20 Апреля, 2026 Понедельник

Каму перашкаджае яшчэ не ўзведзены праваслаўны храм у Віцебску?

  • 02 ноября 2016 Общество Беларуская 0

    У Віцебску, як кажуць, тэмай №1 для «абмеркавання на кухнях» стала перспектыва ўзвядзення праваслаўнага храма ў парку па вуліцы Чэхава. Там задумалі пабудаваць копію знакамітай полацкай Сафіі — такой, якой яна была першапачаткова. Але нямала гараджан супраць. Лісты са скаргамі накіроўваюцца ў гарвыканкам і вышэй. У інтэрнэце тысячы людзей выказалі незадаволенасць. У чым сутнасць праблемы і як яна вырашаецца? Гэта высвятляў карэспандэнт «МС».

    У ціхім парку...

    Некалькі гадоў таму кіраўнікі мясцовай улады агучылі ідэю вернікаў, якая адразу стала абмяркоўвацца: бераг Заходняй Дзвіны можа ўпрыгожыць копія Сафійскага сабора. Падкрэслівалася, што на храм бюджэтныя грошы выкарыстоўвацца не будуць...

    Сафійскі сабор у Полацку быў пабудаваны ў XІ стагоддзі. І ён стаў трэцяй Сафіяй. У Кіеве Сафійскі храм быў закладзены ў 1037 годзе, у Ноўгарадзе — прыблізна ў 1045-м. Полацкі разбурылі ў 1710 годзе, а ў сярэдзіне XVІІІ стагоддзя аднавілі.

    На думку аўтараў ідэі будаўніцтва ў Віцебску, храм стане сімвалам братэрства ўкраінскага, рускага і беларускага народаў. Безумоўна, у іх агульныя гістарычныя карані, яднае і хрысціянская вера. У наш час тром народам, як ніколі раней, патрэбна ўзаемаразуменне.

    Блаславіў будаўніцтва і Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі — прадстаяцель РПЦ. Адпаведныя словы ёсць на пашпарце аб'екта — на агароджы будаўнічай пляцоўкі.

    Настаяцель будучага храма айцец Міхаіл не раз нагадваў храналогію падзей. Адпаведная інфармацыя ёсць на сайце Віцебскай епархіі. У год 2000-годдзя ад Раства Хрыстова прынялі рашэнне аб будаўніцтве храма. Ініцыятары былі ўпэўненыя, што храм упішацца ў комплекс гістарычнай забудовы. Побач — помнікі архітэктуры, пешаходная зона...

    Святы Сінод Беларускай праваслаўнай царквы ўхваліў узвядзенне сабора. Рашэнне зацвердзіў і Святы Сінод Рускай праваслаўнай царквы пад старшынствам Патрыярха Кірыла...

    Наконт таго, чаму выбралі месца пад будаўніцтва менавіта ў ціхім парку. Як сцвярджаюць афіцыйныя асобы гарвыканкама, разглядалася некалькі варыянтаў. У прыватнасці, каля плошчы Перамогі, побач з будынкамі дарэвалюцыйных саляных складоў… Але ідэальным вызначылі парк Партызанскай славы… Вылучэнне менавіта гэтага ўчастка для будаўніцтва ўзгаднілі з усімі неабходнымі інстанцыямі.

    «За» і «супраць»

    Журналіст пабываў на сустрэчы прадстаўнікоў гарвыканкама з незадаволенымі. Гутарылі каля будаўнічага вагончыка. Але нармальнага дыялогу не атрымалася.

    Скептыкі былі гучнымі і напорыстымі — траім адказным асобам было складана канструктыўна з імі спрачацца. Яны пачулі папрокі і пытанні наконт парушэнняў — у прыватнасці, чаму не было нармальна арганізавана грамадскае абмеркаванне? Навошта знішчаць дрэвы? Чаму пасля дзвюх няўдалых экалагічных экспертыз усё-такі дазволілі распачынаць будаўніцтва?

    У сваю чаргу тыя, хто адстойвае будаўніцтва, абяцалі ў адказ сабраць тысячы подпісаў «за». (І людзі сапраўды падпісваюцца).

    Але скептыкі не здаваліся. Яны патрабавалі паказаць дакументы наконт будаўніцтва. У адказ чулі, што апошнія — гэта сотні лістоў. Няўжо іх трэба было прынесці ў парк? Сышліся на тым, што дакументацыю зацікаўленыя змогуць убачыць пры асабістай сустрэчы ў кабінеце.

    Пакуль што будаўніцтва няма

    На момант падрыхтоўкі публікацыі будаўніцтва не вялося. Замарозілі, каб, як калісьці было модна гаварыць, «прыйсці да кансэнсусу». Абураныя падкрэслівалі, што ў выніку будаўніцтва будуць знішчаны больш за 200 дрэў, кустоўе. У гарвыканкаме сцвярджаюць, што замест іх высадзяць новыя.

    Пракаментаваў сітуацыю начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага гарвыканкама Сяргей Саглаеў. Паводле яго слоў, незадаволеных пастараюцца зразумець.

    Намеснік начальніка аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага гарвыканкама Леанід Багданаў падкрэсліў: «У адрас кіраўніцтва дзяржавы, аблвыканкама, гарвыканкама накіраваны шэраг зваротаў. Ва ўстаноўлены заканадаўствам тэрмін будуць дадзены адказы. Але, улічваючы колькасць людзей, якія выступаюць супраць будаўніцтва, вырашылі сустрэцца з імі. Пастараемся пачуць усе аргументы і перадаць іх адказным асобам».

    У гарвыканкаме канстатуюць, што грамадскае абмеркаванне будучай будоўлі праводзілася. І ёсць уся неабходная дакументацыя. Як і вынікі экспертызы, якая пацвярджае, што ўлада не парушае прыродаахоўнае заканадаўства.

    Автор: Аляксандр ПукшанскіЗвязда

Комментарии (0)