05 Мая, 2024 Воскресенье

Для навядзення парадку сродкі не патрэбны

  • 09 ноября 2016 Общество Беларуская 0

    На мінулым тыдні мабільныя групы Мінскай абласной інспекцыі Дзяржтэхнагляду праверылі ход пастаноўкі тэхнікі на зімовае захоўванне і навядзення парадку на машынных дварах у гаспадарках Барысаўскага раёна. Да адной з такіх груп на чале з начальнікам абласной інспекцыі Дзяржтэхнагляду Валерыем Злотнікам падключыўся і карэспандэнт газеты “А”.

    Першым аб’ектам наведвання мабільнай групы стаў машынны двор аддзялення “Навасёлкі” філіяла “Вялікія Навасёлкі” УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў”. Тэрыторыя машыннага двара абнесена капітальнай жалезабетоннай агарожай, зайсці можна толькі праз абсталяваную турнікетам прахадную, таму пабочныя асобы трапіць туды ніяк не могуць. А ўстаноўленыя камеры відэаназірання даюць магчымасць работнікам аховы ў рэжыме рэальнага часу сачыць за ўсім, што робіцца на тэрыторыі машыннага двара.

    Побач з прахадной сёлета уступіў у эксплуатацыю пабудаваны гаспадарчым спосабам бытавы корпус з душам, санітарным вузлом і кабінетамі для галоўнага інжынера, галоўнага агранома і тэхнічнага персаналу інжынернай службы. У суседнім памяшканні размешчаны дыспетчарская, а таксама клас па тэхніцы бяспекі. Пасля праведзенай рэканструкцыі сучасны выгляд набыла механізаваная мыйка, на якой практычна круглы год наладжана мыццё ўсіх відаў сельскагаспадарчай тэхнікі.

    Як на тэрыторыі машыннага двара, так і ў боксах для захоўвання складанай сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама ў дзвюх рамонтных майстэрнях – чысціня і парадак. Асабна выдзелены і абазначаны спецыяльнымі ўказальнікамі пляцоўкі для захоўвання зношаных шын і металалому.

    У халодны час майстэрні ацяпляюцца мясцовымі відамі паліва, для механізатараў і рамонтнікаў там абсталяваны гардэроб і пакой для адпачынку і прыёму ежы, маюцца такарнае і зварачнае аддзяленні, электрацэх, склад для захоўвання запчасцей.

    Збожжаўборачныя камбайны, кормаўборачная і іншая складаная тэхніка захоўваецца ў закрытым памяшканні ангара-арачніка на спецыяльных металічных падстаўках. А пасяўныя і глебаапрацоўчыя агрэгаты пастаўлены на зімовае захоўванне на спецыяльна выдзеленай для гэтай мэты агароджанай і заасфальтаванай пляцоўцы. У спрыяльнае надвор’е працягваюцца работы па бетанаванню тэрыторыі машыннага двара, большая частка якога ўжо мае цвёрдае пакрыццё.

    – Да канца кастрычніка практычна ўся сельскагаспадарчая тэхніка, якая не задзейнічана ў рабоце, была ачышчана, памыта і пастаўлена на зімовае захоўванне,– паведаміў галоўны інжынер філіяла Васіль Шамятавец.– Згодна з патрабаваннямі Дзяржстандарта, з камбайнаў зняты жняяркі, акумулятарныя батарэі, рамяні і ланцугі, колы разгружаны і пафарбаваны, рабочыя органы ўсіх сельскагаспадарчых агрэгатаў пакрыты змазкай або пафарбаваны грунтоўкай. Уся пастаўленая на захоўванне тэхніка прадэфектавана, складзены графікі рамонту машын і механізмаў.

    Паводле слоў галоўнага інжынера, пастаноўкай тэхнікі на зімовае захоўванне і яе рамонтам у гаспадарцы займаюцца самі механізатары, за якімі яна замацавана. У аддзяленні “Навасёлкі” не першы год гэту работу арганізоўваюць начальнік рамонтна-механічнага ўчастка Леанід Сманцар і майстар участка сельскагаспадарчых машын Барыс Сталяроў, а ў аддзяленні “Маісееўшчына” – вядучы інжынер Аляксей Грыгарчук. Дапамагаюць механізатарам створаныя на базе машынных двароў звенні рамонтнікаў, у склад якіх уваходзяць слесары, токары, зваршчыкі і фрэзероўшчык. І хаця “навасельцам” даводзіцца карыстацца такарнымі і фрэзерным станкамі, якія эксплуатуюцца не адзін дзесятак гадоў, тым не менш яны ўмудраюцца нават на такіх “рарытэтах” рэстаўрыраваць некаторыя не вельмі складаныя вузлы і дэталі. Ім дапамагаюць у гэтым і рамонтнікі галаўнога прадпрыемства – камбіната хлебапрадуктаў.

    Дарэчы, як адзначыў Васіль Генадзьевіч, камбінат хлебапрадуктаў аказвае філіялу і фінансавую дапамогу ў набыцці некаторых матэрыялаў, у тым ліку і для бетанавання тэрыторыі машыннага двара.

    …Азнаёмілася мабільная група з ходам пастаноўкі тэхнікі на зімовае захоўванне і навядзенню парадку на машынным двары і ААТ “Боркі Агра”. Начальнік абласной інспекцыі Дзяржтэхнагляду Валерый Злотнік, які раней наведваў гэту гаспадарку, адзначыў істотныя зрухі ў гэтай рабоце: адрамантаваны дах павеці для захоўвання складанай сельскагаспадарчай тэхнікі, устаноўлена агароджа, скошана пустазелле, якое раней раскашавала на машынным двары. І ў той жа час былі выяўлены парушэнні ў пастаноўцы некаторых відаў сельскагаспадарчай тэхнікі на зімовае захоўванне. У прыватнасці, некаторыя збожжаўборачныя камбайны пастаўлены на драўляныя калодкі з дабаўленнем абрэзкаў дошак, чаго рабіць катэгарычна нельга. А пад павеццю збожжатока стаяў апырсквальнік, у помпе якога замерзла не злітая механізатарам вада, якая пры далейшым павышэнні марозу магла б “разарваць” агрэгат.

    Падчас падвядзення вынікаў праверкі мабільнымі групамі ў зале пасяджэнняў райвыканкама з удзелам кіраўнікоў і галоўных інжынераў гаспадарак, акрамя філіяла “Вялікія Навасёлкі”, была адзначана станоўчая работа АЖГ “Траянаўка” ААТ “БАТЭ” – кіруючая кампанія холдынгу “Аўтакампаненты”, ПСГ “Чарневічы” ААТ “Барысаўскі завод агрэгатаў”, філіяла “Ніўкі” УП “Папяровая фабрыка” Дзяржзнака. У той жа час указвалася на значныя недахопы, якіх больш за ўсё было выяўлена ў ААТ “ДАК-Агра”, ААТ “Забашавічы”, ААТ “Аграфірма імя Суворава” і некаторых іншых гаспадарках. Пры гэтым звярталася ўвага кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў на тое, што для навядзення элементарнага парадку на машынных дварах не патрэбны вялікія матэрыяльныя сродкі, варта толькі арганізаваць і зацікавіць людзей.

    Мікалай ЧАЛЕЙ, фота аўтара

    Автор: Николай ЧАЛЕЙЕдинство
    Теги: 

Комментарии (0)