03 Мая, 2024 Пятница

Тры сыны - найлепшы стымул

  • 28 ноября 2016 Общество Беларуская 0

    У Святланы і Алега Тараннікавых падрастаюць трое цудоўных хлопчыкаў. Як удаецца накіраваць іх невычэрпную энергію ў мірнае рэчышча, ці лёгка быць бацькамі адразу трох непасед – гэта і многае іншае хацелася даведацца з першых вуснаў.

    Стэфану – пяць з паловай, Іларыёну – хутка тры, Платону – амаль годзік. І ў кожнага свой «маторчык», які не дазваляе усядзець на месцы, расслабіцца ні ім самім, ні тату з мамай…

    Дзеля дзяцей купілі дом

    Сёлета Тараннікавы памянялі гарадскую кватэру на дом у Цюрлях. І не з-за дадатковай плошчы (яе хапала), а дзеля свежага паветра, магчымасці для дзяцей быць на вуліцы калі захочацца. Ля дома, які стаіць у самым канцы вуліцы Сонечнай, 25 сотак. Для малышоў пакуль гэта цэлы свет, дзе заўсёды ёсць чым заняцца. Тым больш, бацькі адразу завялі ім на радасць курачак, качак. А сабака, каты, канарэйкі пераехалі ў дом разам з гаспадарамі. Клопат пра братоў нашых меншых дапаможа дзецям стаць добрымі людзьмі, лічаць Алег і Святлана.

    Дом яны выбіралі такі, каб можна было адразу жыць вялікай сям’ёй. Зрабілі рамонт, унеслі карэктывы ў інтэр’ер. Святлана – прафесійны мастак, у свой час закончыла гімназію-каледж мастацтваў, працуе кіраўніком гуртка ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік». Дызайн жылых інтэр’ераў – яе хобі. У доме сапраўды вельмі ўтульна, ён сучасны і зручны для жыцця.

    Любоў не азначае усёдазволенасць

    «Галоўнае ў выхаванні дзяцей – любоў. Толькі яна робіць чалавека добрым і шчаслівым, — гаворыць Алег. — Але ні ў якім разе любоў не азначае ўсёдазволенасць. У выхаванні хлопчыкаў неабходная дысцыпліна».

    У кожнага дзіцяці ёсць свае абавязкі. Стэфану можна даверыць дагледзець Платона, пакуль мама грэе яму ежу. Ларык корміць курэй, збірае яйкі, спрабуе забіваць цвікі. Дапамагалі хлопчыкі збіраць яблыкі (добры сад дастаўся ад былых гаспадароў). Ды і наогул, дзеці заўсёды побач з бацькамі, ім усё цікава рабіць разам. Заахвочваць гэту цікавасць, бачыць здольнасці сыноў і развіваць іх вельмі важна. І пачынаць трэба як мага раней, лічаць Тараннікавы-старэйшыя. Стэфан, напрыклад, акрамя дзіцячага сада наведвае тэатральны гурток цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік». Мама марыць аб тым, каб сын вучыўся ў тэатральным класе яе роднай гімназіі-каледжа мастацтваў.

    Імя вызначае лёс?

    Святлане заўсёды хацелася, каб у яе дзяцей былі рэдкія і гучныя імёны. Стэфан у перакладзе са старажытнагрэчаскага азначае «карона, вянок». Лічыцца, што ва ўладальнікаў гэтага імені моцны характар. Сярэдняга сына Алег назваў у гонар свайго прадзеда – кубанскага казака, які ў жыцці ўсяго дабіўся вялікай працай. Іларыён азначае «вясёлы, радасны», і Ларык адпавядае гэтаму. Калі Святлана чакала трэцяе дзіця, спадзявалася, што будзе дзяўчынка. Але нарадзіўся сынок. Імя яму выбіралі доўга, перагарнулі мноства даведнікаў. І спыніліся на Платоне, якое цяпер набірае папулярнасць. У гэтага імені два значэнні: «шыракаплечы» і «суцяшэнне».

    У хакей гуляюць сапраўдныя мужчыны

    Алег працуе галоўным інжынерам ІВ ТАА «Фаварыт», якое займаецца геалагічнымі, геадэзічнымі даследаваннямі. З маленства сур’ёзна займаецца спортам, прафесійна іграў у баскетбол, з’яўляецца членам маладзечанскай аматарскай хакейнай каманды «Лядовыя пінгвіны». З гэтага года Стэфан таксама пайшоў у хакейную секцыю, ён ужо добра стаіць на каньках. Па ўсім відаць, хутка прыйдзе чарга Іларыёна. Бацькі лічаць, што спартыўнае развіццё для сыноў неабходна. Яно не толькі дапамагае набірацца сіл, станавіцца лоўкім, смелым, мужным, але і вучыць берагчы час, а не траціць яго бяздумна на розныя камп’ютарныя «стралялкі».

    Кім стануць браты ў дарослым жыцці, пакуль яшчэ цяжка сказаць.  Відавочна адно: бацькі робяць вельмі шмат для іх развіцця, вучаць іх  любіць і шанаваць адзін аднаго, жыць у гармоніі з прыродай. Іх дзяцінства на вуліцы Сонечнай напоўнена любоўю і шчасцем.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета

Комментарии (0)