10 Августа, 2022 Среда

Як жыхары сталічнага 4-павярховіка адстойваюць правы на цяпло і святло

  • 28 октября 2016 Общество Беларуская 0

    Капрамонт у доме №22 па вуліцы Калініна ў Мінску цягнецца ўжо амаль год. За гэты час непрыемнасцяў тут здарылася больш, чым за ўвесь час існавання будынка. Асвятленне ў пад'ездзе зрабілі так, што палову лесвічнага пралёта на кожным паверсе прыходзіцца ісці ўпоцемку, перш чым дойдзеш да выключальніка. Працуючы з трубамі, рабочыя ледзьве не падпалілі кватэру, а вугал дома заліло дажджамі і сцяна прамокла наскрозь.

    Траншэя замест падлогі

    Больш за ўсіх дасталося кватэры №35 на першым паверсе, пад падлогай якой знаходзяцца зямля і трубы. З гэтай прычыны яна і раней была сырой ды няўтульнай, а цяпер увогуле стала амаль непрыдатнай для жылля.

    — Мы пралічылі супраціўленне цеплаперадачы падлогі ў памяшканнях першага паверха — яно прыкладна 0,63, хоць павінна быць па нарматывах каля 2, — расказаў Андрэй ПАЛЯВІК, упаўнаважаны жыхароў дома №22 па капітальным рамонце. — Праз гэта амаль ва ўсіх кватэрах першага паверха па нізе сцен паўзе цвіль. Мы звярталі на гэтую праблему ўвагу ЖКГ, аднак пэўнага рашэння так і не дамагліся.

    У Зінаіды ГАЎРЫЛАВАЙ, гаспадыні кватэры №35, ёсць леташні акт, складзены камісіяй з мясцовай жыллёвай службы, дзе зафіксавана, што ў хаце не працуе вентыляцыя, прагніла падлога і ёсць цвіль. Аднак справа далей гэтай паперы так і не зрушылася.

    Каб памяняць трубы ў кухні і ваннай кватэры №35, прыйшлося зняць падлогу. Тыдзень спатрэбіўся на замену камунікацый, а яшчэ два жанчына жыла без туалета, вады і абыходзіла літаральна раскапаную траншэю, якая вяла прама на вуліцу. На ноч пенсіянерка накрывала яе кардонам і ставіла цяжкія прадметы, каб у кватэру не лезлі каты.

    — Мне казалі, што няма дошак на замену гнілых, таму і не закрываюць траншэю. Цяпер падлогу вярнулі на месца, а ў ваннай нават паклалі новую кафлю. Хоць спачатку хацелі перарабіць толькі ўчастак, які пацярпеў пры зняцці ўнітаза і ванны, ды яшчэ і класці яе паверх старой кафлі. А аднойчы рабочыя нешта зварвалі, і ў мяне з-пад падлогі пайшло полымя — ледзьве сцяна не загарэлася. Добра, што я дома была, а калі б не? — паскардзілася Зінаіда Гаўрылава і паказала металічныя бляшанкі на падлозе, якімі яна закрыла месцы, дзе разгаралася вогнішча.

    Частка труб праходзіць і пад двума пакоямі жыхаркі. Гэтыя камунікацыі таксама прыйдзецца мяняць. Адсяляць на гэты час жанчыну ў падменнае жыллё ніхто не збіраецца — няма куды.

    — Замяніць трубы інакш як праз зняцце падлогі немагчыма, бо пад гэтай і яшчэ адной кватэрай у доме няма падвала. Дакопваць частку падвала — гэта ўжо рэканструкцыя і зусім другія грошы, — расказаў Сяргей ЖАХОЎСКІ, галоўны інжынер ЖКГ Першамайскага раёна, заказчык работ па капрамонце дома №22. — Дарэчы, гаспадыня доўга не пускала нас у хату, каб пачаць работы. Ледзьве яе ўгаварылі. Падлогу прыйдзецца здымаць і ў яе абодвух пакоях, і ў іншай кватэры, каб замяніць камунікацыі.

    Дождж ідзе — вада цячэ, а сцяна мокне

    Падвесці камунікацыі да дома і падключыць ацяпленне да маразоў рабочыя паспелі, а ўцяпліць фасад — не. І Зінаіда Гаўрылава, як і іншыя жыхары, сутыкнулася з іншай праблемай — кастрычніцкімі дажджамі заліло ўвесь вугал дома, а ў пакоі жанчыны сцяна ўвогуле прамокла наскрозь.

