19 Апреля, 2024 Пятница

Служыць Радзіме – справа для сапраўдных мужчын

  • 14 ноября 2016 Общество Беларуская 0

    Мерапрыемства прымеркавалі да 72-й гадавіны подзвіга Героя Савецкага Саюза Пятра Купрыянава, які цаной свайго жыцця забяспечыў таварышам выкананне баявой задачы. Адбыўся мітынг і ўскладанне кветак да помніка герою Вялікай Айчыннай вайны. Удзел у мерапрыемстве прынялі прызыўнікі, ветэраны Узброеных Сіл, прадстаўнікі Слуцкай раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў, ветэранскай арганізацыі 29-й танкавай дывізіі і іншыя.

    Пасля прызыўнікі пабывалі ў казарме, пазнаёміліся з умовамі быту ваеннаслужачых, наведалі музей Транспартных войскаў. Ва ўрачыстай абстаноўцы ветэраны Узброеных Сіл уручылі прызыўнікам павесткі. Наказы на годную службу далі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Вітальеўна Ражанец, ваенны камісар Слуцкага і Старадарожскага раёнаў палкоўнік Аляксандр Міхайлавіч Петравец, намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Слуцкага райвыканкама Андрэй Міхайлавіч Заяц, ветэраны. Ад імя прызыўнікоў выступіў Раман Янушка, ён паабяцаў служыць Радзіме аддана, быць годным памяці тых, хто здабываў Перамогу. Ад райкама БРСМ прызыўнікі атрымалі сувеніры. Начальнік аддзела прызыву райваенкамата Слуцкага і Старадарожскага раёнаў падпалкоўнік Дзяніс Дзмітрыевіч Багдановіч лічыць добрым выхаваўчым момантам уручэнне павестак заслужанымі людзьмі, якія маюць вялікі армейскі вопыт. 

    Больш за 800 чалавек падлягаюць прызыву сёлета. Больш за 700 юнакоў ужо прайшлі мерапрыемствы прызыву. Каля 400 атрымалі адтэрміноўку па пэўных прычынах. Па стане здароўя каля 170 юнакоў залічаны ў запас.

    – Цяпер каля 200 грамадзян  прызваны на тэрміновую ваенную служу і службу ў рэзерве. Адпраўляюцца ва Узброеныя Сілы з 15 лістапада 100 чалавек, якія сёння атрымалі павесткі з рук ветэранаў. Жадаючых праходзіць альтэрнатыўную службу не было. Некалькі  чалавек не з’явіліся на прызыўныя мерапрыемствы. Па выніках прызыву будзе прынята рашэнне пра накіраванне матэрыялаў у пракуратуру для прыцягнення іх да адказнасці. Звяртаю ўвагу грамадзян прызыўнога ўзросту і іх бацькоў на неабходнасць выканання сваіх абавязкаў (адказнасць за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву – да 5 гадоў пазбаўлення волі). Шэраг грамадзян у Мінскай вобласці за гэта парушэнне ўжо прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

    Нагадваю таксама прызыўнікам і іх бацькам пра выкананне абавязкаў па воінскім уліку. У гэтым годзе было нямала парушэнняў, больш за 20 юнакоў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці (ад 2 да 5 базавых велічынь). Памятайце, што ў тыднёвы тэрмін вы павінны паведаміць у ваенкамат, да якога прыпісаны, пра змену месца жыхарства,  вучобы, працы, сямейнага становішча і гэтак далей. Гэта абавязак прызыўніка. Калі юнак прызыўнога ўзросту не стаіць на ўліку  ў ваенкамаце – гэта таксама парушэнне правіл воінскага ўліку. Няведанне закону не вызваляе ад адказнасці, – падкрэслівае Дзяніс Дзмітрыевіч.

    На службу ў армію  імкнецца большасць юнакоў: для многіх гэта магчымасць атрымаць спецыяльнасць або, пасля тэрміновай службы, працоўнае месца ў структурах МУС, МНС, Узброеных Сілах. Асноўнае, чаму вучыць армія, – гэта зносіны, у калектыве спасцігаюцца жыццёвыя законы. І кожны юнак, які лічыць сябе грамадзянінам Беларусі, ведае яе гісторыю, не можа адмаўляцца ад службы ва Узброеных Сілах нашай краіны, упэўнены Дзяніс Дзмітрыевіч Багдановіч. Армія крочыць у нагу з часам. Спытайце ў адслужыўшых, што для іх армія, і большасць адкажа: час спасціжэння многіх ісцін, асноўных жыццёвых  каштоўнасцей.

    Автор: Ірына МІРГАРАДАВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)