05 Мая, 2024 Воскресенье

Гісторыя маладой сям'і, якая прамяняла горад на вёску

  • 01 ноября 2016 Общество Беларуская 0

    Пераехаць у Мінск мараць многія. Андрэй і Яраслава ДАВЫДЗЕНКІ таксама некалі збіраліся пакараць сталіцу. А потым вырашылі, што бясплатны дом, няхай і ў вёсцы, лепш за здымную кватэру, на аплату якой ідзе ўвесь заробак, і адправіліся ў аграгарадок Магільна Уздзенскага раёна. Цяпер Яраслава працуе ў банкаўскім аддзяленні райцэнтра, а Андрэй узнімае сельскую гаспадарку — уладкаваўся галоўным эканамістам у сельскагаспадарчае прадпрыемства «Наднёман», дзе была адкрыта вакансія з жыллём. Пра свой першы агарод, заробкі на сяле і плюсы вясковага жыцця сям'я расказала карэспандэнту «Звязды».

    Клубніцы ў падарунак

    Магільна знаходзіцца за пятнаццаць кіламетраў ад Узды. Маршруткі сюды ходзяць толькі два разы на дзень, таму настаўніцам вясковай школы (а яны амаль усе прыезджыя), якія не паспелі на школьны аўтобус, прыходзіцца дабірацца да райцэнтра на спадарожных машынах.

    Калгасныя дамы цяпер не тыя, што былі калісьці. Замест старой драўлянай хаты без водаправоду і з прыбіральняй на вуліцы (я, калі шчыра, чакала ўбачыць менавіта такую) — сучасны двухпавярховы катэджык. Андрэй і Яраслава ахвотна паказваюць сваё новае жыллё. На першым паверсе — тры пакоі і прасторная кухня. Маладая сям'я, як толькі засялілася, адразу зрабіла тут рамонт: пафарбавала падлогу, пераклеіла шпалеры. Другім паверхам пакуль не карыстаюцца — не паспелі яшчэ ўладкаваць.

    Адзін мінус — у дом не праведзены газ. Ацяпленне — кацельнае, таму трэба паліць самім. Але на першы час прадпрыемства дровамі забяспечыла.

    Ідзём глядзець прысядзібны ўчастак. Двор, успамінае пара, увесь быў зарослы бур'яном. Калі сталі наводзіць парадак, знайшлі грады клубніц, што засталіся ад былых гаспадароў.

    — Мы пераехалі напачатку чэрвеня, — расказвае Яраслава. — Нам параілі, што яшчэ не позна заняцца агародам. Мы пасадзілі капусту, буракі, бульбу, моркву, салату. Я, увогуле, гарадскі жыхар, у мяне ніколі не было лецішча, і ў агародзе я не прывыкла капацца. А тут захацелася пасадзіць сваё. Дарэчы, нармальны ўраджай сабралі.

    Заводзіць курэй і свіней маладыя пакуль не збіраюцца. Смяюцца, што не той узрост яшчэ, напэўна (хлопцу зараз 26 гадоў, дзяўчыне — 25). Дый свая гаспадарка патрабуе шмат часу. А вось гараж і баньку ў будучым добра было б пабудаваць.

    У Мінск — па мару

    За чаем у натопленай кухні сям'я расказвае пра сябе. Адвучыліся ў Горках, у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, там і пазнаёміліся. Хлопец асвойваў камерцыйную дзейнасць у аграпрамысловым комплексе, дзяўчына — маркетынг. Абое вучыліся на бюджэце. Таму адразу пасля вяселля паехалі па размеркаванні ў калгас, у вёску Камена Лагойскага раёна.

    — Адпрацавалі там тры гады, а летам вельмі сумна стала: пастаянна адно і тое ж, — дзеліцца Яраслава. — Я пачала прасіць: «Андрэй, паехалі ў Мінск». Думалі, што ў нас там усё атрымаецца. Але калі прыехалі і пачалі шукаць работу, ружовыя акуляры адразу ўпалі: з тымі заробкамі, якія прапаноўвалі эканамістам, мы б не змаглі здымаць жыллё. І вырашылі да маіх бацькоў у Смалявічы перабрацца, у чатырохпакаёвую кватэру. Я знайшла ў Мінску работу касірам у банку. Муж пайшоў у «Азярыцкі-Агра» — вядомая гаспадарка, туды яшчэ Дэпардзье прыязджаў.

    Дзяўчына прызнаецца: ехала ў Мінск па нейкую мару, па цікавае жыццё, а на самай справе, працуючы там, горада зусім не бачыла.

    На дарогу да работы ішло шмат грошай. Андрэй падлічыў: з 380 рублёў, што яму плацілі ў гаспадарцы, 120 даводзілася аддаваць на праезд. Магчымасці нешта адкласці не было. Яшчэ адна прычына, па якой хлопец не хацеў затрымлівацца на тым месцы, — кіраўніцтва. «Ведаеце, там дырэктарам была жанчына. І галоўны эканаміст таксама жанчына. Мне некамфортна было працаваць».

