25 Апреля, 2024 Четверг

Парадак у пад'ездзе - клопат жыхароў

  • 05 декабря 2016 Общество Беларуская 0

    За час работы ў рэдакцыі аўтару гэтых радкоў давялося наведаць нямала дамоў, жыхары якіх скардзіліся то на смецце на лесвічных пляцоўках, то на разбітыя вокны, трэшчыны ў сценах, дахі, што цякуць… Нагода пабываць у адным з пад’ездаў дома нумар 25 па вуліцы Віленскай была іншай: былы прадпрымальнік, а цяпер пенсіянер Анатолій Багдановіч запрасіў журналістаў, каб тыя ўбачылі, як могуць змяніць асяроддзе пражывання неабыякавыя, ініцыятыўныя людзі.

    Можаце мне паверыць, пазітыў пачынаецца адразу, як адчыняеш уваходныя дзверы. Першае ўражанне, што трапляеш у пярэдні пакой да гасцінных гаспадароў. Усюды чысціня і парадак, лесвіцы і месцы агульнага карыстання пафарбаваныя ў цёплыя колеры, на кожнай пляцоўцы свой узор. Шчыткі і электраправодка ў поўным парадку. Інтэр’ер дапаўняюць кветкі ў вазонах. Многія з іх цвітуць.

    — Апошні раз рамонт у нашым пад’ездзе рабілі гадоў 13 таму, — расказвае Анатолій Веньямінавіч. – Вядома, з часам усё састарэла. Вось я і арганізаваў жыхароў усіх дваццаці кватэр. Сабраў адпаведныя подпісы, звярнуўся ў ЖРЭУ №6. Разам вызначылі аб’ём і цану рамонтных работ. Праводзілі добраўпарадкаванне камунальнікі. Кожнаму жыхару рамонт абышоўся ў 42 рублі. Суму неабходна ўнесці на працягу трох месяцаў. Для людзей такія выдаткі не крытычныя. Трэба дадаць, што ў пад’ездзе ў асноўным жывуць пенсіянеры.

    Як паведаміў А. Багдановіч, работнікі ЖРЭУ пабялілі і пафарбавалі сцены, выканалі іншыя работы. У навядзенні парадку вельмі дапамагла майстар рамонтна-эксплуатацыйнага ўчастка Лілія Бельская. Калі рамонт быў завершаны, жыхары вырашылі не спыняцца на дасягнутым. Далейшае добраўпарадкаванне яны рабілі талакой.

    — Людзі сабралі па 8 рублёў кожны, купілі фарбу, знайшлі час і ўпрыгожылі прыступкі і лесвічныя пляцоўкі. Дызайн прыдумвалі самі. Вось чаму ўзор на кожным паверсе розны. Акрамя таго, па нашай просьбе спецыялісты ўстанавілі карабы на электраправодку, зманціравалі рэле руху, каб святло не гарэла дарма. Цяпер пастаянна падтрымліваем у месцах агульнага карыстання парадак, мыем пралёты, даглядаем кветкі. Як вынік – пад’езд цалкам адпавядае статусу горада як культурнай сталіцы, — пажартаваў субяседнік.

    Да размовы далучыліся іншыя жыхары пад’езда. Софія Блатыка падкрэсліла, што парадак у дварах і месцах пражывання залежыць у першую чаргу ад саміх жыхароў. Калі суседзі дружныя і гатовы нешта зрабіць сваімі рукамі, можна брацца за любую справу. Галоўнае — не баяцца. А калі яшчэ знойдзецца такі арганізатар, як Анатолій Веньямінавіч, можна пераадолець любыя цяжкасці.

    — Як ні дзіўна, самымі арганізаванымі пры правядзенні рамонту былі пенсіянеры, — дадала Галіна Белышава. — Моладзь і прадстаўнікоў сярэдняга пакалення давялося падганяць і ўгаворваць. Што да выдаткаў, то за ўтульнасць трэба плаціць. Гэта зразумела. Дарэчы, некаторыя маладзечанцы трацяць па 50 рублёў за адзін паход у магазін, а мы будзем карыстацца добраўпарадкаваным пад’ездам працяглы час.

    — Да праблемы можна заставацца абыякавым, можна «бамбардзіраваць» розныя інстанцыі скаргамі і прапановамі. Але ёсць яшчэ адзін варыянт дзеянняў – трэба проста арганізаваць талаку, — сказаў Анатолій Багдановіч.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Алег БЯГАНСКІ.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)