28 Марта, 2024 Четверг

Даўжнікоў становіцца больш…

  • 25 октября 2016 Общество Беларуская 0

    Служба прымусовага выканання пакаранняў у сістэме Міністэрства юстыцыі з’яўляецца самай маладой службай, яна раней уваходзіла ў структуру судоў, пакуль у лістападзе 2013 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №530 не была створана адзіная сістэма органаў прымусовага выканання з уключэннем у яе склад судовых выканаўцаў агульных і гаспадарчых судоў. З 1 студзеня 2014 года гэта асобная структура, якая займаецца прымусовым выкананнем судовых пастаноў і іншых выканаўчых дакументаў. Гэтай няпростай работай у нашым раёне займаецца невялікі калектыў з 12 чалавек, узначальвае аддзел Аляксей Стэцко (на здымку), з якім сустрэўся супрацоўнік “ІВ”.

    – Аляксей Генадзьевіч, работа “па выбіванні” даўгоў вельмі няпростая, а калектыў ваш у большасці – жаночы…

    – Калектыў сапраўды жаночы, невялікі, але дружны, зладжаны, як кажуць, сплаў маладосці і вопыту. А работы ў судовых выканаўцаў вельмі многа. Вось некалькі лічбаў: калі ў 2014-м годзе на выкананне судовым выканаўцам паступіла 9 894 дакументы, то ў 2015-м — 13 616, за 9 месяцаў 2016-га – 11 389. У сярэднім на шэсць судовых выканаўцаў у месяц паступае каля 200 выканаўчых дакументаў – і паказчык гэты толькі расце! За кожным выканаўчым дакументам – асобны чалавек, патрэбен індывідуальны падыход да яго, важна дасканала вывучыць  сітуацыю, пазнаёміцца з умовамі пражывання, крыніцай даходаў грамадзяніна… Наша работа не кабінетная.

    – А хто гэтыя людзі, каму прыходзіцца плаціць па рашэнні судоў?

     – На жаль, асноўны кантынгент людзей, з кім нам даводзіцца працаваць, гэта людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, часта трапляюць “на аловак” міліцыянера. Празмернае ўжыванне алкаголю – біч нашага грамад-ства. Паважаныя грамадзяне! Не забывайце, што за знаходжанне ў нецвярозым стане і за распіццё алкагольных напояў у грамадскіх месцах прадугледжаны сур’ёзныя штрафы… Не магу не ўзгадаць аднаго “рэкардсмена”, жыхара Івацэвічаў, які завінаваціўся каля 600 мільёнаў недэмінаваных рублёў. Такія даўгі, думаецца, яму прыйдзецца аддаваць усё жыццё. Сярод даўжнікоў і юрыдычныя асобы, сельгаспрадпрыемствы…– Як чалавек становіцца даўжніком?– Пра асацыяльных грамадзян, якія не сябруюць з законам, я ўжо гаварыў… Але насцярожвае яшчэ, што пэўная катэгорыя нашых грамадзян зусім не здольная цвяроза ацэньваць свае фінансавыя магчымасці. Людзі набываюць у гандлёвых кропках тэлефоны, мэблю, посуд, заключаюць дамовы, дзе ім прадпісаны ўмовы пагашэння доўгу. Але далёка не ўсе пагашаюць. Ствараецца ўражанне, нібыта некаторых нашых грамадзян цікавіць толькі пакупка, напрыклад, дарагога тэлефона, а атрымаўшы “цацку”, яны губляюць цікавасць да іншых “нюансаў”, “забываюць”, што трэба разлічыцца за пакупку. Хачу параіць усім жыхарам Івацэвічаў і раёна максімальна цвяроза разлічваць свае фінансавыя магчымасці пры афармленні крэдытаў. Даступны тавар – а сёння многія віды тавараў можна купіць адразу, не выплачваючы поўную суму – не павінен, як кажуць, засцілаць вам вочы, за ўсё трэба плаціць. А налічэнне пені? Сума доўгу можа вырасці вельмі значна!

    – Якія магчымасці ў вас ёсць, каб “націснуць” на даўжніка? Ён завінаваціць 30-50 мільёнаў (недэмінаваных) рублёў, а вам скажа: у мяне няма грошай.

