25 Апреля, 2024 Четверг

Браслаўскія аграсядзібы: ад рыбалкі да кантактнага заапарка

  • 21 ноября 2016 Общество Беларуская 0

    У Віцебскай вобласці зарэгістравана больш за 600 аграэкасядзіб. Лідарам па іх колькасці з’яўляецца Браслаўшчына. Не дзіўна, што кожны год нашы аграсядзібы трапляюць у лік пераможцаў і прызёраў розных профільных конкурсаў.

    АДПАЧЫНАК І ЗАБАВЫ

    Аграэкатурызм — цудоўная магчымасць для жыхароў вялікіх гарадоў адпачыць на ўлонні прыроды ў камфортных умовах, а для гасцей з замежжа — яшчэ і шанс пазнаёміцца з культурай нашай краіны. Гэта не проста адпачынак, але яшчэ і маса забаў і магчымасцей, якіх пазбаўлены гараджане. Аграсядзібы Браслаўшчыны прапаноўваюць разнастайны і шырокі спектр паслуг, сярод якіх абавязкова рыбалка. Каб парыбачыць на нашых азёрах, нават не абавязкова везці з сабой неабходныя рыбацкія снасці. Гаспадары сядзіб прапаноўваюць вудачкі, лодкі і нават майстар-класы па лоўлі, а потым адкрыюць сакрэт сапраўднай браслаўскай юшкі і дапамогуць прыгатаваць улоў на вогнішчы. Часцей за ўсё ў пераліку паслуг — наведванне традыцыйнай вясковай лазні з самаробнымі венікамі, а пасля — акунанне ў возера ці міні-басейн. Сярод прапаноў для баўлення вольнага часу даволі часта сустракаецца магчымасць арганізаваць майстар-класы па народных рамёствах, экскурсіі па Браслаўшчыне і наведванне музеяў. Дарэчы, некаторыя гаспадары самі захапляюцца даследаваннем гісторыі краю і займаюцца зборам старадаўніх рэчаў, якія потым выстаўляюць ва ўласным імправізаваным музейным кутку.

    ШУКАЦЬ СВАЮ ІНДЫВІДУАЛЬНАСЦЬ

    Разам з тым уладальнікі сядзіб, каб зацікавіць турыста, імкнуцца ўнесці разынку ў свае паслугі. Сярод цікавых прапаноў — кантактны заапарк, дзе можна не толькі пазнаёміцца з хатнімі жывёламі, але і навучыцца азам догляду за імі. Па жаданні гасцей арганізоўваюцца катанні на конях ці на больш сучасных транспартных сродках — квадрацыклах і снегаходах. Для аматараў рамантыкі некаторыя гаспадары прапаноўваюць правесці летнюю ноч на сене, а зімой — зацепліць рускую печ і бачыць салодкія сны на матрацы, набітым духмянымі травамі. Як расказалі гаспадары сядзібы “Хуторок у озера” (лаўрэат 2013 года ў намінацыі “Экасядзіба года”), яны прапаноўваюць сваім гасцям звярнуць увагу на спартыўны лад жыцця. Па іх назіраннях, ніколі не пустуе шведская сценка ці турнік. Акрамя таго, на спартыўнай пляцоўцы можна згуляць у валейбол ці баскетбол. Да паслуг адпачываючых таксама ёсць більярд. Для прагулак турыстаў па наваколлі куплена восем веласіпедаў. Гаспадары ўпэўнены: для таго, каб людзі вярнуліся на адпачынак зноў, неабходна арганізаваць іх вольны час цікава і займальна. Немалаважную ролю, па іх меркаванні, адыгрывае чысціня і камфорт на аграсядзібе, а таксама гасціннасць гаспадароў.

    У КОЖНАГА СВАЕ ПРЫЯРЫТЭТЫ

    Людзі едуць на Браслаўшчыну за розным адпачынкам. Адным хочацца прагулак па лесе пад спевы птушак, паходаў ў ягады і грыбы, некаторыя не бачаць свайго адпачынку без экскурсій, іншым жа патрэбна толькі цішыня пасля гарадской мітусні. Безумоўна, на гасціннай браслаўскай зямлі з яе цудоўнымі людзьмі нашы госці змогуць знайсці сабе занятак па душы і адпачыць з карысцю для душы і цела.

    ■ Алена НАБЕЕВА.

    Автор: Елена Набеева.Браслаўская звязда

Комментарии (0)