25 Апреля, 2024 Четверг

Дарагая мая "зона"!

  • 08 ноября 2016 Общество Беларуская 0

    Ужо не адзін год я амаль  штодня дабіраюся на работу на прыгарадным цягніку. За гэты час істотна папоўніў дзяржаўную казну за кошт рэгулярнай аплаты “спецыяльнага дазволу на ўезд у пагранічную зону”. Здавалася б, ужо і прывык: у адрозненне ад пераважнай колькасці пасажыраў, кожны раз, выходзячы з цягніка на станцыі “Гудагай”, “на аўтамаце” працягваю пагранічніку пашпарт з квітком аб аплаце гэтага самага дазволу – а потым спяшаюся на аўтобус да Астраўца.

    %d0%bf%d0%b0%d0%bd%d0%be%d1%80%d0%b0%d0%bc%d0%b0-%d0%bf%d0%be%d0%b3%d1%80%d0%b0%d0%bd%d0%b7%d0%be%d0%bd%d0%b0

    Зразумела, часам нервуе патрэба стаяць пад халодным ветрам ці дажджом і чакаць сваёй чаргі на “аглядзе”, але трэба – дык трэба. Дзякуй, што апошнім часам у дрэннае надвор’е праверка дакументаў праводзіцца ў будынку вакзала. Аднак незадаволеных не паменшала.

    – Ну вось! Зноў абгортку пашпарта парвалі, – скардзіцца знаёмая. – Ведаюць жа мяне ў твар – не першы месяц катаюся. І ўсё роўна кожны дзень патрабуюць пашпарт – быццам за ноч там нешта змянілася!

    – А ў маім нечым замазалі старонкі, – падтрымлівае другі пастаянны спадарожнік. – Пашпарту два гады, а выглядае на ўсе пяцьдзясят!..

    І такіх “злёгку незадаволеных” набярэцца не адзін дзясятак.

    Неаднойчы ў нашай газеце ўздымалася пытанне: трэба ці не мець пры сабе дазвол жыхару НЕпагранічнай зоны, калі ён накіроўваецца ў НЕпагранічную зону праз пагранічную? І адказ на яго за апошнія некалькі гадоў змяніўся з “неабавязкова, але пажадана” на адназначнае “трэба”.

    Таму, калі чарговы госць або жыхар Астравеччыны пачынае абурацца падчас праверкі: “Я не ведаў”, “Навошта мне той дазвол, калі я еду не ў зону?”, “Раней такога не было!” пагранічнікі ў стотысячпяцісоты раз паўтараюць, што гэта не іх асабістая выдумка, а закон: знаходзіцца ў прыгранічнай зоне нельга, калі ты не маеш адпаведнага дакумента, які гэта дазваляе.

    Аднак гэтая сістэма – прынамсі, як і любая іншая, што прыдумана чалавекам, – не дасканалая. І пытанні застаюцца.

    Банальны прыклад: грамадзянін Н. пайшоў па грыбы з Астраўца, Вароны ці Варнян, захапіўся, заблукаў і не заўважыў, як трапіў у пагранічную зону – слупоў з паведамленнямі ў лесе няма! А тут пагранічнікі: “Так-с, парушаем закон!” І хто вінаваты? Той, хто парушае па няведанню, – ці той, хто гэтае няведанне дапусціў?

    Але вернемся да нашага цягніка. Многім людзям, якія не маюць дазволу на ўезд у пагранічную зону, памежнікі ідуць насустрач: у суправаджэнні “чалавека  пагонах” вы можаце прайсці на вакзал і тут жа, у мясцовым аддзяленні Беларусбанка, аплаціць квіток, які дазваляе вам знаходзіцца ў пагранічнай зоне. Аднак мясцовае аддзяленне – не кругласутачная крама: тут ёсць графік работы, тэхнічныя перапынкі, выхадныя. І што застаецца рабіць чалавеку, у якога не аказалася патрэбнай паперкі? Сядзець і чакаць, пакуль адчыніцца каса аддзялення ці вяртацца першым жа цягніком назад?

    Зразумела, што многія нашы грамадзяне жывуць па прынцыпу “капейка рубель беражэ”. Не раз чуў, як на платформе разгараліся спрэчкі:

    – Не буду я плаціць! Я ў Астравец еду – там жыву!

    На што ў адказ звычайна гучыць:

    – Калі не жадаеце аплаціць дазвол на ўезд у пагранічную зону ці вам непрыемна праходзіць праверку, то выходзьце з цягніка на станцыі ПП “Каменка” – там пагранічнай зоны няма.

    – А як потым да Астраўца дабрацца?

    – Да цягніка падыходзіць аўтобус…

    Некалькі разоў паслухаўшы падобныя размовы, вырашыў праверыць іх праўдзівасць. У адзін не вельмі цёплы панядзелак замест “Мне да Гудагая, калі ласка” прамовіў “Каменка”.