    Падчас рамонту страхі і дэмантажу вадасцёка па ўсім перыметры дома на месца дзірак паставілі невялікія кавалачкі труб, якія аднак не злучылі з трубамі на фасадзе. У выніку дождж пацёк на будаўнічыя рыштаванні, а адтуль — проста па сцяне. Стары фасад да таго ж мае яшчэ і шчыліны, некаторыя з якіх аказаліся скразнымі (!). Праз іх сценка набрала столькі вільгаці, што ў кватэры №35 ад яе пачалі адставаць шпалеры.

    — Каб пазбавіцца ад гэтых шчылін, у іх залілі раствор, а звонку «сшылі» сталёвай арматурай, якую загналі ў сцяну. Адпаведна ў гэтых месцах з'явіліся «мосцікі холаду». Магчыма, вільгаць па сцяне ў кватэры №35 пайшла таму, што шмат раствору трапіла менавіта на першы паверх, бо шчыліны тут большыя, чым уверсе. Сохне такі матэрыял тры дні, — выказаў думку галоўны інжынер. — Калі пасля высыхання матэрыялу і сцяны сляды зацякання застануцца, падрадная арганізацыя зробіць гаспадыні касметычны рамонт.

    На дождж, які зацякае праз знятыя аконныя і балконныя адлівы і льецца з рыштаванняў па сцяне, насычаючы яе вільгаццю, скардзіцца і Вольга, жыхарка кватэры №47 на чацвёртым паверсе:

    — Яшчэ невядома, калі будзе ўцяпляцца фасад! Дык хоць бы паздымалі дошкі з рыштаванняў, каб не цякло яшчэ больш па сцяне, ды вярнулі назад адлівы пад вокны. Я ўжо не кажу, што ледзьве не ўсе кватэры чацвёртага паверха былі залітыя, пакуль будаўнікі рамантавалі страху. Мы з імі дагэтуль разабрацца не можам.

    Дождж — не дождж, а рабочыя вырашылі ўсё ж мокры фасад уцяпляць. Прывезлі цеплапушку, каб тэрмінова прасушваць сцяну звонку, і пенапласт таўшчынёй… у 3 см. Жыхары спынілі іх работу. Цяпер фасад пад дажджамі сохне самастойна, гаспадары кватэр абмяркоўваюць таўшчыню неабходнага ім слою ўцяпляльніка, а літаральна на днях пад дах над вуглом паставілі часовы кавалак трубы.

    — Сцяна з сілікатнай цэглы не магла прамокнуць наскрозь — максімум на 1,5 см у глыбіню, — упэўнены камунальнік. — За гадзіну работы цеплапушкі сцяна б высахла. Аднак мы вымушаны цяпер чакаць, аб якой таўшчыні ўцяпляльніка дамовяцца жыхары.

    У кватэру да Зінаіды Гаўрылавай таксама прыходзілі з цеплавентылятарам, каб прасушыць мокрую сцяну ў пакоі.

    — Загадалі мне зняць шпалеры і хацелі ўключыць свой сушыльны агрэгат у маю разетку. Я не пагадзілася, таму што яны павінны карыстацца для работы сваімі кропкамі падключэння энергіі па-за межамі кватэр, — расказала жанчына, паказваючы дагавор. — Тады яны сышлі і больш ніхто не з'яўляўся сушыць маю сцяну.

    Па словах жа рабочых, яны самі не сталі ўключаць абсталяванне, бо ў пенсіянеркі ўсюды былі раскладзены паперы, якія праз высокую тэмпературу пры праграванні маглі загарэцца.

    3, 5 ці 7 сантыметраў?

    Перад пачаткам капрамонту ўвосень мінулага года жыхароў абвясцілі пра работы, якія маюць адбыцца. Непрыемнасці пачаліся адразу, як высветлілася, што запланаванай тэрмашубы з мінералваты таўшчынёй 11 см дом не атрымае. Замест яе фасад аздобяць слоем 3-сантыметровага пенапласту. Жыхары з такім рашэннем не пагадзіліся.

