29 Марта, 2024 Пятница

Як жыве самая вялікая сям'я ў Еўропе

  • 15 декабря 2016 Общество Беларуская 0

    Хасэ-Марыя Пастыга і Роза Пік жывуць у Барселоне. Ён працуе бізнес-кансультантам, яна — маркетолагам на палову стаўкі. У іх — 18 (!) дзяцей. Старэйшаму — 23 гады, малодшаму — 7. «Калі з Бі-Бі-Сі званілі, каб дамовіцца зняць пра нас сюжэт, яны нават не верылі, што мы існуём», — смяюцца бацькі бадай самай вялікай сям'і ў Еўропе. Нядаўна Хасэ і Роза прыязджалі ў Беларусь, каб прэзентаваць кнігу «Як жыць шчасліва з 1, 2, 3… дзецьмі» (якая, дарэчы, цяпер перакладзена і на беларускую мову). Пра месячны бюджэт, дамашнія абавязкі і правілы выхавання вялікай сям'і нам удалося пачуць з першых вуснаў.

    Як яны ўсё паспяваюць?

    Хуткасць, з якой Роза спраўляецца з дамашнімі справамі, здзіўляе.

    — У мяне рэкорд: за паўгадзіны магу зрабіць стрыжку пяцярым дзецям. Бачыце, усе хлопцы аднолькавыя. З дзяўчынкамі крыху складаней, — усміхаецца шматдзетная мама. — Калі мяне пытаюць, як я гатую, я адказваю, што ў Іkea прадаюць каструлі на восем літраў. Папраўдзе, мы не надта тлумім галовы гатаваннем. Я сказала б, што мы харчуемся «па-вайсковаму»: макарона, печаная курыца, рыс, яечня, бульба ў «мундзірах» (каб кожны сам абдзіраў шалупінне), сасіскі… Смажаную бульбу мы ніколі не робім, бо проста нерэальна прыгатаваць яе дастаткова на такую колькасць людзей.

    Розе не прыходзіцца дзейнічаць у адзіночку. У пачатку года сямейства Пастыга-Пік збіраецца на дамашнім сходзе і дзеліць між сабою абавязкі. Выключаць святло ў кватэры, знімаць трубку, калі звоніць тэлефон, прыбіраць кухню, збіраць на стол, хадзіць у пякарню па хлеб...

    — Дом належыць нам усім, а не толькі маме і тату, таму разам дбаем аб парадку, — тлумачаць сваю пазіцыю бацькі. — Нават у тры гады дзеці ўжо могуць засцілаць свой ложак.

    У доме ўсе працуюць парамі: старэйшы клапоціцца пра малодшага. Калі малодшым патрэбна дапамога, яны не ідуць адразу шукаць бацькоў, а звяртаюцца да сваёй пары. І так заўжды, калі, напрыклад, згубіліся чаравікі, трэба рашыць складаную задачу па матэматыцы ці зрабіць прычоску.

    «Ссабойку» ў школу кожны гатуе сабе сам. Робіць бутэрброды і кладзе ў партфель. Інакш застанецца галодным. Затое другі раз ужо не забудзецца.

    Дацягнуць да канца месяца

    Тысяча еўра. Столькі сям'я Пастыга-Пік траціць штомесяц на ежу. Яны набываюць 240 літраў малака, 1300 штук печыва, 100 яек, 300 боханаў хлеба, 25 кілаграмаў бульбы… Большасць прадуктаў купляюць раз у месяц праз інтэрнэт.

    — Калі нешта заканчваецца, я не бягу адразу ж у краму, а чакаю наступнага месяца. Дзеці пра гэта ведаюць, таму яны самі не зацікаўлены з'ядаць прысмакі ў першы дзень, — кажа Роза.

    Дарэчы, пра салодкае. Сокі і шакалад лічацца ў гэтай сям'і святочнымі прадуктамі.

    — Мы вельмі экалагічная сям'я. Увечары збіраемся ў адным пакоі і там уключаем святло, — працягвае тэму эканоміі Хасэ. — Адзенне пераходзіць ад аднаго дзіцяці да другога. Цацак мы таксама не купляем: малыя гуляюць са сваімі братамі і сёстрамі.

    — Калі дзеці просяць у мяне грошай, каб пайсці ў кіно ці кавярню, я кажу ім, што я не банк Іспаніі, а дома абед бясплатны. Хочаш грошай — працуй. Дзеці могуць быць нянькамі, рэпетытарамі, гатаваць і прадаваць печыва, трэніраваць футбольную каманду малодшых. Адзінаццацігадовы Пабла, напрыклад, кожны дзень атрымлівае адзін еўра ад сям'і, чыйго хлопчыка ён адводзіць у школу і забірае назад, — дзеліцца Роза.

