27 Апреля, 2024 Суббота

Вёска ў трох асобах

  • 16 декабря 2016 Общество Беларуская 0

    ХАТЫ прытуліліся да брукаванай вуліцы з абодвух бакоў. Дзе шукаць нешматлікіх жыхароў вёскі? У адным двары заўважаем сабаку — значыць, павінны быць і гаспадары. Бяруся за веснічкі — і чатырохлапы вартаўнік заліваецца брэхам.

    У БАЛТАГУЗАЎ — ЖАНОЧАЕ АБЛІЧЧА?


    ХАТЫ прытуліліся да брукаванай вуліцы з абодвух бакоў. Дзе шукаць нешматлікіх жыхароў вёскі? У адным двары заўважаем сабаку — значыць, павінны быць і гаспадары. Бяруся за веснічкі — і чатырохлапы вартаўнік заліваецца брэхам. Неўзабаве паказваецца гаспадыня — Алена Лукінічна ДРАГУН. “Сабака ў мяне надта добры: нікога не ўпусціць. Аббяжыць вакол хаты, стане ля вуліцы і глядзіць. Ганс завецца”, — распавядае жанчына, пакуль разам ідзём у хату. Прашу расказаць пра тутэйшае жыццё-быццё…

    — Я родам з Астраўлян, у Балтагузы замуж выйшла. Кароў даіла, тады свінаркай была. На пенсіі цяпер. Дачка ў Купе кватэру мае, сын у Маладзечне таксама добра жыве. …Перш гадавала і кароў, і свіней. Засталіся сабака, кот і адна курыца. А нашто гадаваць? Аўтакрама два разы на тыдзень прыходзіць. Усяго-ўсяго ў ёй ёсць — абы толькі грошы!

    — Колькі людзей жыве ў Балтагузах?

    — Летам — болей. А пастаянных жыхароў — чацвёра. Адны жанчыны: я, Ліма і Тамара са старой цёткай. Давайце вас да іх завяду…

      Ідзём знаёміцца з астатнімі жыхарамі Балтагузаў.

    КРАЙ ТАЛЕРАНТНЫХ ЛЮДЗЕЙ? І НЕКРАНУТАЙ ПРЫРОДЫ!

    Апошняя, з кім пагутарылі ў Балтагузах, — Тамара Уладзіміраўна БАКУЛА. Яна — наймаладзейшая жыхарка вёскі. З Маладзечна тры гады таму прыехала ў бацькоўскую хату. Даглядае 95-гадовую цётку — Марыю Канстанцінаўну ШАБУНЮ.

    — Я сама ўжо на пенсіі. Тут некалі жыла, у школу хадзіла (па чацвёрты клас у Балтагузах вучыліся, а потым у Сырмежы), — тлумачыць Тамара Уладзіміраўна. — У Маладзечне кватэру маю. Але да горада так і не прывыкла, хоць і пражыла там больш за трыццаць гадоў. А гэта братава хата, ён тут зарэгістраваны. Цяпер у Буйках жыве.

    — Што раскажаце пра сваю вёску?

    — Большасць тут праваслаўныя былі, католікаў мала. Дружна жылі: вялікія святы — Каляды і Вялікдзень — разам двойчы адзначалі. Цяпер вёска наша глухая. Казулі, ласі, алені ў сады прыходзяць — з зямлі яблыкі збіраюць, з ніжніх галін аб’ядаюць. У мяне гарод на іншым краі вёскі — казулі ды алені сёлета ўсе буракі выбралі, толькі ямкі засталіся. Дзікоў шмат было, цяпер паменела. Лісаў бачым. Вожыкі ў мяне летам за сабакам даядалі, пасля сама крыху іх падкормлівала. Адзін з восені ў сене спаць лёг. Другога, пэўна, як дажджы пачаліся, недзе падтапіла — таксама прыйшоў, у сена схаваўся.

    ПАРТАЛ У ПРЫБАЛТЫКУ? ЦІ АКНО З ЗАХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ?

