«Не пралюбадзейнічай». Алеся меркавала, што дадзенае выслоўе датычыцца здрадаў у шлюбе. Аднак, прыйшоўшы да старога святара на споведзь і каючыся ў гэтым граху, Алеся пачула наступнае:«Не пралюбадзейнічай — гэта значыць яшчэ і не пералюбі. У любові павінны быць межы. Любіць трэба з розумам. Інакш гэтае пачуццё можа стаць не радасцю, а мукай і нават пакараннем».
Алеся толькі пачынала знаёміцца з праваслаўем. Многае яна яшчэ не разумела. Доўгі час меркавала, што і ў царкву ёй не патрэбна хадзіць. І не таму, што адмаўляла існаванне Бога, а таму, што лічыла, што Ён і так ёсць у яе душы. І ў гэтую аксіёму яна свята верыла.
На працягу многіх гадоў Алеся жыла, празмерна не задумваючыся пра сэнс свайго жыцця. Навошта ўскладняць гэтым сваё існаванне. Варта проста жыць — лёгкадумна, ні ў чым сабе не адмаўляючы. І Алеся прытрымлівалася гэтых прынцыпаў.
Пасля заканчэння інстытута Алеся ўладкавалася на прэстыжную работу, якая давала ёй не толькі матэрыяльны дастатак, але і душэўнае задавальненне. І гэтаму Алеся была вельмі рада. А вось асабістае жыццё ў яе чамусьці не ладзілася. Здаецца, перашкодаў для гэтага не было: яна была прыгожая, разумная, мела выдатнае пачуццё гумару. Алеся неаднаразова спрабавала наладзіць сваё асабістае жыццё, толькі нічога не атрымлівалася. А аднойчы яна сустрэла Вадзіма. Тое, што ён быў старэйшы за яе, ды яшчэ і жанаты, не засмуціла Алесю, не спыніла яе. І вера, якая была ў яе душы, чамусьці таксама не супрацівілася рашэнню дзяўчыны сустракацца з жанатым мужчынам.
Жонку Вадзіма Алеся ніколі не бачыла. Штосьці пра яе расказваў сам Вадзім, а часам і скардзіўся на яе. Маўляў, і характар у яе дрэнны, ды і пасля нараджэння дваіх дзяцей выглядае ўжо не такой прывабнай, як раней. У інтымным жыцці, як гаварыў Вадзім, жонка таксама яго не задавальняе.
Каханне да Вадзіма нібыта асляпіла Алесю. Яна адчувала сябе акрыленай, шчаслівай, і сваю будучыню меркавала звязаць з Вадзімам. Яна лічыла, што ён абавязкова кіне сваю жонку. Што пры гэтым будзе адчуваць тая жанчына, мала турбавала Алесю. І свае довады дзяўчына падмацоўвала ганарлівай думкай, якую нібыта адрасоўвала жонцы Вадзіма: «Шчасця на ўсіх не хапае. Ім неабходна дзяліцца з іншымі. Ты зведала смак кахання, а цяпер яго зведаю я».
Лепшая сяброўка Алесі ведала пра яе раман з жанатым мужчынам. Алеся неаднаразова расказвала Вераніцы пра тое, які Вадзім добры і як кахае яе. Слухаючы Алесю, Вераніка спрабавала адгаварыць яе ад гэтага ўчынку.
— Навошта табе жанаты мужчына? У цябе з ім не будзе ніякай будучыні. Ён і прыходзіць да цябе толькі на некалькі гадзін. А калі пра вашу сувязь даведаецца яго жонка? Што ты тады будзеш рабіць? Навошта табе гэтыя праблемы? Ды і, на мой погляд, кепска гэта — сустракацца з жанатым мужчынам. Ты ж нібыта крадзеш яго з сям'і. Апамятайся, пакуль не позна!
З Веранікай Алеся сябравала ўжо многія гады. У адрозненні ад Алесі, тая была больш памяркоўнай, сур'ёзнай. І часам Алеся здзіўлялася, як яны, такія розныя, маглі сябраваць. Тым не менш сябравалі. Ды і Алесі падабалася, што Вераніка заўжды падтрымлівала яе, магла сказаць праўду ў вочы, калі Алеся ў чымсьці памылялася. Вядома, вельмі часта на праўду яна крыўдзілася, але нядоўга. І неаднаразова ў такія моманты Алеся гаварыла Вераніцы: «Ты нібыта мой анёл-ахоўнік, заўжды засцерагаеш ад кепскага».