    Жанчына заўважае: многія памылкова лічаць, што дзіця — гэта цяжкая ноша, якая перашкаджае табе рабіць, што хочацца, і патрабуе вельмі вялікіх фінансавых укладанняў. Але як часта мы бачым у часопісах багатых і знакамітых людзей, у якіх толькі адзін сын ці дачка. Калі справа тычыцца колькасці дзяцей, праблема не ў адсутнасці грошай, а ў недахопе любові.

    «Медыкі раілі не нараджаць»

    Хасэ і Роза марылі мець вялікую сям'ю, бо самі выраслі ў такіх. У мужчыны было 13 братоў і сясцёр, у жанчыны — 15. Але іх уласная гісторыя не была адразу шчаслівай. Першае дзіця нарадзілася з цяжкай кардыяпатыяй. Дактары папярэджвалі, што дзяўчынка не пражыве больш за тры гады, але, дзякуючы аперацыям і кардыястымулятару, яна дажыла да 22-х. Хаві, другое дзіця, памёр у паўтара года, таксама праз хваробу сэрца. Маленькай Мантсіты, якая была трэцяй, не стала, калі ёй было 10 дзён — яна нарадзілася без аорты.

    — Менш чым за два месяцы мы пахавалі дваіх дзяцей, — успамінае Роза. — Медыкі раілі нам не нараджаць больш, бо дагэтуль усе дзеці з'яўляліся на свет хворымі, а значыць, і ў наступных будуць праблемы. Але здараецца, што навука памыляецца ў прагнозах, і мы вырашылі далей трымацца сваіх намераў мець вялікую сям'ю. Цяпер мы выхоўваем 15 дзяцей. Ніхто не мае права зазіраць у сямейны ложак. Рашэнне таты і мамы даць пачатак новаму жыццю — гэта рашэнне толькі гэтых дваіх.

    Змены да лепшага

    У сям'і Пастыга-Пік дзеці ведаюць, што галоўная іх задача — вучыцца, і бацькі патрабуюць ад кожнага адпаведна яго магчымасцяў. У аднаго просяць дзявятак у дзённіку, а для іншага і шасцёркі — больш чым дастаткова. Роза і Хасэ імкнуцца раз у трыместр сустракацца з настаўнікамі ўсіх дзяцей. Але найперш размаўляюць з педагогамі не пра адзнакі, а пра паводзіны сына ці дачкі: ці клапоціцца пра аднакласнікаў, ці дзеліцца канспектамі?

    Раз у паўгода сям'я складае спіс змен да лепшага, якія патрэбны кожнаму асабіста. Напрыклад, тата не павінен есці хлеба, бо не займаецца спортам і ад назапашвання вугляводаў у яго баліць пячонка. Удасканаленне для мамы — не камандаваць мужам. Дачцэ Кукі — яна яшчэ той шапаголік — трэба навучыцца хадзіць па крамах, але нічога не купляць. Пэпе — больш усміхацца, таму што яна занадта сур'ёзная, малому Тамасу — плакаць толькі адзін раз на дзень.

    Дарэчы, тое, што Хасэ не займаецца спортам, у гэтым доме выключэнне. Усе хлопчыкі Пастыга-Пік запісаны на футбол, дзяўчынкі — на баскетбол. А Роза вяртае сабе спакой падчас гульні ў тэніс.

    Як і ва ўсіх сем'ях, дзеці часам устройваюць істэрыкі. Але бацькі не паддаюцца на такія «канцэрты»: «Дзіцяці неабходны межы і правілы. Няхай яно крыкам выпрошвае нешта — трэба гаварыць яму «не». Мы не дазваляем хадзіць у кіно з сябрамі падчас экзаменаў, няхай хоць увесь клас збіраецца на прэм'еру фільма. Не купляем цукерак кожны дзень: не таму што не можам сабе гэта дазволіць, а таму што малыя становяцца капрызнымі і прыходзіцца часцей хадзіць да стаматолага. У рэальным жыцці мы не атрымліваем адразу ўсё, што захочам, трэба навучыцца чакаць і мець цярпенне».

    Сакрэт Розы

    — Не разумею пазіцыі некаторых сваіх знаёмых жанчын, калі яны кажуць: «Я вельмі кахаю мужа, але сапраўдную любоў адчуваю да сваіх дзяцей». Мне здаецца, што не паставіць свайго мужа на першае месца — гэта памылка, — разважае Роза. — Тата і мама — самыя важныя людзі ў доме. Дзецям неабходна бачыць моцных бацькоў, якія больш за ўсё кахаюць адно аднаго.

