24 Апреля, 2024 Среда

Сельскія партрэты

  • 18 ноября 2016 Общество Беларуская 0

    З чаго пачынаецца сельская гаспадарка? З вёскі, дзе адзін да аднаго туляцца рознакаляровыя дамкі, а з імі суседнічаюць сучасныя калгасныя домікі. З зерня, якое старанна ў глебу прыгарнулі спрацаваныя рукі гаспадара, а на калгасных палетках – тэхніка хлебаробаў. З малака, якім рагулі аддзячваюць за клопат даяркам і жывёлаводам на малочных фермах і комплексах, і з хатняга сырадою. З партрэтаў вясковых людзей, маляваць якіх можна бясконца…

    %d1%81%d0%b5%d0%bb%d1%8c%d1%81%d0%ba%d0%b8%d0%b5-%d0%bf%d0%be%d1%80%d1%82%d1%80%d0%b5%d1%82%d1%8b-%d1%81%d0%b8%d0%bb%d1%8c%d0%b2%d0%b0%d0%bd%d0%be%d0%b2%d0%b8%d1%87Ветэрынарны ўрач Анатоль Генрыхавіч Сільвановіч, МТК “Германішкі” СВК “Гудагай”

    Кажуць, што сутнасць чалавека праяўляецца тады, калі ён застаецца сам-насам са слабейшым за сябе – з дзецьмі ці жывёлай. Ветэрынарны ўрач МТК “Германішкі”, клапатлівы муж і бацька траіх дзяцей, Анатоль Генрыхавіч Сільвановіч з дзяцінства любіць жывёл. Яшчэ са школьнай пары, калі дапамагаў па гаспадарцы бацькам, ён дакладна ведаў, кім хоча стаць – толькі ветэрынарам.

    – З дзяцінства любіў назіраць за жывёламі, клапаціцца пра іх, – успамінае Анатоль Генрыхавіч. – Памятаю, у рукі мне трапіла кніга англійскага пісьменніка “О всех созданиях – больших и маленьких”, дзе размова ішла пра жыццёвы шлях ветэрынара. Яго жыццеапісанне так натхніла мяне, што ў 8 класе, калі мы пісалі сачыненне на тэму “Кім я хачу стаць?”, я распавёў пра сваю мару. Тая, здавалася б, выпадковая кніга прадвызначыла маё жыццё. Я прачытаў усе кнігі пра жывёл са школьнай бібліятэкі.

    У 1990 годзе Анатоль спрабаваў паступіць у Мінскі сельскагаспадарчы інстытут – але не атрымалася. Бацькам ён сказаў сваё рашучае “хопіць”, але тыя ўгаварылі сына яшчэ раз паспытаць лёс – і ён, на дзіва, згадзіўся.

    – Паступіў у Ільінскі ветэрынарны тэхнікум. Адслужыў у арміі, вярнуўся, каб адвучыцца, хоць пасля службы вельмі не хацелася “грызці граніт навукі”… Мінула крыху больш за 20 гадоў, як я стала працую ў гэтай гаспадарцы, а, здаецца, прайшло толькі імгненне, – кажа мужчына. –  Раней комплексаў не было – мяне замацавалі за некалькімі  фермамі. Маглі выклікаць у любы час дня і ночы – жывёле ж трэба дапамагаць.

    – А калі збудавалі ў Германішках комплекс, пайшоў працаваць на яго ветэрынарным урачом-гінеколагам, – працягвае мужчына. – Часам задумваюся: комплексы ўсюды аднолькавыя, а вытворчыя вынікі – розныя. Мы доім шмат, а хтосьці мала. У чым прычына? Для сябе я знайшоў толькі адзін адказ: у калектыве, а ён у нас – згуртаваны і дружны, кожны чалавек знаходзіцца на сваім месцы.

     Анатоль Генрыхавіч, як сапраўдны мужчына, пабудаваў дом, пасадзіў сад і выгадаваў не аднаго, а двух сыноў і дачушку-пястушку.

    – Жонка Ядвіга працуе ў Палушанскім дзіцячым садку. Сын Дзмітрый вучыцца ў Мінску, а Мікалай – у Салігорску. Дачка Маргарыта вучыцца ў шостым класе Гудагайскай сярэдняй школы, –  расказвае Анатоль Генрыхавіч. – Па жыцці я сам да ўсяго прыходзіў. Звычайны зруб стаў утульным і прасторным домам, прышчэпленыя дзічкі – вялікім садам, а захапленне жывёламі вылілася не толькі ў прафесію – разам з жонкай трымаем дзве каровы, авечак, свіней. Але галоўны скарб – зямля. На прысядзібным участку я адпачываю душой.

