Вось што ўспамінае былы начальнік крымінальнага вышуку Маладзечанскага гарадскога аддзела ўнутраных спраў, маёр у адстаўцы Пётр Койра.
Людзі хрысціліся на арку
Раней у ваенным гарадку ў Гелянове стаяла адзінаццаць двух- і трохпавярховых будынкаў. Уезд на тэрыторыю гарадка быў толькі праз арку. Пасля вайны ўсе дзяржустановы абласнога значэння (абкам, упраўленні КДБ, МУС і іншыя) знаходзіліся ў Гелянове.
Дык вось, арка, праз якую трэба было праходзіць і праязджаць, лічылася культавым збудаваннем. Людзі, калі праходзілі пад ёю, здымалі галаўныя ўборы і хрысціліся. Яна стала нязручнай для партыйнага кіраўніцтва: праз яе на пленумы і канферэнцыі трэба было праязджаць кіраўнікам як з іншых раёнаў, так і са сталіцы. Па маім цвёрдым перакананні, гэта і стала прычынай для яе зносу. Скульптуры львоў, якія ўпрыгожвалі арку, вывезлі ў Беразінскае.
Замах на помнік
На той час я працаваў участковым упаўнаважаным у зоне Гелянова. У пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя Маладзечна, як горад абласнога значэння, стала хутка расці, з’явіліся заводы, фабрыкі, узводзіліся жылыя і адміністрацыйныя будынкі, упарадкоўваліся вуліцы і плошча Леніна. На ёй да 7 лістапада 1958 года павінны былі адкрыць помнік Леніну. Да гэтай знакавай падзеі вельмі рыхтаваліся. Будаўнікі, спецыялісты з Ленінграда, працавалі самастойна. Работа ішла хуткімі тэмпамі, здавалася, нічога надзвычайнага не павінна было адбыцца.
Да адкрыцця помніка заставаліся тры дні. А 4 лістапада першы сакратар абкама партыі Сяргей Прытыцкі патэлефанаваў у 9 гадзін раніцы начальніку ўпраўлення міліцыі палкоўніку Кісялю і паведаміў, што невядомыя злачынцы ноччу ўкралі дзве мармуровыя пліты, таму адкрыццё помніка зрываецца. Я тады займаў пасаду старшага оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку і з’яўляўся кіраўніком гэтай службы. На чале опергрупы, у склад якой уваходзілі ўпаўнаважаны крымінальнага вышуку Сёмачкін, следчы Кавалёў, эксперт Бутурля, праваднік службова-вышуковай сабакі Грыненка, выехаў на месца здарэння.
Агляд станоўчых вынікаў не даў, і мы з Сёмачкіным сталі адпрацоўваць розныя версіі. У выніку адшукалі мармуровыя пліты ў хляве на адным з хутароў паблізу вёскі Мыслевічы ў грамадзяніна Р. і ў 15.00 ужо даставілі іх на месца. Хутаранін пры допыце паведаміў, што пліты яму прадалі людзі, якія ўзводзілі помнік (пазней ён іх апазнаў).
Пра вынікі расследавання далажылі Прытыцкаму. У той жа дзень у 16.00 Сяргей Восіпавіч патэлефанаваў начальніку гараддзела міліцыі Увараву і папрасіў даслаць мяне да яго. Я быў вельмі ўсхваляваны, але калі ўвайшоў у кабінет Прытыцкага, Сяргей Восіпавіч падняўся з-за стала і з усмешкай накіраваўся ў мой бок… Узяў мяне за руку, доўга ціснуў яе і казаў: «Дзякуй, дзякуй вам, дарагія сышчыкі. Вельмі рады, што ў нас ёсць такія таленавітыя сышчыкі!». А потым пачаў цікавіцца, што рабіць з гэтымі раскрадальнікамі сацыялістычнай уласнасці. «Яны, — гаварыў першы сакратар абкама, учынілі вельмі цяжкае злачынства, але абодва маюць дзяцей. Надыходзіць усенароднае свята 7 Лістапада, дома іх будуць чакаць радня, сям’я. Ці варта садзіць іх у турму? Можа, лепш даць ім магчымасць дабудаваць помнік? Няхай потым па нашым патрабаванні іх пакараюць у Ленінградзе па месцы жыхарства».
Я адказаў, што такая развязка мяне задавальняе, што далажу свайму кіраўніцтву, пракурору, і мы адмовім у распачынанні крымінальнай справы. Душэўная дабрыня Сяргея Восіпавіча спрацавала на «выдатна».
Пра гэту гісторыю тады ведалі нямногія, у асноўным партыйныя работнікі, супрацоўнікі міліцыі і сям’я чалавека, які купіў пліты.
Поўнасцю матэрыял змешчаны ў «МГ» за 05.11.2016.
Фота: kresy-arch.livejournal.com

Комментарии (0)