29 Марта, 2024 Пятница

Председатель Миноблисполкома Семен Шапиро провел в Копыле прием граждан

  • 21 ноября 2016 Общество Беларуская 0

    У сераду ў Капыльскім райвыканкаме прайшоў выязны прыём грамадзян старшынёй Мінаблвыканкама Сямёнам Шапірам, у якім прыняла ўдзел і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Ніжэвіч.

    Прыём грамадзян пачаўся на паўгадзіны пазней, чым было запланавана. І прычына вельмі важная: патрабавалася асабістае ўмяшальніцтва губернатара ў арганізацыю працы па забеспячэнні бяспекі на дарогах Міншчыны пасля снегападу, які адбыўся напярэдадні.

    У рэжыме відэаканферэнцыі Сямён Барысавіч правёў тэрміновую нараду са старшынямі райвыканкамаў, начальнікамі аддзяленняў Дзяржаўтаінспекцыі, кіраўнікамі дарожна-будаўнічых, дарожна-эксплуатацыйных і жыллёва-камунальных арганізацый сталічнай вобласці. Губернатар выказаў вялікае незадавальненне якасцю ўборкі ад снегу асноўных аўтамагістралей, і гэта не дзіўна, паколькі з моманту пагаршэння надвор’я ўжо было зарэгістравана больш за 40 дарожна-транспартных здарэнняў. Сямён Барысавіч запатрабаваў задзейнічаць усе неабходныя рэсурсы, каб забяспечыць расчыстку дарог. «У мінулым годзе на ўзроўні аблвыканкама было вырашана, што калі ў любы час сутак пачынаецца снегапад, адразу ў работу ўключаюцца адпаведныя службы», — адзначыў Сямён Шапіра.

    Кіраўнік цэнтральнага рэгіёну даў даручэнне дэталёва інфармаваць яго пра ўсе ДТЗ на дарогах вобласці па прычыне дрэннага стану дарожнага палатна. Пры гэтым ён не выключае кадравых змяненняў, якія могуць адбыцца пасля аналізу гэтай інфармацыі. «Старшыні райвыканкамаў нясуць асабістую адказнасць за жыццё і здароўе людзей у сваім раёне. Супрацоўнікі ДАІ павінны забяспечыць на дарогах кантроль за выкананнем хуткаснага рэжыму, звяртаць увагу на стан шын аўтатранспарту», — запатрабаваў старшыня Мінаблвыканкама.

    Тэма клопату пра людзей знайшла свой працяг і падчас прыёму грамадзян. Старшыня Мінаблвыканкама канстатаваў, што многія праблемы маглі б вырашацца хутчэй, калі б кіраўнікі падраздзяленняў, ад якіх гэта залежыць, больш уважліва адносіліся да іх разгляду. Менавіта гэта і фарміруе імідж улады.

    Так, да кіраўніка цэнтральнага рэгіёну звярнуўся Аляксандр Іосіфавіч Маліноўскі з Капыля, якога непакоіць стан водаадвода, што праходзіць паўз мяжу яго прысядзібнага ўчастка. Па словах сталага мужчыны, у перыяд моцных дажджоў або раставання снегу ён не спраўляецца са сваёй задачай, і тады падвор’е заяўніка падтоплівацца, вада трапляе нават у склеп. Аляксандр Іосіфавіч расказаў, што ён неаднаразова падымаў гэтую праблему і на прамых лініях, і падчас непасрэднага звароту ў жыллёва-камунальную службу. Але гэта не прынесла жаданага рэзультату, хаця пенсіянер не адмаўляе, што пэўныя работы па добраўпарадкаванні водаадвода праводзіліся.

    Старшыня аблвыканкама даў даручэнне вырашыць пытанне, з якім звярнуўся пенсіянер, тым больш, што праблемны водаадвод знаходзіцца на балансе ЖКГ.

    Прыйшла на прыём да губернатара і 23-гадовая Юлія Мамчыц, якая з 2007 года мае статус сіраты, а таму можа прэтэндаваць на атрыманне сацыяльнага жылля. Дзяўчына стаіць на адпаведнай чарзе, але, па яе словах, пакуль што жаданай кватэры яна не мае. Пры падрыхтоўцы да прыёму гэта сітуацыя вывучалася адпаведнымі службамі, з чаго вынікае, што парушэнняў заканадаўства дапушчана не было. Сямён Барысавіч пацікавіўся, дзе працуе Юлія, узроўнем яе заработнай платы, умовамі пражывання. Як аказалася, дзяўчына арандуе кватэру, на аплату якой ідзе большая частка яе даходаў. Таму стала ясна, што пры такой сітуацыі яна не зможа пабудаваць кватэру нават з прыцягненнем ільготнага крэдыту. А будаўніцтва сацыяльнага жылля ў Капылі, па словах кіраўніка раёна Анатоля Ліневіча, пакуль што не ўзгоднена. Старшыня Мінаблвыканкама даручыў Анатолю Ліневічу вывучыць магчымасць аб працаўладкаванні заяўніцы ў арганізацыю, якая мае службовае жыллё.

    Падчас прыёму губернатар разбіраўся і ў іншых праблемах, якія ўздымалі заяўнікі. Ім былі дадзены адпаведныя тлумачэнні.

    Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА

    Автор: Маргарыта САКОВІЧСлава працы
    Теги: 

Комментарии (0)