     Алімпія Рыгораўна БАЛАШ нарадзілася ў Іванках. У 1968-ым выйшла замуж у Балтагузы. Прыгадвае:

    — Была вёска вунь якая вялікая! І цялятнік, і канюшня, і кароўнік, і магазін — і ўсюды свае людзі рабілі. Былі і трактарысты, і магазіншчык, і загадчыца фермы, і даяркі, і цялятніцы, і вартаўнікі. Асемянатара толькі прывозілі. …Даяркай працавала. Свята якое ідзе — надумаемся, адзначым. Тады ідзём па вёсцы і пяём. А бабулька была адна — пачуе, адчыніць акно: “Пастаіце на маёй вуліцы, паспявайце”. Новы год надта не адзначалі: мы ж праваслаўныя, апошні тыдзень посту. А як на Вялікдзень — аднойчы нават спаць не клаліся: па вёсцы хадзілі, “Алялюю!” спявалі. У тры гадзіны прыйшла дамоў — а на чатыры на дойку. Саганы з бульбай у печ уставіла, вады наліла — і пайшлі, зноў спяваючы, на ферму. …Ферма наша была перадавая, грымучая, як той казаў… Узнагароджвалі за працу. Па пуцёўцы “Ленінград — Пскоў — Ізбарг” ездзіла. А раз было запрашэнне ў Маскву — там перадавікоў збіралі. Не паехала, страх узяў: дзе тыя Балтагузы, а дзе Масква!

    — Куды ж падзелася насельніцтва такой вялікай вёскі?

    — Пасля вайны сем’ямі ў Эстонію выязджалі: па чатыры, па пяць чалавек ледзь не з кожнай хаты. Як яны там і змясціліся? Цяжка жылося, вось і ехалі ў Эстонію, потым — у Латвію. Ну а пазней моладзь у гарады падалася. Толькі старыя бацькі дома заставаліся.

    — А цяпер як тут жывецца?

    — Нічога. Пенсію даюць, аўтакрама прыязджае. Ліхтары гараць, свецяць нам. Дровы выпісваем у сельсавеце. Дзеці прыязджаюць, дапамагаюць. Землі тут урадлівыя, травы добрыя. Лес невялічкі, але грыбоў ёсць, ягад. Свіней гадую в’етнамскіх: прывыкшы да работы. Цікавей жыць, як яшчэ працуеш.

    — Ціха тут, спакойна…

    — Пляменніца мая ў Германіі жыве, за немцам замужам. У мяне гасцявалі. Ён перш зусім не ўяўляў Беларусь, ехаць сюды баяўся. А як адважыўся — надта яму тут спадабалася! “Цішыня ў вас, — казаў, — і абстаноўка вельмі прыемная. Людзі добрыя, адзін аднаго ў госці запрашаюць”. Сябрам усё званіў і званіў. І стол фатаграфаваў, і што на стале стаіць. “Яны ж, — казаў, — не павераць”. А тады зяць мой павёз яго на нямецкія могілкі ля Каракулічаў. Дык хадзіў, глядзеў, надпісы на помніках чытаў. Дзівіўся, што людзі нічога там не папсавалі. А чаго ж мы будзем псаваць? “Цяпер, — сказаў, — кожны год прыязджаць буду. І сяброў прывязу!”.
    1868 г. — Балтагузы — вёска ў Шэметаўскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні, 26 двароў, 200 жыхароў.

    1904 г. — 311 жыхароў, у 1908 г. — 330.

    У сакавіку 1916 г., напярэдадні Нарачанскай аперацыі, паміж вёскамі Балтагузы і Сідаравічы размяшчалася нямецкая 9-ая кавалерыйская дывізія.

    З 12.10.1940 — у Сырмежскім сельсавеце Свірскага раёна Вілейскай, з 20.09.1944 — Маладзечанскай абласцей, з 31.08.1959  — Мядзельскага раёна, з 20.01.1960 — Мінскай вобласці.

    1950 г. — вяскоўцы стварылі калгас імя Пушкіна.

    1954 г. — вёска ў складзе калгаса імя Горкага (цэнтр — Буйкі).

    1960 г. — 171 жыхар.

    01.01.1997 — 22 двары, 37 жыхароў. Магазін, жывёлагадоўчая ферма.

    (паводле кнігі “Памяць”)

    З 01.07.2013 — у Занарацкім сельсавеце.


    Наталля ЛІСІЦКАЯ.

    Фота Аляксандра Высоцкага.
    Автор: Наталля ЛІСІЦКАЯНарачанская зара
    Теги: 

Комментарии (0)