа або налева.
Самастойную прагулку каля пад’езда яны практыкавалі ўжо. Праўда, Людміла ўвесь час назірала за сынам з акна. У цёплую пару года дадатковым арыенцірам для Яраслава служыць клумба, якую Людміла стварыла сама і даглядае яе разам з дзецьмі.
Чорна-белая музыка
Апошнім часам Яраслаў захапіўся музыкай. Калі мама зразумела, што ў яго тонкі слых, прывяла ў мясцовы каледж імя М.К. Агінскага. Хлопчык займаецца па класе баяна. Яму вельмі падабаецца іграць вясёлыя кампазіцыі, асабліва польку. Ён наогул весялун і жартаўнік. У Яраслава ёсць свае нотныя сшыткі. Іх прыдумала мама. Яна робіць вялікія старонкі з некалькіх лістоў фармату А4. Разлінейвае на іх чорна-белы нотны стан, каб сын меў уяўленне аб ім. Як сапраўдны музыкант, ён бярэ ў рукі інструмент, а побач кладзе ноты, хаця яму яны і не патрэбныя. Музыку Яраслаў вучыць на слых. Таксама на слых засвойвае тэарэтычны матэрыял, што выкладаюць настаўнікі на ўроках і начытвае дома мама.
— Спецыялізаванай літаратуры па музыцы, напісанай шрыфтам Брайля, у нас няма, — шкадуе субяседніца. — З такімі падручнікамі і дапаможнікамі многія дзеці і дарослыя, якія маюць праблемы са зрокам, маглі б хутчэй адкрыць для сябе краіну музычных гукаў.
Яраславу вельмі падабаецца слухаць, як іграе аркестр. Хлопчык на слых пазнае гучанне таго ці іншага інструмента. А мама расказвае, як яны выглядаюць. Таксама ён любіць бываць на спектаклях, слухаць мульцікі. З маленства яго вабіць прырода (напэўна, таму і любімы колер зялёны). У захапленні Яраслаў і ад наведвання заапарка ці дэльфінарыя. На слых ён адрознівае абсалютна ўсіх жывёл.
Простыя мары
— У нашай краіне вельмі не проста людзям, якія маюць праблемы са зрокам, і наогул тыя ці іншыя фізічныя абмежаванні. Многія ў грамадстве не прымаюць «не такіх» — неаднойчы даводзілася адчуваць гэта. Ды і ў плане безбар’ернага асяроддзя ёсць над чым працаваць.
Людміла і Сяргей не скардзяцца на жыццё і дапамагаюць дзецям ажыццяўляць мары. Ірына марыць стаць поварам, Марыя – настаўніцай матэматыкі, а Яраслаў – біёлагам. Ён хоча разабрацца ў таямніцах прыроды і навучыць іншых берагчы яе.
Самыя простыя і адначасова складаныя мары ў іх мамы, якой вельмі хочацца, каб дзеці з асаблівасцямі развіцця мелі роўныя магчымасці, каб яны радавалі сваіх бацькоў, а бацькі не пасавалі перад цяжкасцямі.

Комментарии (0)