    %d1%81%d0%b5%d0%bb%d1%8c%d1%81%d0%ba%d0%b8%d0%b5-%d0%bf%d0%be%d1%80%d1%82%d1%80%d0%b5%d1%82%d1%8b-%d1%88%d0%b0%d0%bf%d1%83%d1%80%d0%b0

    Загадчыца малочна-таварнага комплекса Любоў Аркадзьеўна Шапура, МТК “Рымдзюны” СВК “Гервяты”

    Сучасныя, буйнагабарытныя малочныя комплексы нагадваюць сабой гадзіннік. Адладжаная і вывераная работа спыніцца, калі хоць адзін механізм дасць збой. Згуртаваць калектыў, прасачыць за дойкай, праверыць кармы – з гэтымі і не толькі абавязкамі штодзень добра спраўляецца начальнік МТК “Рымдзюны” Любоў Аркадзьеўна Шапура.

    – Родам я з Літвы. У сельскую гаспадарку трапіла выпадкова, але, думаю, на ўсё жыццё, – дзеліцца думкамі жанчына. – Спачатку працавала ў СВК “Варняны”, а пасля – у СВК “Гервяты”. Аднак школу, якую я прайшла ў варнянскай гаспадарцы, успамінаю і зараз. Напэўна, без вопыту і ведаў, якія я там атрымала, не змагла б кіраваць нашай “малочнай фабрыкай”.

    Пяць гадоў назад, калі адкрывалі малочна-таварны комплекс у Рымдзюнах, Любоў Аркадзьеўну папрасілі на некалькі месяцаў яго ўзначаліць: маўляў, на час, пакуль не знойдзем чалавека. Месяц расцягнуўся на пяць гадоў – але жанчына ніводнага разу не пашкадавала, што тады згадзілася.

    – Было вельмі складана. Усё пачыналі з нуля: прывучалі кароў да даільнай залы, фарміравалі групы… А колькі людзей змянілася, пакуль не склаўся калектыў, – успамінае начальнік комплексу. – З першага дня тут працуюць чатыры даяркі. Вельмі працавітым і адказным быў трактарыст Зянон Мечыслававіч Вештарт, які нядаўна, на жаль, сышоў з жыцця…

    Зараз на комплексе ўтрымліваецца 970 галоў, з якіх 600 – дойны статак. У адрозненні ад іншых комплексаў, на МТК “Рымдзюны” няма цэха дарошчвання – бычкі пераязджаюць у Гервяты на адкормачны комплекс.

    Усяго ў падначаленні Любові Аркадзьеўны – 31 чалавек. Жанчына часта мяняе ролю кіраўніка на псіхолага.

    – У кожнага чалавека свой характар. Людзі прыходзяць на работу часам засмучаныя ці заклапочаныя, – расказвае загадчыца МТК “Рымдзюны”. – Работа на ферме займае значна больш часу, чым сям’я. Увогуле, людзей любіць трэба і шкадаваць: у кожнага чалавека свая нялёгкая дарога, а вось колькі ў ёй добрых слоў, спачування ці проста ўсмешкі, залежыць ад нас.

    %d1%81%d0%b5%d0%bb%d1%8c%d1%81%d0%ba%d0%b8%d0%b5-%d0%bf%d0%be%d1%80%d1%82%d1%80%d0%b5%d1%82%d1%8b-%d1%82%d1%80%d0%b8%d0%b1%d0%be%d1%86%d0%ba%d0%b8%d0%b9

    Трактарыст-машыніст Віталь Іванавіч Трыбоцкі, саўгас “Падольскі”

    Няма той работы ў саўгасе “Падольскі”, на якой не быў бы заняты трактарыст Віталь Трыбоцкі. Такіх працаўнікоў называюць “спецыялістамі шырокага профілю”. За што ні возьмецца – зробіць толкам.

    З ранняй вясны і да позняй восені мужчына прападае ў полі: культывуе глебу, сее збажыну, а летам мяняе трактар на камбайн, каб у час з саўгасных ніў прыбраць саспелую збажыну.

    – Найбольш люблю жніво, – прызнаецца мужчына. – Нездарма яго называюць бітвай за ўраджай: за кожнае зярнятка даводзіцца змагацца з непагаддзю, вырываць саспелыя каласы ў рос… Не толькі мы, камбайнеры, у гэты час жывём у рэжыме жніва, але і ўся гаспадарка. Мой асабісты рэкорд –1 200 намалочаных тон зерня. Бывала і значна менш – год на год не прыходзіцца.