Вось і ў чарговы раз Вераніка спрабавала адгаварыць сяброўку ад яе рамана.
— Падумай пра жонку Вадзіма. Што будзе яна адчуваць, калі даведаецца пра здраду свайго мужа? Яна ж яго любіць, і ў яе таксама ёсць сэрца. Не рабі балюча боль іншым, паколькі за гэта ты заплаціш уласным болем.
Вераніка ведала, пра што гаварыла. Яе мама перанесла здраду мужа. Вераніка неаднаразова бачыла, як часта плакала мама ад яго чарговага «загула». Тата Веранікі быў вельмі прыгожым мужчынам. Высокі, статны ён падабаўся многім жанчынам. Былі ў яго інтрыжкі па-за шлюбам, з-за якіх пакутавала мама. Разводзіцца, тым не менш, яна не спяшалася з-за дзяцей: усё ж такі ў іх павінен быць бацька. А ён, як пазней зразумела Вераніка, нягледзячы на свае кароткачасовыя інтрыжкі, вельмі любіў сваіх дзяцей — дачку і сына, і пакідаць іх дзеля нейкай іншай жанчыны не збіраўся.
Вераніка таксама любіла свайго тату. І вельмі перажывала за яго, калі ён захварэў. За лічаныя месяцы з прыгожага і статнага ён ператварыўся ў нямоглага старога чалавека. Ад былой прыгажосці і запалу амаль нічога не засталося. Усё забрала хвароба — рак. І ў гэтыя апошнія месяцы мама ні на момант не адыходзіла ад ложка таты, узгадвала Вераніка. А тата, не стрымліваючы слёз, увесь час прасіў прабачэння, цалуючы маміны рукі. Мама ж у гэтыя моманты ніводным словам не нагадала мужу пра яго мінулае.
Верагодна, яна прабачыла яму.
Алеся ведала гісторыю сям'і Веранікі. Толькі чамусьці яна яе не насцярожыла. Алеся лічыла, што нічога падобнага з ёю не можа здарыцца.
А пра тое, што Вадзім можа расстацца з ёю, Алеся таксама не магла падумаць. І калі пачула ад яго гэтыя словы, здавалася, жыццё на нейкі момант для яе спынілася. Не суладаўшы з сабою, яна ўдарыла Вадзіма па шчацы, плачучы, пачала прамаўляць на яго адрас крыўдныя словы і нават праклёны. Толькі і яны не маглі спыніць Вадзіма, вярнуць яго.
У такой роспачы Алеся знаходзілася да вечара. Яна ляжала на ложку, ёй не хацелася ні з кім размаўляць. І калі да яе прыйшла Вераніка, Алеся па-ранейшаму адчувала пачуццё апатыі і раўнадушша.
Вераніка ж, убачыўшы стан Алесі, заварыла для яе кубачак чаю, зрабіла некалькі бутэрбродаў і прымусіла сяброўку паесці. А пасля, замест словаў шкадавання, паглядзеўшы Алесі ў вочы, прамовіла:
— Людзі кажуць, што ўсё, што ні робіцца, — да лепшага. Так і ў тваім выпадку. Жыццё расставіла ўсе кропкі над "і". На мой погляд, інакш і не магло быць. І ўвогуле, хто табе сказаў, што Вадзім і да сустрэчы з табой не здраджваў сваёй жонцы? Я ў гэтым не ўпэўнена. Перастань ідэалізаваць Вадзіма і шкадаваць сябе. І ў далейшым ніколі не звязвайся больш з жанатымі мужчынамі — нічога добрага з гэтага не выходзіць. Вазьмі з гэтай сітуацыі ўрок. Разумею, што табе зараз вельмі кепска, аднак, калі ты будзеш плакаць і шкадаваць сябе, лепш ад гэтага не стане.
Калі Вераніка пайшла, Алеся зноў лягла на ложак. Яна прымушала сябе заснуць, толькі думкі пра Вадзіма не давалі зрабіць гэта. Яе душа балела, і дзяўчыне так хацелася яшчэ раз пабачыць Вадзіма, пачуць яго голас. Яна нават парывалася патэлефанаваць яму. І нават цешыла сябе думкай, што калі трубку падыме жонка, яна абавязкова раскажа ёй ўсё. Няхай і яна памучаецца ад душэўнага болю. Толькі нейкае унутранае пачуццё не давала Алесі зрабіць гэта.
