У мінулую пятніцу гасцінны, прыгожы і ўтульны Бярозаўскі раён стаў месцам правядзення абласнога семінара прадстаўнікоў СМІ. Арганізатарамі сустрэчы выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама сумесна з Брэсцкай абласной арганізацыяй ГА “Беларускі саюз журналістаў”.
Удзельнікі творчай лятучкі за “круглым сталом” абмяркоўвалі актуальныя газетныя пытанні. Пра ролю сродкаў масавай інфармацыі гаварылі першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення Таццяна Гагакава і начальнік аддзела па рабоце са СМІ Вадзім Ляўковіч. Старшыня абласной журналісцкай арганізацыі Аляксандр Лагвіновіч выступіў з ініцыятывай стварэння на Брэстчыне клубаў маладых журналістаў і журналістаў-настаўнікаў. Пра эканамічнае і сацыяльнае становішча Бярозаўскага раёна расказаў яго кіраўнік Леанід Мартынюк, адказаў на шматлікія пытанні.
Незабыўныя ўражанні пакінула экскурсія па найбольш цікавых аб’ектах, прадпрыемствах і гістарычных мясцінах Бярозаўшчыны. Райцэнтр на рацэ Ясельда прапісаны на карце больш за пяць стагоддзяў. Гісторыя яго назвы авеяна таямнічасцю і прывабнасцю. Бярозаўцы легенды гэтыя зацікаўлена пераказваюць гасцям рэгіёна.
Журналісты наведалі ААТ “Бярозабудматэрыялы”, дзе ім прадэманстравалі вытворчасць запатрабаванай прадукцыі – керамічнай пліткі, што экспартуецца не толькі ў Расію, але і ў Польшчу, Літву, Казахстан і іншыя краіны. Сёння прадпрыемства прапаноўвае яе пакупнікам у шырокім асартыменце з модным дызайнам і на любы густ.
Экскурсія ў рэспубліканскі біялагічны заказнік “Спораўскі” выклікала захапленне, зачараванне ад неабсяжнай прасторы і навакольнай прыгажосці. Флора і фаўна заказніка прадстаўлены рэдкімі відамі, занесенымі ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Дзясяты год запар каманды не толькі з Беларусі з’язджаюцца сюды на абласны чэмпіянат па ручной касьбе “Спораўскія сенакосы”. Турысты наведваюць гэты ўнікальны куток прыроды і каб паслухаць птушыны хор, прайсціся па экалагічнай сцежцы, проста адпачыць у цішыні і спакоі ва ўтульных нумарах.
Пабывалі газетчыкі і на новым энергаблоку Бярозаўскай ДРЭС, пабудаваным за 35 месяцаў па беларуска-кітайскім праекце. Сёння адна з буйнейшых цеплавых электрастанцый у краіне забяспечвае электраэнергіяй не толькі Брэсцкую вобласць, але і шэраг іншых рэгіёнаў рэспублікі.
Комментарии (0)