27 Апреля, 2024 Суббота

"На гэтай нам дадзенай Богам зямлі..."

  • 24 октября 2016 Общество Беларуская 0

    450-годдзе Лучнікоў адзначылі ў мінулыя выхадныя

    Надвор’е спрыяла святочнаму настрою. Каля цэнтра культуры збіраліся лучнікоўцы. І што  адметна, вельмі многа маладых бацькоў з маленькімі дзеткамі. Іх, малых, было, бадай, больш за ўсіх. Будучыня...

    І для гэтай будучыні ёсць што пакінуць прадстаўнікам старэйшых пакаленняў.  З 2005 года Лучнікі – аграгарадок, з добра развітай інфраструктурай, жыллёвым комплексам. А як і з чаго ўсё пачыналася, можна даведацца ў музеі, які размешчаны на другім паверсе Лучнікоўскага цэнтра культуры.

    Першае ўпамінанне пра Лучнікі – у «Інвентары горада і княства Слуцкага і Капыльскага, у годзе 1566 напісаным». Праўда, назва крыху даўжэйшая – Лучніковічы. Праз паўстагоддзя гэта ўжо Лучнікі. Яшчэ праз гадоў 50 – 60 тут з’явіліся выбранцы, якія служылі ў Слуцкім гарнізоне князёў Радзівілаў. К 1693 году, калі Лучнікі называюць ужо вёскай, усе яе жыхары  нясуць «выбранецкую службу» са зброяй. Выбранцы – людзі адметныя, вольныя, моцныя, яны валодалі асаблівымі правамі, якія настойліва абаранялі пры неабходнасці...

    І дагэтуль на лучнікоўскай зямлі жывуць слаўныя людзі, нашчадкі мужных абаронцаў Радзімы. Памяць пра аднавяскоўцаў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, беражліва захоўваюць у  лучнікоўскім музеі. Цяжкія часы адраджэння з руін вёскі і гаспадаркі, першыя поспехі, маштабныя дасягненні калгаса «Ленінскі шлях», фотаздымкі славутых землякоў – таксама ў музеі, створаным па ініцыятыве Мікалая Ільіча Васілевіча.  Вёска Лучнікі апошнія амаль паўстагоддзя нязменна асацыіруецца з іменем гэтага чалавека, былога старшыні знакамітага на ўвесь Савецкі Саюз калгаса «Ленінскі шлях», Ганаровага грамадзяніна Слуцкага раёна.

    – Я шчаслівы, што працаваў і жыву на гэтай зямлі. Якія людзі ў нас! Многім з іх дасталіся самыя цяжкія гады. Мы дасягнулі вельмі высокіх поспехаў дзякуючы іх працавітасці,  добрасумленнасці. Лучнікі першымі ў раёне атрымаі статус аграгарадка. Тут  ёсць неабходныя ўмовы для жыцця:  дзіцячы сад і школа, амбулаторыя, аддзяленне сувязі, гандлёвы цэнтр, дзіцячая школа мастацтваў, цэнтр культуры, газіфікаваны жыллёвы фонд і іншае. Вельмі хочацца, каб Лучнікі квітнелі, а лучнікоўцы захоўвалі пераемнасць, умацоўвалі і развівалі найлепшыя  традыцыі папярэдніх пакаленняў, – гаворыць М.І. Васілевіч.

    Каб памяць пакаленняў як мага далей захоўвала слаўныя старонкі гісторыі Лучнікоў, акрамя стварэння музея была выдадзена кніга да 80-годдзя гаспадаркі «Зямля бацькоў – зямля святая». Абедзве падзеі не абышліся без удзелу Валянціны Сцяпанаўны Відлогі і Фёдара Мікалаевіча Корзуна, ураджэнцаў Лучнікоў, якія па крупінках з дапамогай іншых аднавяскоўцаў збіралі матэрыялы.

    Урачыстасць з нагоды 450-годдзя вёскі сабрала поўную залу лучнікоўцаў і гасцей. У фае цэнтра культуры ладзілі выстаўкі: фотаздымкі мінулых гадоў, конкурс дзіцячых малюнкаў «З любоўю да роднай вёскі», конкурсныя работы  «Асенні букет» клуба аматараў кветкаводства «Фларыяна» Лучнікоўскай бібліятэкі-філіяла, арыгінальныя вырабы мясцовых майстрых, творчыя работы школьнікаў і іншае. Відэапрэзентацыя нагадала старонкі гісторыі.

