26 Апреля, 2024 Пятница

30 кастрычніка – Дзень аўтамабіліста і дарожніка: аўтапарк №17 г. Смаргоні

  • 30 октября 2016 Общество Беларуская 0

    З добрым настроем сустракае прафесійнае свята працоўны калектыў аўтапарка №17. Да заканчэння года засталіся два месяцы, але ўжо цяпер можна падводзіць папярэднія вынікі. Усе ключавыя паказчыкі выкананы. Дадатковы паказчык па пасажыраабароту перавыкананы, ёсць прыбытак ад перавозкі грузаў.

    Прыбытковыя перавозкі рабочых са Смаргоні на будуемую атамную электрастанцыю. Паслугамі аўтапарка карыстаюцца дзве расійскія фірмы і тры арганізацыі “Гроднапрамбуда”. Добра працуюць станцыя дыягностыкі, майстэрня па рамонце аўтамабіляў іншых прадпрыемстваў і арганізацый, буфет аўтавакзала. Стратныя толькі міжгароднія, прыгарадныя і гарадскія пасажыраперавозкі, усе астатнія віды дзейнасці рэнтабельныя.

    Як адзначыў дырэктар аўтапарка №17 Мікалай Самайловіч, гэты год для арганізацыі пачынаўся не вельмі добра, былі праблемы з разлікамі за аказаныя паслугі, перавезеныя грузы. Не ўсе заказчыкі разлічваюцца і цяпер. 

    Аўтапаркаўскія самазвалы працуюць у Астраўцы на будаўніцтве мікрараёна №2, былі задзейнічаны на ўзвядзенні моста, які злучае два новыя мікрараёны. Раней у гэтым месцы была балацявіна, прыйшлося вывезці мяккі грунт і завезці на гэта месца пясок. Грузавікі аўтапарка №17 былі задзейнічаны на будаўніцтве чыгуначнай веткі, якую праклалі ад Гудагая да АЭС, дапамагалі будаваць аўтамабільныя дарогі, вывозілі грунт з катлавана пад рэактар і градзірню. З 2009 года па цяпершні час вадзіцелі смаргонскага аўтапарка перавезлі ў Астравецкім раёне больш за 4 мільёны тон грузаў.

    Дапамагае аўтапарк №17 і ва ўборцы ўраджаю. Сёлета мясцовыя аўтатранспартнікі даставілі да месцаў прызначэння 14 тысяч тон збожжа. Цяпер 18 грузавых аўтамабіляў вывозяць буракі з палёў гаспадарак. 6 самазвалаў працуюць каля Гродна, у сельскагаспадарчых вытворчых кааператывах “Пагранічны” і “Макараўцы”, астатнія аўтамабілі возяць буракі ў нашым раёне. У верасні тут вывезлі 19 тысяч 800 тон салодкіх караняплодаў, у кастрычніку, па падліках дырэктара аўтапарка Мікалая Самайловіча, іх будзе вывезена яшчэ больш. А ўсяго плануецца перавезці 70 тысяч тон, больш, чым летась. Ураджайнасць буракоў сёлета вельмі добрая. Згодна з графікам, вагоны будуць пастаўляцца на станцыю Смаргонь да 15 снежня.

    Летась мясцовая аўтагаспадарка купіла два новыя 20-тонныя МАЗы з прычэпамі, сёлета за іх разлічваецца, таму чарговая пакупка грузавікоў запланавана на наступны год. Мікалай Яўгенавіч адзначыў, што выгадна купляць вялікагрузныя аўтамабілі, большая верагоднасць выйграць тэндар на перавозку грузаў. І зусім няма сэнсу браць меншай грузападымальнасці тэхніку. 

    За апошнія 5 гадоў у Смаргоні на 70 працэнтаў абнавілі аўтобусны парк. Летась былі куплены тры аўтобусы. І калі для падвозу работнікаў на будаўніцтва АЭС выкрыстоўваюцца вялікія, то на прыгарадных маршрутах пераважна малыя, якія маюць 27 пасажырскіх месцаў. 

    З 1976 года працуе ў аўтапарку Віктар Жабінскі. Спачатку ён быў слесарам, потым даверылі грузавы аўтамабіль. А крыху пазней мужчына перасеў на новы    20-тонны самазвал МАЗ, на якім кожны год вывозіць буракі з палёў гаспадарак. Найчасцей ездзіць у камандзіроўкі. Сёлета ён працуе ў СВК “Пагранічны” Бераставіцкакага раёна. Вадзіцелі на вывазцы буракоў працуюць без выхадных, за дзень праязджаюць па 400 кіламетраў. 

    Уладзімір Капцюх працуе ў аўтапарку 17 гадоў. Ён — вадзіцель аўтобуса. Старанны, працавіты. На некалькі гадоў пакінуў аўтапарк, працаваў вадзіцелем у Мінску, але потым зноў вярнуўся ў Смаргонь, бо няма нідзе лепш, чым дома. 

    У аўтапарк №17 Зоя Капітонец прыйшла на працу ў далёкім 1983 годзе. Была дыспетчарам, старшым касірам на аўтавакзале, а цяпер яна тут – бухгалтар-касір. Работай задаволена. Калі была маладзейшая, адстойвала гонар аўтапарка на спаборніцтвах па бегу, стральбе, кіданні гранаты, плаванні. 

    Кіраўніцтва аўтагаспадаркі надае ўвагу добраўпарадкаванню. Сёлета на тэрыторыі быў зроблены ямачны рамонт асфальтабетоннага пакрыцця, адрамантаваны дах у рамонтнай майстэрні, прадаўжаецца рамонт адміністрацыйнага будынка, які, па словах дырэктара, праз паўгода набудзе новы выгляд.

    Автор: Юрый ЯНУШКЕВІЧСветлы шлях

Комментарии (0)