27 Апреля, 2024 Суббота

Анестэзіёлаг Сяргей Варонін: "Я веру ў жыццё…"

  • 24 октября 2016 Общество Беларуская 0

    За больш чым 30-гадовую практыку анестэзіёлага Сяргея Вароніна яму ніхто не прызнаваўся ў тым, што бачыў святло ў канцы тунеля. Урач упэўнены, што пасля перажытага пацыенты па-іншаму ўспрымаюць свет і пачынаюць яшчэ больш любіць жыццё.

    Старт у прафесію

    Многія хворыя, якіх лечыць Сяргей Васільевіч, наогул не ўмеюць гаварыць, бо яшчэ зусім маленькія. 26 гадоў ён працуе ў мясцовай дзіцячай бальніцы, апошнія пятнаццаць загадвае аддзяленнем анестэзіі і рэанімацыі.

    З юнацтва Сяргей марыў стаць педыятрам. Трэба сказаць, што ў гэтай сферы працуе нямнога мужчын. А спецыялізацыя анестэзіёлага адна з самых адказных. Ён ніколі не шукаў для сябе лёгкага шляху. Ім кіруе любоў да дзяцей. Яшчэ трэцякурснікам сталічнага медуніверсітэта Сяргей падпрацоўваў у аддзяленні рэанімацыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай хірургіі.

    А свой самастойны шлях у прафесію пачынаў пасля ВНУ раённым педыятрам у Касцюковічах, што на Магілёўшчыне. Гэты край пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У зоне абслугоўвання маладога ўрача былі пацыенты, якія жылі на тэрыторыі з забруджанасцю 40 кюры і вышэй.

    — Даводзілася праводзіць мноства асветніцкіх мерапрыемстваў з насельніцтвам, тлумачыць меры перасцярогі і наогул вучыць, як жыць у такіх умовах, — успамінае той час Сяргей Васільевіч. – Але людзі не заўсёды прыслухоўваліся да парад урачоў. Ды і як іх было адвучыць ад натуральнай гаспадаркі? Яны жылі ёю…

    Талісман здароўя

    З цягам часу даволі вопытны спецыяліст вярнуўся ў роднае Маладзечна і пачаў працаваць педыятрам у дзіцячай бальніцы. У канцы 1990-х імкліва развівалася анестэзіялогія, але не хапала вузкіх, сказаць больш правільна, штучных спецыялістаў. Самі медыкі гавораць, што анестэзіёлаг павінен ведаць больш і лепш за ўсіх, хто працуе ў камандзе.

    — Менавіта ў камандзе, — звяртае ўвагу Сяргей Васільевіч. – Толькі разам можна дасягнуць найлепшага эфекту правядзення аперацыі.

    У трыццаць ён зноў стаў студэнтам — паехаў вучыцца на анестэзіёлага ў Казанскі медуніверсітэт. Дзеля «сваёй малышні» (так з бацькоўскай цеплынёй урач называе пацыентаў) Сяргей Васільевіч гатовы надоўга затрымлівацца на рабоце, калыхаць іх, гуляць, чытаць казкі і знаходзіць неабходныя словы, каб заспакоіць.

    Старэйшых дзяцей і падлеткаў на пазітыўны лад настройвае не толькі шчырая ўсмешка доктара, але і… медыцынская шапачка. Галаўны ўбор у Сяргея Васільевіча асаблівы – з вясёлым дзіцячым малюнкам. Гэта падарунак дачкі, якая, дарэчы, таксама працуе педыятрам. А ў кішэнях халата доктара Вароніна заўсёды ёсць цукерка або цацка – іх юныя пацыенты забіраюць з сабой як талісман на здароўе.

    На мяжы

    Абывацелі памыляюцца, калі думаюць, што задача анестэзіёлага ў тым, каб зрабіць хвораму ўкол, а калі той засне, хірург зоймецца аперацыяй.

    — На самай справе, неабходна вывучыць гісторыю захворвання, аналізы, унесці карэктывы ў стан пацыента, каб ён найбольш лёгка перанёс умяшанне. Анестэзіёлаг нават мае права адмяніць аперацыю. Такое таксама было ў практыцы, — тлумачыць тонкасці сваёй справы доктар Варонін. – Калі пацыент знаходзіцца пад наркозам, менавіта анестэзіёлаг праводзіць і кантралюе інтэнсіўную тэрапію: назірае за работай сэрца, нырак, лёгкіх. Ад так званага «ўзлёту» да «пасадкі» несвядомага хворага ўся жыццядзейнасць яго арганізма пад пільным кантролем анестэзіёлага. Ты практычна жывеш за яго.

    Безумоўна, на дапамогу сучасным медыкам прыходзяць камп’ютарныя тэхналогіі. Але іх трэба дасканала ведаць, каб правільна прымяніць. Цяпер аператыўнае лячэнне скіравана на тое, каб максімальна захаваць здароўе пацыента і каб рэабілітацыйны перыяд быў больш хуткім, лёгкім. І маладзечанскія ўрачы асвоілі лапараскапію.  

    У кожнай бальніцы акрамя планавых аперацый праводзяцца экстранныя. Калі лёс пацыента вырашаюць мінуты, медыкам неабходна імгненна сарыентавацца ў сітуацыі.

    — Самае складанае ў маёй рабоце — гаварыць бацькам, што медыцына бяссільная і выратаваць іх дзіця немагчыма… — з камяком у горле гаворыць урач. – Перажываю такія моманты як асабістую страту.

    Такіх выпадкаў у яго рабоце, дзякуй Богу, было няшмат. Але Сяргей Васільевіч да дробязей памятае кожны з іх.

    Шмат гадоў таму жудасная трагедыя адбылася з падлеткамі ў Насілаве. Брат нанёс сястры шматлікія раненні з пугача. Больш за шэсць гадзін брыгада медыкаў, у складзе якой быў і анестэзіёлаг Варонін, змагаліся за жыццё дзяўчынкі. Але яна не выжыла.

    Па абавязку службы Сяргею Васільевічу даводзіцца выязджаць у Вілейскі, Валожынскі, Мядзельскі раёны. На базе нашай дзіцячай бальніцы створаны міжраённы перынатальны цэнтр другога ўзроўню. Бацькі юных пацыентаў заўсёды спадзяюцца на ўрачоў, як на выратавальнікаў. Але Сяргей Васільевіч па-філасофску гаворыць, што найперш верыць у само жыццё…

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Ірына РАБУШКА.Маладзечанская газета

Комментарии (0)