    Маладыя людзі ўзважылі ўсе «за» і «супраць» і вырашылі шукаць работу з жыллём. Разглядалі вакансіі ў Капылі, Лідскім раёне, але спыніліся на Магільна. Прыехалі неяк у суботу, пагаварылі з кіраўніком прадпрыемства, куды збіраўся ўладкавацца Андрэй, і праз месяц прамянялі прысталічныя Смалявічы на аграгарадок. Дырэктар гаспадаркі «Наднёман» Сяргей Лабанаў вельмі ўзрадаваўся новаму работніку. «Раней у нас галоўным эканамістам быў чалавек, які адпрацаваў у калгасе 40 гадоў, вопытны спецыяліст. На працягу трох гадоў не маглі падабраць яму дастойную замену», — прызнаўся нам Сяргей Уладзіміравіч пры сустрэчы. Яраслава ж перавялася ў рэгіянальнае аддзяленне банка ва Уздзе.

    Прадпрыемства дапамагло маладым людзям з дастаўкай рэчаў. А служба занятасці выдзеліла матэрыяльную дапамогу ў рамках праграмы перасялення беспрацоўных — каля 1200 рублёў. На гэтыя грошы сям'я купіла фарбу для рамонту, пральную машыну, бензакасу.

    Школа і амбулаторыя пад бокам

    Новенькіх калгасных домікаў у адным толькі Магільна — 20. «Ну, а чым яшчэ прывабіць у вёску?», — разважае моладзь.

    Свой заробак Андрэй не агучвае. Кажа, прыстойны, больш за 400 рублёў.

    — Вельмі памылковае меркаванне, што ў вёсках мала атрымліваюць. Дзе я ні працаваў, усюды плацілі нармальныя грошы, — дзеліцца сваімі назіраннямі хлопец. — Асабліва тым, хто займаецца фізічнай працай, — даяркам, трактарыстам. Калі будзеш старацца, будзеш і зарабляць.

    Інфраструктура ў аграгарадку, трэба сказаць, нядрэнная. Ёсць дзіцячы садок, школа (з вывучэннем французскай мовы), Дом культуры, урачэбная амбулаторыя з фізіякабінетам і дзённым стацыянарам, некалькі крамаў. Але ў апошніх выбар не вялікі, дый цэны высокія. Таму сям'я закупляецца ў райцэнтры — Яраслава заязджае на машыне ўвечары пасля работы.

    Побач з мястэчкам — вадасховішча Лоша і лес, куды па ягады і грыбы з'язджаюцца з усёй ваколіцы. А калі хочацца забаў, можна выбрацца ва Узду: там ёсць кінатэатр (у ім якраз нядаўна 3D з'явілася) і шмат кавярняў.

    Пара згаджаецца: аднаму на сяле жыць сумна. А калі сям'ёй ды з сабакам (чатырохногі сябар з'явіўся ў іх яшчэ падчас адпрацоўкі ў Камена) — іншая справа. Лабрадор Марсэль рады пераезду, бадай, больш за ўсіх: пакуль жыў у кватэры, паправіўся, а тут хутка прыйшоў у форму.

    Андрэй і Яраслава не шкадуюць, што пераехалі ў вёску: «Усе родныя нас падтрымалі. А што ў Мінску? Там цяжка аднаму, не праб'ешся. А хочацца самому нечага дабіцца. Тут мы хаця б можам назапасіць грошай».

    Даведка

    За студзень-верасень гэтага года службы занятасці дапамаглі ў перасяленні на новае месца жыхарства і працы 122 сем'ям беспрацоўных. Палова сям'яў пераехала з вёскі ў вёску, крыху менш — з горада ў сельскую мясцовасць. Перасяляюцца звычайна ў межах аднаго рэгіёна. Найбольш у гэтай праграме зацікаўлены пары з непаўналетнімі дзецьмі.

    Беспрацоўнаму, які заключыў дагавор аб перасяленні, выплачваюць грашовую дапамогу ў памеры сямі бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Калі ў сям'і некалькі беспрацоўных, то суму ў сем бюджэтаў атрымлівае кожны — пры ўмове, што на новым месцы ім гарантавалі работу. Калі сям'я перабіраецца з горада ў малыя і сярэднія гарадскія паселішчы, сельскую мясцовасць і гарады-спадарожнікі, ім дадаткова выплачваюцца два бюджэты. Плюс кампенсуюцца затраты на пераезд.

    Як адзначаюць у Міністэрстве працы і сацабароны, перасяленне сем'яў незанятых грамадзян стымулюе працоўную мабільнасць, спрыяе пераразмеркаванню працоўных рэсурсаў з улікам рэгіянальнай патрэбы ў кадрах.

     

    Автор: Наталля ЛубнеўскаяЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)