    – Калі грамадзяне ўхіляюцца ад аплаты, не з’яў-ляюцца да судовага выканаўцы, то той у сваю чаргу можа прыняць меры прымусовага характару. У адпаведнасці з арт. 482 ГПК Рэспублікі Беларусь гэта такія меры, як наклад арышту і канфіскацыя маёмасці, апячатванне маёмасці; прыпыненне аперацый па бягучых рахунках грамадзян і юрыдычных асоб; абмежаванне даўжніка на выезд з Рэспублікі Беларусь; абмежаванне на ўпраўленне механічнымі транспартнымі сродкамі, на кіраванне маламернымі судамі, на паляванне… І прымяняецца гэта даволі часта. Згадзіцеся, што гэта некалькі дзіўна: чалавек не можа аплаціць крэдыт, але ездзіць на шыкоўнай машыне, у тым ліку за мяжу!.. Адзначу, што гэтыя меры дзейнічаюць на даўжніка. А асноўным і самым распаўсюджаным метадам барацьбы з неплацельшчыкам з’яўляецца ўтрыманне запазычанасці з любога віду заробку (можа дасягаць да 70 працэнтаў ад заробку). Такі даўжнік павінен разумець: яшчэ 10 працэнтаў будзе спаганяцца на карысць дзяржавы за прымусовае спагнанне. Выкарыстоўваецца арышт маёмасці, якая належыць не толькі даўжніку, але і жонцы (мужу), калі маёмасць нажыта ў перыяд шлюбу.

    З другога боку, хочацца, каб і ў гандлёвых прадпрыемствах разумелі праблему, правяралі патэнцыйных пакупнікоў. Здараецца, што мы прыходзім пасля да даўжніка, а ў яго дом, так бы мовіць, без акон і без дзвярэй, а на сцяне велізарны тэлевізар – той самы, што ён узяў і за які плаціць не хоча-не можа…      

    – Аляксей Генадзьевіч, з якімі пажаданнямі хацелі б звярнуцца да жыхароў раёна?

    – Паўтаруся, вельмі важна кожнаму цвяроза ацэньваць свае фінансавыя магчымасці, каб пасля не пакутаваць самому і не ствараць праблем нам. А вось другі бок праблемы: жыхарка адной з буйных вёсак Целяханшчыны пазычыла аднавяскоўцу 6 000 долараў, хаця ведала, што рэпутацыя ў гэтага мужчыны сумніўная. Сёння яна патрабуе, каб мы “націснулі” на яго, бо доўг “згубіўся”, але ў дадзенага мужчыны, як высветлілася, даўгоў – хоцьгаць гаці… Чаму так лёгка трапляем “на вуду” розным прайдзісветам?.. Хочацца звярнуцца да так званых “аліментшчыкаў” – найперш мужчын, гэта даволі складаная катэгорыя неплацельшчыкаў, з якімі мы працуем строга і бескампрамісна, але ці могуць быць іншымі адносіны да людзей, хто фактычна адмаўляецца ад сваіх дзяцей. 

    Добрасумленнасць грамадзян вельмі дапамагае судоваму выканаўцу ў рабоце. У шэрагу выпадкаў вырашыць пытанне можна, не выходзячы з кабінета. Возьмем за прыклад самы распаўсюджаны выпадак: здараецца, што грамадзянін не заплаціў ва ўстаноўлены законам тэрмін штраф, накладзены на яго судом або РАУС. У такім выпадку трэба аплаціць суму на патрэбны рахунак і з квітанцыяй прыйсці да судовага выканаўцы. Гэта аблегчыць працу ўсім і абмяжуе ад непатрэбных праблем з законам.

    Карыстаючыся выпадкам, хачу запрасіць усіх жадаючых стаць у рэзерв кадраў на пасаду судовага выканаўцы. Патрабаванні да кандыдатаў – грамадзянін Рэспублікі Беларусь, юрыдычная або эканамічная адукацыя, высокія маральныя і дзелавыя якасці, вопыт работы ў юрыдычнай сферы.   

    Гутарыў Аляксандр ГОРБАЧ.

    Автор: Аляксандр ГОРБАЧІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)