    Знаёмая касір аддзялення Беларускай чыгункі спыніла руку на паўшляху:

    – Куды?

    – Да “Каменкі”.

    – Вы ж заўсёды да Гудагая бераце!

    – Так. Але сёння хачу праверыць праўдзівасць адной інфармацыі, а заадно – сэканоміць. Ды там і пагранічнікаў няма…

    – Чаму няма? – здзівілася касірша. – Там жа таксама пагранічная зона!

    – Ды не, вы памыляецеся…

    – Ну як жа, – стаяла на сваім жанчына. – Мы, калі прадаём білеты да Гудагая ці да Каменкі, абавязаны правяраць наяўнасць дазволу на ўезд у пагранзону.

    І ў пацвярджэнне сваіх слоў паказала мне раздрукоўку, якой карыстаюцца ўсе касіры Беларускай чыгункі, з пералікам станцый і прыпынкаў, што ўваходзяць у пагранічную зону. Сапраўды: ПП “Каменка” знаходзілася ў гэтым пераліку.

    Ужо пазней, калі працаваў над гэтым артыкулам, высветліў, што прыпынак “Каменка” і вёска Слабодка, у якой ён знаходзіцца, НЕ ЎВАХОДЗЯЦЬ у пералік населеных пунктаў прыгранічнай зоны. Але чаму тады аб гэтым не ведаюць на чыгунцы? Відаць, ім пра апошнія змены паведаміць забыліся.

    %d0%bf%d0%be%d0%b3%d1%80%d0%b0%d0%bd%d0%b7%d0%be%d0%bd%d0%b0-%d1%81%d0%bb%d0%be%d0%b1%d0%be%d0%b4%d0%ba%d0%b0

    І ўзнікла яшчэ адно пытанне: навошта патрабаваць, каб касіры правяралі наяўнасць дазволу на ўезд у пагранічную зону, калі гэта робяць пагранічнікі па прыбыцці цягніка на канцавую станцыю?

    Дарэчы, пра праверкі. Чаму дазвол на знаходжанне ў прыгранічнай зоне правяраюць толькі ў прыбываючых? А як жа тыя, хто выязджае? Чаму ў іх не правяраюць наяўнасць аплачанага дазволу на ўезд у пагранічную зону? Прынамсі, я такога не бачыў.

    Ці правяраюцца аўтамабілісты? За шмат гадоў, што ездзіў праз Гудагай на Ашмяны, ні разу не бачыў. Вось калі ехаць на Рытань ці Кямелішкі, то дакладна на дарозе Варона-Рытань і на скрыжаванні пасля Міхалішак сустрэнеш пост, які правярае кожную машыну.

    …За роздумам час ляціць непрыкметна – вось і мой прыпынак: ПП “Каменка”.

    Выходжу, аглядваюся: аўтобуса няма і ў паміне. Выпраўляюся пешшу – аднак перад гэтым заглядваю да работнікаў чыгункі, якія хаваюцца ад непагадзі ў сваёй каморцы.

    – Хлопцы, а аўтобус на Астравец будзе?

    – Які аўтобус? – пераглядваюцца яны. – Ніякіх аўтобусаў тут не бывае. Хіба што з атамкі за будаўнікамі калі-нікалі прыязджае… Можа, да магазіна ў Слабодку якая маршрутка і ходзіць…

    …Каля магазіна некалькі мужчын капаюцца ў агародзе. Пытаюся:

    – Ці будзе аўтобус на Астравец?

    – Які аўтобус? – чую ў адказ. – Няма і ніколі не было аўтобусаў на Астравец.

    – А як жа дабрацца да горада?

    – Пешшу. Ці тэлефануйце таксі.

    Добра, патэлефануем. Таксі да горада абыходзіцца ў 6 рублёў. Сэканоміць не атрымалася...

    Ужо з работы тэлефаную на аўтастанцыю, каб высветліць, ці ёсць аўтобус Астравец-Слабодка.

    – Не, – чую ў адказ. – І пакуль не плануецца.

    Так што ж паказала мая “праверка”?

    Першае: хочацца вам таго ці не, але, калі прыязджаеце на станцыю “Гудагай”, незалежна ад таго, калі і куды вы паедзеце далей, вам трэба мець пры сабе пашпарт і аплачаны квіток на ўезд у пагранічную зону – інакш непрыемнасці непазбежныя.

    Другое: калі вы ездзіце прыгарадным дызель-цягніком, можна выйсці на прыпыначным пункце “Каменка” – але ў гэтым разе варта загадзя паклапаціцца аб тым, як вы дабярэцеся да Астраўца ці куды далей.

    У любым выпадку, перш чым ехаць на Астравеччыну, праверце наяўнасць неабходных дакументаў і грошай.

    Антон МАЛЬШЭЎСКІ.

    Автор: Антон МальшэўскіАстравецкая праўда
    Теги: 

Комментарии (0)