    Віталь, так бы мовіць, працаўнік “сваёй гадоўлі”. Бацька Іван усё жыццё адпрацаваў трактарыстам у мясцовай гаспадарцы. Мама Генуэфа была загадчыцай клуба. Як і ўсе на вёсцы, Трыбоцкія трымалі карову, бычкоў, свіней. А галоўнымі памочнікамі па гаспадарцы былі дзеці – два сыны і дачка.

    – Жыць у горадзе я ніколі не марыў. Ды і як прамяняць вясковыя краявіды на гарадскія панарамы шэрых шматпавярховікаў, знаёмыя з дзяцінства пах сена і змолатай збажыны – на загазаванае паветра? – разважае трактарыст-машыніст. – Пасля школы я адвучыўся на трактарыста ў Варнянскім вучэбна-вытворчым камбінаце і прыйшоў працаваць у рытанскі калгас.

    З таго часу, калі яму, учарашняму школьніку, даверылі трактар, мінула ўжо дзесяць гадоў...

    Пасля работы, якая, вядома, у саўгасе, як і ва ўсіх гаспадарках, заканчваецца познім вечарам, Віталь імчыць у Літвяны да маці, каб дапамагчы ёй па гаспадарцы. Жанчына хоць і пахавала мужа, але па-ранейшаму трымае карову, свіней і марыць пра тое, што яе сын – просты, шчыры і працавіты – нарэшце спаткае свой лёс, а ў прасторным доме ў Рытані, які Віталю выдзеліла саўгаснае кіраўніцтва, загучыць дзіцячы смех.

    %d1%81%d0%b5%d0%bb%d1%8c%d1%81%d0%ba%d0%b8%d0%b5-%d0%bf%d0%be%d1%80%d1%82%d1%80%d0%b5%d1%82%d1%8b-%d1%8f%d0%bd%d0%ba%d0%be%d0%b9%d1%82%d1%8cЗагадчыца зернесклада Ганна Віктараўна Янкойць, СВК “Варняны”

    У Быстрыцы Вілія віецца ледзьве не ля хат. Магчыма, таму людзі, якія нарадзіліся ў гэтай старажытнай і прыгожай вёсцы, па характары такія ж, як і рака,  імклівыя, хуткія і спрытныя. Загадчыца зернесклада “Варона” Ганна Віктараўна Янкойць – не выключэнне.

    Ганну і яе сястру Еву маці гадавала адна. Хто, як не дачушкі, будуць першымі памочніцамі на ферме і ў хаце?

    – Пасля танцаў рана ўставала і ішла на ферму. А так хацелася паспаць лішнюю гадзіну, – успамінае Ганна Віктараўна. – Крыўдна было, што сяброўкі бачаць трэція сны, а я ні свет ні зара ўжо на ферме –   дапамагаю маці даіць кароў. Гэта зараз я разумею, як ёй адной цяжка было!

    Пасля Быстрыцкай васьмігодкі Ганна перайшла ў Варнянскую сярэднюю школу. У мясцовым вучэбна-вытворчым камбінаце адвучылася на прадаўца і адразу ж пайшла працаваць у падсобны цэх калгаса імя Куйбышава.

    – Пасля замужжа стала прадаўцом у магазіне ў Нідзянах. Дваццаць пяць гадоў прысвяціла раённаму гандлю, – расказвае жанчына. – Пакрысе вёска стала выміраць, пакупнікоў паменшала. І тры гады назад я перайшла ў СВК “Варняны”. Думала, што работа загадчыцы зернесклада нескладаная – але  як я памылялася!

    Падчас жніва зернесушылка ў Вароне працуе ледзьве не суткі навылет. Збожжа трэба давесці да патрэбнай  кандыцыі, размеркаваць па складах, здаць дзяржаве. А зімой – захаваць ураджай да наступнага года.

    – На захоўванні ў нас знаходзіцца 1 100 тон зернефуражу, 180 тон насенневага фонду, – расказвае загадчыца зернесклада. – Акрамя гэтага, тут захоўваецца 150 тон бульбы і 50 тон яблыкаў, за якімі трэба пастаянна сачыць, выдаляць папсаваныя клубні і плады.

    Ганна Віктараўна прачынаецца з сонейкам. Гэтак жа, як і яно, радасна ўсміхаецца наро-джанаму дню і новым, хоць і нялёгкім, але прыемным працоўным клопатам. Жанчына штодзень упэўнена заводзіць свой скутар і імчыць з Нідзян у Варону, дзе яе чакаюць залатыя россыпы збожжа.

    Алена ГАНУЛІЧ.

    Автор: Алена ГанулічАстравецкая праўда

Комментарии (0)