05 Июля, 2025 Суббота

У свеце жывёл і птушак

  • 16 ноября 2016 Общество Беларуская 0

    У калекцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне каля тысячы чучал жывёл і птушак. Сярод іх — мядзведзь-гітарыст і воўк, які вандраваў па школах, мыш-малютка, пяць вавёрак. У многіх свая цікавая гісторыя.

    Амаль 35 гадоў  калекцыяй «Прыродазнаўчыя помнікі» займаецца старшы навуковы супрацоўнік Наталля Сухіна.

    — Ва ўсе часы былі паляўнічыя. Чучал, як правіла, вырабляюць са здабычы або з жывёл і птушак, якія загінулі па незалежных ад чалавека прычынах, — гаворыць Наталля Уладзіміраўна. – У нашых фондах ёсць некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў фаўны, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі. Гэта тлумачыцца тым, што да яе выхаду ў свет (1981 год) не было ніякіх абмежаванняў для паляўнічых.

    Спецыялістаў, якія робяць чучалы для музеяў, адзінкі ў Беларусі і нават у свеце. У нашым краязнаўчым пераважная большасць экспанатаў калекцыі «Прыродазнаўчыя помнікі» зроблена спецыялістамі з Мінска Віктарам Слесарэвічам і Рыгорам Сухавым.

    У калекцыі вылучаецца няясыць (шэрая сава). Пры жыцці ў арганізме гэтай птушкі адбыліся генныя змяненні, і пер’е перафарбавалася ў руды колер.

    — Гэта такая ж рэдкая з’ява ў прыродзе, як і белая варона, — гаворыць Наталля Уладзіміраўна. — Перадаў экспанат у 80-я гады мінулага стагоддзя ляснічы з Хажова ці Хоўхлава. На жаль, з цягам часу дакладная інфармацыя пра яго страчана. Гэты чалавек сам зрабіў чучала, але работа была выканана няякасна. Таму музейшчыкам давялося звяртацца да прафесіянала Віктара Слесарэвіча. Менавіта ён у савецкія часы зрабіў чучала гогаля, які таксама ёсць у нашым музеі. Тады ён не думаў нават, што ў 2016-м гэта качка Таварыствам аховы птушак Бацькаўшчыны будзе названа птушкай года Беларусі.

    Легенда пра мядзведзя-гітарыста

    Адзін з самых старых экспанатаў калекцыі — буры мядзведзь. Па версіі больш сталага пакалення музейшчыкаў, касалапага ў 1963 годзе прывезлі са знакамітага ленінградскага рэстарана «Асторыя», дзе ён упрыгожваў інтэр’ер, трымаючы ў лапах гітару. У Маладзечне яе замянілі на бервяно.

    — Чамусьці я веру ў гэту гісторыю. Яе расказаў навуковы супрацоўнік Анатолій Кажура, які меў выдатнае пачуццё гумару і прыдумваў розныя легенды, — заўважае Наталля Сухіна. – Дакладна вядома, што гэтага мядзведзя прывезлі з Ленінграда, а здабыты ён паляўнічымі ў Смаленску.

    Як воўк па школах вандраваў

    Больш за 40 гадоў знаходзіцца ў музеі і звычайны воўк — трафей паляўнічых з мясцовых лясоў. Разам з работнікамі ўстановы ён «аб’ездзіў» большасць школ і дзіцячых лагераў адпачынку раёна, дзе арганізоўваліся перасовачныя выстаўкі.

    А лось — самі цяжкі экспанат калекцыі. Ён важыць амаль 120 кілаграмаў. Меркавалася, што чучала будзе знаходзіцца разам з іншымі на другім паверсе будынка музея, але ніхто не змог перацягнуць яго туды. Таму лось застаўся на першым паверсе. Каля яго вельмі любяць фатаграфавацца наведвальнікі.

    Беларускае калібры і адзінокі вуж

    Самыя мініяцюрныя экспанаты — мыш-малютка і жоўтагаловы каралёк (яго, дарэчы, называюць беларускім калібры). У савецкія часы яны былі набыты праз спецыялізаваную гандлёвую сетку краіны. Найбольш у калекцыі вавёрак – усе пяць з мясцовых лясоў. Адну з іх у 1987 годзе перадалі супрацоўнікі дзіцячага сада №30. Яны знайшлі падбітую жывёліну ў прыгарадзе. Выратаваць вавёрку ўжо было немагчыма. І Рыгор Сухаў зрабіў з яе чучала.

    Усяго адным экспанатам – вужам — прадстаўлены ў калекцыі земнаводныя і паўзучыя.

    Пінгвіны з танкера?

    Нельга не прыгадаць і пра чучалы дарослага імператарскага пінгвіна і яго дзіцяня. Кажуць, што ў 70-я гады мінулага стагоддзя да Адэскага порта быў прыпісаны танкер «Маладзечна», каманда якога і перадала іх сюды.

    — Тое, што ў нашага горада  былі сябры з танкера «Маладзечна», абсалютная праўда. А вось ці яны прывезлі сюды чучалы пінгвінаў, дакладна невядома, — заўважае субяседніца.

    Цана пытання

    Рысь — самы дарагі экспанат калекцыі. Яго набылі пяць гадоў таму праз спецыялізаваную гандлёвую сетку за 13 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

    Наогул, кошт чучал залежыць ад таго, наколькі жывёліна або птушка рэдкая ў прыродзе. Цана на зубра можа быць большая за 80 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Грошы на набыццё экспанатаў выдаткоўваюцца з абласнога бюджэту. Апошні раз калекцыя папаўнялася ў 2015-м: тады былі набыты вавёрка і лебедзь.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Ірына РАБУШКА.Маладзечанская газета

Комментарии (0)