24 Апреля, 2024 Среда

Першы раз у новы клас

  • 21 октября 2016 Общество Беларуская 0

    Кажуць, усё новае — гэта добра забытае старое. Яно, мабыць, і так, але ў з нуля пабудаванай Нарацкай СШ №2 з мінулага засталіся хіба толькі традыцыі. Ды густ дырэктара навучальнай установы Генадзія Крыштафовіча, з якім так удала аформлены кожны квадратны сантыметр узведзенай “альма-матэр”. 

    Дарэчы, інтэр’ер новай купскай школы прадуманы да дробязей і з улікам тых самых чужых памылак, на якіх звычайна вучацца. Вось і Генадзій Віктаравіч, перакананы ў павучальнасці чужых няўдач, неаднойчы ездзіў у Астравец (там узведзена такая ж школа), каб на стадыі будаўніцтва “разабрацца” з магчымымі недахопамі. Такім чынам у школы-блізняткі з Нарачы з’явіліся свае адметныя рысы. Яна  больш яркая — як знаўца дзіцячых душ, Генадзій Віктаравіч вырашыў аформіць усё у смачна-пахучых адценнях. І ўжо сёння тая ж актавая зала ў дружнай сям’і навасёлаў вядома пад паролем “чарнічны ёгурт”. Кожны квадратны метр нарацкай школы набыў практычнасць — не на адным з трох паверхаў новабудоўлі не засталося адведзеных невядома для чаго цёмных пакояў. Кожны клас “загаварыў” — у прыватнасці, пра тое, што зайшоў у кабінет беларускай мовы і літаратуры, з парога кажуць выявы-габелены айчынных песняроў.

    — Наша школа — унікальная, — зазначае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Куцко. — І не толькі таму, што яна НАША, а ўсім сваім выглядам навучальная ўстанова дае зразумець, што не такая як усе. Яна збочвае выпадковых прахожых, яна вабіць журналістаў, яна натхняе вучняў і педагогаў. Яна ўражвае! І падзівіцца ў нас насамрэч ёсць чаму. Школа абсталявана 51 камерай відэаназірання — такім чынам бяспека не наладжана, напэўна, нават на самым ахоўваемым аб’екце раёна. На яе тэрыторыі функцыянуе зайздросная колькасць спартыўных пляцовак, у тым ліку футбольнае поле, — у такіх умовах інакш як новых Пеле і Раналдо не выхаваць. Кожны паверх нашай школы афарбаваны ў пэўны колер, і ўвогуле створаны ўсе ўмовы-арыенціры, каб у ашаламляючай прасторы адчуваць сябе як рыба ў вадзе. Удосталь пітных фантанаў. Ёсць трэнажорная зала, якая працуе ў шосты вучэбны дзень і тым самым значна павысіла яго наведвальнасць. Асаблівы наш гонар — актавая зала. Зараз усе школьныя святы становяцца сапраўднымі шоу — са светлавымі і тэхнічнымі эфектамі. І ўвогуле ўсё наша жыццё сёння расквечана новымі фарбамі — яркімі, смелымі, тымі, што адпавядаюць часу! Дарэчы, вялікі дзякуй усім, хто прыклаў сваю руку да нашых сцен, акон, падлог… хто дапамог справіцца з апошнімі прыгатаваннямі, каб 1 верасня ў курортным пасёлку адбылася падзея.

    Зрэшты, што хадзіць кругом ды вокал. Самая што ні на ёсць праўда — у вуснах дзіцяці. Няхай яны і раскажуць, якая іх установа адукацыі. Як-ніяк, не першы дзень у школу ходзяць…

    Мікіта ЯРАШЭВІЧ, 1 “А” клас:

    — Зараз і я ведаю, што такое школа. Гэта вялізны, прыгожы будынак, куды хочацца ісці і адкуль не хочацца выходзіць. Гэта новыя сябры і добрая настаўніца. Гэта цікавыя ўрокі і вясёлыя перапынкі. А яшчэ гэта… шырокая лесвіца, па якой так хочацца пабегаць, але прыстойным вучням гэтага рабіць нельга. Так кажа настаўніца…

    Софія ЯВОРСКАЯ, 1 “А” клас:

    — Наша школа — лепшая ў свеце. А сябры, з якімі я тут пазнаёмілася, — самыя лепшыя на планеце. Яшчэ ў нашай школе самыя смачныя абеды і самыя… прыгожыя настаўнікі.

    Аляксандра СЦЯПАНАВА і Арцём АМЕЛЬЯНОВІЧ, 2 “Б” клас:

    — Нам, другакласнікам, параўнаць новую школу ёсць з чым. Мы год правучыліся ў “старым” будынку. І хоць тая школа таксама была прыгожая — гэта падабаецца больш. Яна ж новая! Шкада толькі, што пабегаць вакол школы пакуль нельга так, як хацелася б. Растуць газоны…

    Ульяна КУРКУЛЬ, 5 “А” клас:

    — “Фішкай” нашай школы асабіста я лічу акенцы на трэцім паверсе, з якіх можна “падгледзець”, што адбываецца ў спартыўнай зале. Такое адчуванне, што знаходзішся перад экранам тэлевізара — а насамрэч з боку назіраеш  за спартыўнымі поспехамі і няўдачамі сяброў-аднагодкаў.

    Аляксандра БАБРОВІЧ, 6 “А” клас:

    — Новая школа ўсім нам прыйшлася даспадобы: прасторная, утульная, яркая. У кожнага класа з’явілася свая раздзявалка, у спартыўнай зале — баскетбольная сетка і футбольныя вароты, у вучэбных кабінетах — інтэрактыўныя дошкі. Наша школа стала “мясцовай знакамітасцю”, і ў нас  вельмі часта бываюць карэспандэнты з газет і тэлеканалаў. Дарэчы, гэта нам таксама вельмі падабаецца.