    Жанчына прызнаецца: каб больш часу праводзіць побач з мужам, яна пачала чытаць. Раней ёй не хапала на гэта цярпення, ды і калі ў цябе 15 дзяцей, заўсёды знойдуцца іншыя заняткі. Але цяпер яны любяць разам з мужам сядзець у цішыні, кожны са сваёй кнігай. Хасэ чытае навуковыя даследаванні і працы па філасофіі, а Роза — бытавыя раманы пра каханне і раскошнае жыццё.

    — Часам людзі ў мяне пытаюць, што за таблеткі я прымаю, — смяецца шматдзетная мама. — Яны кажуць: «Роза, я хачу тваю энергію, твой аптымізм». Ведаеце, у чым мой сакрэт? Кожны дзень прачынацца рана і хадзіць на святую імшу. Вось адкуль я бяру сілы, вось дзе бачу магчымыя рашэнні праблем, з якімі сутыкнуся сёння. Я па імёнах узгадваю ўсіх дзяцей, каб падумаць, над чым магу папрацаваць з кожным з іх, сустрэчы, што мусяць адбыцца, лісты, якія трэба адправіць. Кожны дзень у вялікім горадзе, дзе мы жывем, — гэта шаленства. Трэба адначасова іграць на столькіх клавішах, што з самай раніцы вельмі карысна спыніцца і паразважаць, што і як зрабіць.

    — А вашы дзеці? Яны не зайздросцяць «нармальным» сем'ям?

    — Сябры дзяцей зайздросцяць нам! Калі ў нашых сыноў і дачок пытаюцца, ці хочуць яны самі стварыць вялікую сям'ю, яны адказваюць: «Так, бо гэта весела».

    Пяць правілаў беларускай шматдзетнай сям'і

    Вялікія сем'і ёсць і ў нас. Муж і жонка Якімашкі з вёскі Яромічы Кобрынскага раёна станавіліся бацькамі 14 разоў! Пра правілы, якія ёсць у іх сям'і, расказала мама Галіна.

    Мы не набываем дарагіх рэчаў. Навошта купляць дарагую мэблю, якую ты са сваім невялікім заробкам не можаш сабе дазволіць, калі ёсць больш танная і такая ж зручная? Улазіць у крэдыты, а потым перажываць, што няма чым заплаціць? Людзі імкнуцца мець усё самае шыкоўнае. Але гэта лішняе. Можна ўзяць не імпартную патэльню за 150 рублёў, а беларускую — за 50. А на астатнія грошы лепш купіць дзіцяці новае адзенне.

    Час да абеду — для малодшых, пасля — для старэйшых. Адразу ўсіх не ахопіш увагай. Таму зранку, пакуль старэйшыя дзеці ў школе, я праводжу час з малодшымі. Адказваю на іх пытанні, суцяшаю. У абед у іх па раскладзе сон. Да гэтай пары ўжо вяртаюцца з заняткаў старэйшыя, і я магу выслухаць іх і дапамагчы. Размаўляем таксама ўвечары за сталом, за работай па доме.

    Тэлевізар дзеці глядзяць рэдка. Мы вучым, што гэта не вельмі карысна. Дый часу, каб сядзець перад тэлевізарам, у малых асабліва няма. Школьныя заданні, дамашнія справы… Яшчэ ў нас створаны сямейны музычны ансамбль. Камп'ютарам дзеці карыстаюцца па патрэбе. А мабільнік ёсць толькі ў дачкі, якая вучыцца ў 10 класе, — адзін на шэсць школьнікаў (зразумела, дзеці, якія ўжо выраслі і самі зарабляюць, маюць тэлефоны).

    Я не хаджу на работу. Не разумею, як можна паспяваць працаваць і спраўляцца з усімі дамашнімі справамі, калі ў цябе больш за 10 дзяцей. Раней мамы, якія выхоўваюць пяцярых, маглі выходзіць на пенсію ў 50 гадоў. Цяпер для гэтага патрэбны страхавы стаж мінімум пяць гадоў. Як яго набраць — для мяне задача. Я 24 гады ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. Каб выйсці працаваць на паўстаўкі, трэба наймаць няньку. Але дзе на гэта знайсці грошы? І нянька не заменіць маці.

    Мы не дзелім абавязкі на жаночыя і мужчынскія. Тата ў нашай сям'і — здабытчык, але пасля работы ён не ляжыць на канапе. Дапамагае з дамашнімі справамі: абслугоўвае веласіпеды, нешта рамантуе, улетку апрацоўвае ў агародзе памідоры і капусту. Займаецца з дзецьмі музыкай: навучыў хлопчыкаў іграць на гітары і кіруе нашым сямейным ансамблем. А ў выхадныя, калі я вельмі занятая, можа і з прыгатаваннем абеду дапамагчы.

    Автор: Наталля ЛубнеўскаяЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)