    Людзі – вось галоўнае багацце лучнікоўскай зямлі. Гэта гучала лейтматывам усіх выступленняў падчас урачыстага мерапрыемства. Мэтанакіраванасць, працавітасць лучнікоўцаў, іх любоў да роднай зямлі – складаемыя тых поспехаў, якіх дасягнулі ў калгасе «Ленінскі шлях», а сёння – СВК «Аграфірма «Лучнікі». Усё, што маюць сёння жыхары аграгарадка, усё, чым ганарацца, створана імі і іх продкамі.

    Старшыня Сяражскага сельвыканкама Міхаіл Аляксандравіч Сакалоўскі вітаў усіх прысутных. Ён узгадаў першых кіраўнікоў гаспадаркі, выказаў падзяку ветэранам працы: Лідзіі Мікалаеўне Дзярэчы, Валянціне Рыгораўне Савановіч, Аляксандры Маісееўне Даніловіч, Ніне Анастасьеўне  Вежнавец, Аляксандру Аляксандравічу Лінніку, Тамары Дзмітрыеўне Мятле, Зоі Мяфодзьеўне Кароль, Міраславу Уладзіміравічу Мятле, Анатолію Ціханавічу Пужэвічу, Мікалаю Фёдаравічу Валасачу, Міхаілу Яўгенавічу Жоглу і многім-многім іншым. Цаніць і прымнажаць тое, што ўжо створана, і імнкнуцца да далейшага росквіту Лучнікоў – задача цяперашніх і будучых пакаленняў вяскоўцаў.

    Віншавалі са святам Мікалай Ільіч Васілевіч, епіскап Слуцкі і Салігорскі  Антоній, былы старшыня СВК «Аграфірма «Лучнікі» Барыс Барысавіч Клешчукевіч  перадаў сардэчнае прывітанне і словы падзякі ад старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Віктаравіча Даманеўскага. Настаяцель лучнікоўскага Свята-Мікалаеўскага храма протаіерэй Міхаіл Вейга падарыў ікону свяціцеля Мікалая. Іван Сяргеевіч Жогла, старшыня савета ветэранаў гаспадаркі, прачытаў свой верш да юбілею вёскі. Старшыня СВК «Аграфірма «Лучнікі» Васілій Пятровіч Статкевіч пажадаў вяскоўцам клапаціцца пра сваю зямлю, дабрабыт якой дасягнуты агульнымі намаганнямі ўсіх пакаленняў.

    Творчыя падарункі аднавяскоўцам прадставілі народны ансамбль песні і танца «Слуцкія паясы» (кіраўнік Васіль Яфімавіч Шусцікаў), навучэнцы Лучнікоўскай дзіцячай школы мастацтваў і Лучнікоўскай сярэдняй школы, артысты-аматары Слуцкага гарадскога дома культуры.

    Па традыцыі ўшанавалі ўдзельнікаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Памятнымі падарункамі адзначылі самую маладую і самую сталую сем’і, самага маленькага і найстарэйшага жыхароў вёскі, самую багатую дзецьмі сям’ю, лепшую майстрыху. Для маладых пар арганізавалі конкурс са спартыўнымі, кулінарнымі і іншымі спаборніцтвамі. Дзяўчынкі прадставілі мадэлі сукенак у конкурсе «Залатая восень». Святочная атмасфера панавала і на пляцоўцы каля цэнтра культуры. Тут былі забаўляльныя атракцыёны, гучала музыка. А на стадыёне за цэнтрам культуры можна было палюбавацца на цудоўных коней, майстэрства выездкі прадэманстравалі навучэнцы Старобінскага конна-спартыўнага клуба.

    450 гадоў гісторыі – гэта дзевяць пакаленняў, дзясяткі тысяч жыццяў, лёсаў, агульных радасцей, выпрабаванняў, перамог, поспехаў. Якімі будуць наступныя дзесяцігоддзі і стагоддзі Лучнікоў і лучнікоўцаў? Самымі шчаслівымі, калі да гэтага будзе імкнуцца кожны.

    НА ЗДЫМКАХ: Б.Б. Клешчукевіч, В.П. Статкевіч, М.І. Васілевіч; педагогі Лучнікоўскай СШ; народны ансамбль «Слуцкія паясы».

    Автор: Ірына МІРГАРАДАВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)