    Вераніка ВАЛАЙ і Алёна НІКАЛАЁНАК, 10 “Б” клас:

    — Наша школа — супер-сучасная і гэта яе самы важкі плюс! Нам, сведкам тэхнічнай рэвалюцыі, вельмі прыемна ісці ў нагу з часам і дзесьці нават даганяць прагрэс.  Мы шчыра ганарымся, што займаемся ў адной з самых шыкоўных школ рэспублікі, і стараемся адпавядаць не толькі часу, але і званню “найлепшы”. На карысць вучобе і самаадчуванню, здаецца, пайшоў і той факт, што мы сталі займацца ў першую змену. Да лепшага адбылося і “аб’яднанне” малышоў і старшакласнікаў: зараз дружную школьную сям’ю не раздзяляюць ні гады, ні адлегласці.

    Цікава, а што думаюць пра новабудоўлю педагогі?

    Кацярына Канстанцінаўна ЖУРАЎЛЁВА, настаўніца замежнай мовы:

    — Асабіста для мяне, як для выкладчыка замежнай мовы, цудоўным падарункам да новага працоўнага года стаў лінгафонны кабінет. Адразу скажу, інтарэс дзяцей да вывучэння майго прадмета вырас у разы. Яшчэ б! Зараз жа на сталах камп’ютары — а што можа быць больш цудоўным для сучаснага вучня?.. Хаця і я на баку гаджэтаў. Апаратура дазваляе стварыць аптымальныя ўмовы для самастойнай работы школьнікаў. А ў барацьбе за моцныя веды і дастойную будучыню нашых дзяцей, як кажуць, усе сродкі добрыя. У тым ліку, і тэхнічныя. Хаця падручнікі ў бок мы таксама не адпіхваем. Без іх, вядома, анікуды.

    Святлана Рышардаўна Ярашынская, настаўніца абслугоўваючай працы:

    — Раней жыла і працавала  ў Мінску. Пасля пераезду “на курорт” дакладна вызначылася, што калі і буду працаваць — то толькі ў новай школе: вельмі ўжо спакуслівымі былі размовы пра яе. І вось я на працоўным месцы. Сказаць, што задаволена — не сказаць нічога. Мая (інакш ужо назваць не магу) нарацкая школа ані не горшая за сталічныя. А якія тут майстэрні! Асобна — кулінарная, асобна — па апрацоўцы тканіны, металу, драўніны… Упэўнена, са сцен гэтай школы выйдуць не толькі разумныя, але і вельмі працавітыя маладыя людзі — сапраўдныя гаспадары і гаспадыні!

    Валянціна Станіславаўна ШПАКОЎСКАЯ, класны кіраўнік 6 “А” класа:

    — Вось ужо 34 гады крочу дарогай педагога. Пры гэтым пераважную большасць з іх — па адным і тым жа адрасе: курортны пасёлак Нарач, вуліца Ленінская, дом 23. Гэта сёння былы будынак школы мы з лёгкасцю ў сэрцы называем “старым”. А яшчэ некалькі месяцаў таму і ўявіць не маглі, як расстанемся з абжытай  “альма-матэр”. Гэта як пакінуць бацькоўскую хату, дзе набіраўся вопыту, станавіўся на крыло. Дзе хоць і цесна, але ўтульна. Дзе штосьці і не да месца, але з душой… Так было ўчора. А сёння мы з гонарам крочым на Кастрычніцкую: па новым адрасе — у новую школу! Пры гэтым ідзём у нагу з часам і не маем права пахіснуцца — вельмі ўжо сучасная наша ўстанова адукацыі. Зрэшты, асабіста я азірацца ў мінулае патрэбы не адчуваю. Сёння не ўяўляю сваёй працы без камп’ютара і інтэрнэта і шчыра лічу, што час ідзе чалавецтву толькі на карысць. За выключэннем, мабыць, узросту, але і яго дзякуючы штодзённым зносінам з дзецьмі можна адкарэкціраваць. Праўда, ёсць адно пажаданне, якое падрастаючаму пакаленню  выказваю ледзь ні штодзень: друкаванае слова ні сякерай, ні камп’ютарнай мышкай не выдаліш. Ды і сама кніга навобмацак куды больш прыемная за апаратурны пластык. Таму не забывайце, што існуюць бібліятэкі, і больш чытайце, сябры! І тады новая школа будзе ганарыцца вамі яшчэ больш!

    P. S. Падчас узвядзення новай школы ў пасёлку якіх толькі размоў не хадзіла. І што нявечная, і што недарэчная… І тым не менш сёння любові юных нарачанцаў да сваёй установы адукацыі можна шчыра пазайздросціць, а іх імкненню да вучобы толькі падзівіцца. Кажуць, што паспяховасць і наведвальнасць у школе ў параўнанне з мінулымі гадамі насамрэч вырасла… Засумаваў хіба толькі вахцёр. І тое жартам: “Раней з кожным вучнем і настаўнікам штодня твар у твар сутыкаўся, інакш прайсці было нельга. А зараз віруюць усе па шырачэзных калідорах — і пагаварыць няма з кім…”. 

    Падрыхтавалі Юлія КАЗЛОВА і Аляксандр ВЫСОЦКІ (фота).

    Автор: Юлія КАЗЛОВАНарачанская зара
    Теги: 

Комментарии (0)