18 Апреля, 2024 Четверг

Каб дзеці паверылі ў сябе

  • 22 ноября 2016 Общество Беларуская 0

    Падобных спецыялістаў у Маладзечне можна пералічыць на пальцах адной рукі. Работа звязана з дзецьмі, якія маюць парушэнні слыху. Такіх вучняў у адзінаццатай школе васьмёра.

    Спецыяльна для іх створаны інтэграваныя класы, дзе яны займаюцца разам са здаровымі дзецьмі па агульнаадукацыйнай праграме. Не толькі з розных мікрараёнаў Маладзечна, але і з Хажова, Цівідаўкі, Маросек штораніцы прывозяць бацькі сваіх сыноў і дачок у гэту ўстанову.

    Інтэграваныя класы – альтэрнатыва школе-інтэрнату для дзяцей з парушэннямі слыху. Усё часцей бацькі хворых дзетак выбіраюць менавіта гэты варыянт, каб не адрываць малышоў ад сям’і. Безумоўна, выбар залежыць ад ступені страты слыху, развіцця інтэлекту дзіцяці, якому давядзецца спасцігаць школьныя прадметы нараўне са здаровымі равеснікамі. Гэта надзвычай складана, і іх першым памочнікам, правадніком у свет гукаў і ведаў становіцца сурдапедагог.

    У педагогіку Вольга пайшла ўслед за старэйшай сястрой Наталляй. У той у дзяцінстве была адна гульня: у школу. Яна — настаўніца, а вучаніца, безумоўна, малодшая сястра. «У мяне не было выбару», — усміхаецца мая субяседніца. У Мінскім педкаледжы №1 была  спецыяльная група для навучэнцаў з парушэннямі слыху. Вольга сябравала з некаторымі з іх. Менавіта тады дзяўчына ўпершыню  задумалася, як цяжка такім людзям адаптавацца ў грамадстве, набываць прафесію. Яны ўражвалі сваёй настойлівасцю, выхаванасцю, цягай да ведаў і ў нейкай ступені паўплывалі на выбар Вольгай новай спецыяльнасці ва ўніверсітэце імя Максіма Танка. У каледжы яна атрымала дыплом настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. А ва ўніверсітэт пайшла на факультэт дэфекталогіі (сурдапедагогікі) з дадатковай спецыяльнасцю «педагогіка і псіхалогія дашкольная». Дарэчы, цяпер гэты факультэт рэфармаваны ў Інстытут інклюзіўнай адукацыі. Адна з самых складаных навук – маўленне пры дапамозе жэстаў. Вольга нават здавала адпаведны экзамен. Жэстаў, як і слоў, існуе вельмі шмат. Многія азначаюць адразу некалькі паняццяў, зразумець іх можна толькі ў кантэксце. У сваёй рабоце сурдапедагог іх не выкарыстоўвае: мову жэстаў вучаць толькі глухія дзеці, а для яе падапечных з частковай стратай слыху ставіцца першапачатковая задача развіваць маўленне.

    Восем гадоў таму Вольга Асіповіч закончыла ўніверсітэт і прыйшла працаваць у родную Палачанскую школу дэфектолагам пункта карэкцыйнай дапамогі (такія створаны ў многіх навучальных установах). Выйшла замуж, перабралася ў горад, і, па яе словах, работа сама яе знайшла: больш за два гады таму Вольгу запрасілі ў СШ №11, дзе не хапала такога спецыяліста.

    Шмат асаблівасцей у рабоце сурдапедагога. Ён не можа хадзіць па класе і гаварыць нешта сваім вучням ці тлумачыць матэрыял і, адвярнуўшыся, адначасова пісаць на дошцы. Твар у твар, вочы ў вочы – толькі так ідзе вучэбны працэс. Дзеці з парушэннямі слыху павінны бачыць вусны свайго субяседніка. Гэты важны момант сурдапедагогам даводзіцца тлумачыць іншым настаўнікам, якія працуюць у інтэграваных класах. Яшчэ адно правіла: артыкуляцыя павінна быць вельмі выразнай, інакш дзеці могуць не зразумець словы. Бывае, і дома педагог ловіць сябе на тым, што занадта выразна вымаўляе словы. «Ты не на ўроку!» — нагадваюць блізкія.