Праводзячы бяссоныя ночы, жывучы нібыта ў тумане, Алеся неяк між іншым успомніла пра Бога. Гэтая думка прыйшла сама сабой. Здавалася б, ніадкуль. І першае, што адчула Алеся, была крыўда на Бога.
— За што мне гэта? Чаму я павінна цяпер плакаць і пакутаваць? Чаму мне так балюча? І колькі гэта будзе доўжыцца?
Па-ранейшаму лічачы, што Бог існуе ў яе душы, якая цяпер нібыта крываточыла, Алеся ў адзін з дзён вырашыла зайсці ў царкву. Яна ўбачыла шмат людзей, якія прысутнічалі на службе, раз-пораз асяняючы сябе крыжам. Некаторыя стаялі ў чарзе на споведзь. Навошта спавядацца і як трэба гэта рабіць, Алеся не ведала. Ды і ўвогуле, для чаго гэта трэба рабіць, яна таксама не разумела. І разам з тым дзяўчына злавіла сябе на думцы, што на самой справе яна нічога не ведае пра Бога.
Каля храма знаходзілася царкоўная лаўка. Зайшоўшы ў яе, Алеся звярнулася да жанчыны, якая там працавала, з просьбай дапамагчы, параіць ёй кнігу, якая раскажа пра Бога.
Брашурка была тоненькая, невялікая. Вечарам Алеся пачала чытаць. І першае, што яна даведалася: Бог ёсць любоў. Ён стварыў гэты свет для людзей, каб яны жылі, радаваліся. А галоўнае — любілі адзін аднаго. Не жадалі адзін аднаму зла, прабачалі крыўды, умелі дапамагаць адзін аднаму. На гэта былі скіраваны і яго запаведзі, сярод якіх Алеся прачытала і наступнае: «Не жадай чужога мужа».
Запаведзі, як зразумела Алеся, і былі тымі правіламі, якія павінен быў выконваць кожны чалавек. Пераступаючы запаведзі, чалавек грашыў, тым самым адыходзячы ад Бога. Запаведзі былі яшчэ і духоўным законам, парушаючы які, чалавек павінен быў несці за гэта расплату.
Значыць, меркавала Алеся, яе душэўныя мукі, боль і ёсць расплата за тое, што яна захацела чужога мужа. Чамусьці ў гэты ж момант яна зразумела і тое, што ніколі не была б шчаслівай з Вадзімам, нават калі б ён пайшоў з сям'і. У гэтым асаблівасць тых духоўных законаў, якія былі ўстаноўлены самім Богам. Як любячы Айцец, ён даў свае запаведзі людзям, засцерагаючы іх тым самым ад многіх непрыемнасцяў.
У брашурцы Алеся прачытала і пра таямніцу споведзі, у якой Бог прабачае чалавеку яго грахі, ратуе яго душу, выратоўвае яе ад гібелі. Толькі чалавек, якому прабачыў Бог, павінен больш не грашыць, а імкнуцца жыць, як таго ад яго патрабавала сумленне, голас Бога, які прысутнічае ў кожнай душы.
… Пасля споведзі Алеся адчула сябе нібыта зноў народжанай. З яе душы нібыта знік нейкі цяжар, хаця боль ад расстання з Вадзімам не прайшоў. Ды і пачуцці яшчэ былі жывыя. Алеся разумела, што, каб забыць пра гэтага мужчыну, ёй неабходны час. Нездарма ж кажуць, што ён лечыць.
Вечарам, кладучыся спаць, Алеся спрабавала маліцца. У царкоўнай лаўцы яна набыла малітоўнік. Аднак пакуль прачытала толькі адну малітву. Яе перапыніў тэлефонны званок. Алеся была здзіўлена: тэлефанаваў Вадзім. Ён прапанаваў ёй зноў сустрэцца. Душа Алесі ўзрадавалася гэтым словам. Дзяўчыне было прыемна іх чуць. Аднак у той жа момант нейкі ўнутраны голас нібыта папярэдзіў: «Не жадай чужога мужа».
… На просьбу Вадзіма Алеся адказала адмоўна і папрасіла яго больш ніколі не тэлефанаваць ёй.

Комментарии (0)