    — Таўшчыню ўцяпляльніка паменшылі, а вось характарыстыкі ацяпляльных сістэм, разлічаных на работу пад тэрмашубай, робяцца па-ранейшым варыянце, — выказаўся Андрэй Палявік. — Паколькі ўсё лета ніякія работы не вяліся, мы думалі, што яны пераразлічваюць неабходную магутнасць цеплаабсталявання. Аднак нам паведамілі, што новы праект не патрэбны, бо ацяпляльная сістэма будзе добра працаваць нават пры значна менш уцепленым фасадзе. Аднак мы ўпэўнены, што 3 см пенапласту не выратуюць ад холаду.

    Сяргей Жахоўскі тлумачыць змяненне ў праекце тым, што праграма капрамонту на шэсць гадоў адстае ад існуючых рэалій.

    — Летась дзейнічаў загад Мінжылкамгаса, дзе на 1 м2 пры капрамонце выдаткоўвалася 1,5 млн рублёў старымі грашыма. У выпадку дома №22 у гэты каштарыс было не ўкласціся. Цеплатрасу мы замянілі поўнасцю, прыкладна праз два тыдні зрэжам на кухнях жыхароў газавыя калонкі і наладзім сістэму цэнтралізаванага падагрэву вады. Гэта вельмі дарагая аперацыя, таму ўцяпленне дома мы спачатку ўвогуле выключылі з праекта. Аднак на фасадзе шмат шчылін, таму вырашылі ўцяпляць яго пенапластам таўшчынёй 3 см. Згодна з нарматывамі, гэтага дастаткова для работы адпаведнага абсталявання, таму і магутнасці ацяпляльнай сістэмы мы не мянялі. Аднак гэта не значыць, што іх не пераразлічвалі, — зазначыў галоўны інжынер. — Я гатовы заключыць з галоўным упаўнаважаным дома дагавор на ўцяпленне фасада таўсцейшым слоем матэрыялу. Папярэдні разлік паказаў, што пры ўцяпленні фасада пенапластам таўшчынёй 5 см даплаціць прыйдзецца прыкладна па 50—60 рублёў з кватэры.

    За таўсцейшы слой уцяпляльніка на фасадзе дома №22 па Калініна жыхары згодны даплаціць самастойна. Камунальнікі ў сваю чаргу гатовыя вырашыць пытанне ў бліжэйшыя тыдні, калі ўласнікі пісьмова вызначацца з таўшчынёй пенапласту (5 ці 7 см) для ўцяплення і пацвердзяць, што за нязгодных плаціць грошы ўнясуць астатнія жыхары. Пакуль 11 з 48 кватэр супраць дадатковых укладанняў.

    Як бачна, многіх праблем, як і зацягвання тэрміну рамонту, не здарылася б, калі б жыхары і ЖКГ своечасова ўсвядомілі жаданні і магчымасці адзін аднаго. Пакуль жа капрамонт у доме №22 па вуліцы Калініна працягваецца...

    Незадаволеныя жыхары і знешнім выглядам сцен пасля перакладкі электрасетак. Яны настойваюць, што па дагаворы майстры павінны былі вярнуць усё ў першапачатковы стан.

    Як патлумачыў прадстаўнік ЖКГ, шэрыя цэментныя «струмені» на пад'ездных сценах, якія хаваюць штробы з электрычнымі правадамі, камунальнікі пафарбуюць у тон існуючай фарбы. Аднак толькі ў тым месцы, дзе былі кабелі. У кватэрах жа, дзе электралічыльнікі схавалі ў сцяну, усе канаўкі з камунікацыямі зашпаклявалі, але пераклейваць шпалеры ці фарбаваць сцены павінны самі жыхары. Тым, хто не хацеў штрабіць сцяну, правады праклалі ў карабы.

    Дзіўны праект па асвятленні пад'ездаў дома №22 таксама пераробяць. Жыхары пісьмова прапанавалі ЖКГ некалькі схем пераробкі электраправодкі, аднак камунальнікі зробяць інакш:

    — Замест люмінесцэнтных лямпачак мы паставім там святлодыёдныя з датчыкамі руху. Яны акустычныя, антывандальныя і будуць запальвацца адразу на ўсіх паверхах, калі чалавек увойдзе ў пад'езд.

     

    Автор: Ірына СідарокЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)