    Вялікае цярпенне трэба мець, каб тлумачыць сваім вучням значэнне невядомых слоў. Асабліва цяжка спасцігаць ім абстрактныя паняцці, такія як, скажам, сумленне, смеласць, вернасць, каханне. «Калі чытаю з імі апавяданне, ужо наперад бачу, якія словы будуць незразумелыя», — расказвае сурдапедагог. Цяпер Вольга Мікалаеўна працуе з чацвёртакласнікамі Віталіяй Фёдаравай і Багданам Чорным. Усе прадметы яны вывучаюць разам з іншымі  дзецьмі, а да сурдапедагога дадаткова прыходзяць на ўрокі чытання, рускай і беларускай мовы, на карэкцыйныя заняткі. І хлопчык, і дзяўчынка перанеслі аперацыю слухапратэзавання, ім ужывілі кахлеарныя імпланты – сучасныя электронныя апараты, якія здольныя вяртаць слых. Нямала новага даводзіцца спасцігаць на практыцы, бо не хапае метадычнай літаратуры, дапаможнікаў. Вольга Мікалаеўна шмат займаецца самаадукацыяй.

    З удзячнасцю гаворыць, што вельмі дапамагае ёй больш вопытная калега Наталля Лябецкая, якая працуе сурдапедагогам у гэтай школе амаль 20 гадоў. Пра поспехі яе вучняў мы расказвалі ўжо на старонках газеты. Сярод яе выпускнікоў ёсць тыя, хто закончыў ВНУ, вывучае замежныя мовы, атрымаў вадзіцельскія правы. І сённяшнія выхаванцы радуюць. Іншы раз толькі сурдапедагог разумее, якія тытанічныя намаганні трэба прыкласці такім дзецям, каб дасягнуць поспехаў у вучобе. Спачатку руская мова для іх – нібы замежная. Між тым нараўне з іншымі яны вучаць беларускую, французскую… Пісьмовыя прадметы даюцца лягчэй — там больш канкрэтыкі. А вось геаграфію, гісторыю складана ўспрымаць. Вынік ёсць там, дзе адчуваюцца вялікая зацікаўленасць і падтрымка бацькоў, з якімі педагогі працуюць у цесным кантакце. Адна мама, каб дапамагчы свайму дзіцяці, нават пайшла вучыцца на сурдапедагога…

    Нярэдка дзеці прыходзяць з уласнымі праблемамі, просяць парады. Яны давяраюць педагогам, якія, без перабольшвання, разумеюць іх з паўслова. Дапамагчы дзецям сацыяльна адаптавацца – таксама адна з задач гэтых спецыялістаў. Важна, як успрымуць іх у класе. «Равеснікі добра ставяцца да нашых падапечных, не крыўдзяць іх, наадварот, стараюцца падтрымаць. І гэта вельмі радуе, — разважае В. Асіповіч. – Што тычыцца маіх вучняў, то яны надзвычай чулыя, заўсёды гатовы дапамагчы адзін аднаму. А яшчэ ў іх абвостранае пачуццё справядлівасці: ім нельга нешта паабяцаць і не выканаць, бо яны памятаюць, чакаюць. Дзеці заўсёды ўбачаць змены ў кабінеце, заўважаць новыя завушніцы ў настаўніцы. Іншы раз могуць забыцца імя па бацьку і звярнуцца да мяне на «ты». Я не крыўдую, бачу ў гэтым асаблівы давер».

    — Што вы лічыце самым складаным у вашай прафесіі? – пытаюся ў Вольгі Мікалаеўны.

    — Аб’ектыўна ацаніць узровень інтэлекту, магчымасці дзіцяці, зрабіць  прагноз, такі важны для бацькоў, вызначыць кірунак, па якім трэба рухацца. Гэта вялікая адказнасць, бо ў канчатковым выніку ўплывае на лёс маленькага чалавечка. Галоўнае – усяліць у вучняў веру, што ў іх усё атрымаецца, што яны будуць размаўляць, як звычайныя дзеці. Калі любіш сваю работу, не думаеш пра складанасці. Проста працуеш, з радасцю ідзеш на чарговы ўрок, дзе ўсе 45 хвілін – пастаянны кантакт, дыялог. Аднак калі дзіця правільна вымавіць новае слова, пабудуе сказ, перакажа тэкст – гэта не толькі яго чарговая маленькая перамога, але і мая. Ніколі не параўноўваю сваіх вучняў з іншымі, толькі з імі самімі: учора ў цябе гэта не атрымлівалася, а сёння ты дабіўся выніку. Так урок за ўрокам мы разам ідзём наперад, пракладваем трывалы мосцік са свету цішыні ў такі захапляльны і разнастайны свет гукаў. Я рада, што магу ім у гэтым дапамагчы…

    Фота А. Платко.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета

Комментарии (0)