24 Апреля, 2024 Среда

Рэзідэнцыя Дзеда Мароза адкрылася ў Брэсце

  • 20 декабря 2016 Общество Беларуская 0

    Святочны пераднавагодні настрой усё больш і больш адчувальны. Расквечаныя вуліцы, упрыгожаныя будынкі, куды ні зайдзі – сняжынкі, ёлкі, гірлянды. Навагоднія прыгатаванні — клопат прыемны, а калі яго вынікам становяцца ўсмешкі і задаволенасць людзей, дык аддадзеных сіл і часу зусім не шкада.

    Вось і ў гарадскім парку абласнога цэнтра пашчыравалі, каб пераднавагодні настрой дапамог гараджанам і гасцям горада належным чынам падрыхтавацца да свята. Сустрэцца з казкай, дакрануцца да чароўнасці Новага года цяпер можна ў рэзідэнцыі Берасцейскага Дзеда Мароза, якую адкрылі ў нядзелю 18 снежня.

    Размясцілася рэзідэнцыя  на месцы танцавальнай пляцоўкі “Пляц”. Тут і ёлка-прыгажуня ёсць, і шацёр, у якім пасяліліся Дзед Мароз і Снягурка, і праграму забаўляльную прыдумалі, і падарункі падрыхтавалі.

    Галоўны навагодні персанаж разам са сваімі памочнікамі цяпер будзе прымаць гасцей аж да 8 студзеня ў 12, 15 і 17 гадзін. Кошт білета — 7 рублёў, дзецям да 3-х год — бясплатна.

    Адкрыццё рэзідэнцыі Берасцейскага Дзеда Мароза атрымалася вясёлым і маляўнічым. Гасцей перш-наперш пачаставалі салдацкай кашай і гарачым чаем. Дзіўна, але нават самыя заўзятыя праціўнікі кашы тут, на свежым паветры і ў чаканні Дзядулі Мароза, прадэманстравалі выдатны апетыт. Безумоўна, падмацаваўшыся і ў святочнае падарожжа весялей адпраўляцца.

    Імпрэза пачалася з выхаду Матулі-Зімы. Пакуль што брастаўчане не збалаваныя снегам, таму да месца прыйшлося яе чараўніцтва. Пасыпала Матуля-Зіма “сняжком” – і адразу весялей стала ля рэзідэнцыі Дзеда Мароза. Гаспадар з унучкай таксама ў хуткім часе з’явіліся перад удзельнікамі сустрэчы. Дзеці з радасцю іх віталі. Нават дарослыя паддаліся зачараванню пераднавагодняга настрою і ўключыліся ў гульні ды карагоды. Весяліліся ўсе. Як было ўтрымацца, каб не стаць у вясёлы цягнік-керагод, які рухаўся ад адной музычнай станцыі да другой? На “прыпынках” яго ўдзельнікі танцавалі, а настрой яшчэ больш паляпшаўся.

    Потым было дзейства, без якога навагодняе свята немагчыма, – на ёлцы запалілі агні. Зазіхацела лясная прыгажуня святлом, а яе агеньчыкі нібыта падміргвалі гасцям, запрашаючы ў шацёр Дзеда Мароза і Снягуркі. А там наведвальнікі ўбачылі ложак самага любімага дзядулі, “вясёлыя” люстэркі, яшчэ адну ёлачку, падрыхтаваныя падарункі. З Дзедам Марозам і Снягуркай можна было сфатаграфавацца. А па заканчэнні прадстаўлення кожнаму гледачу ўручылі падарункі па прад’яўленні білета.

    Амаль гадзіну займае святочная праграма. Праляцеў час незаўважна, але пакінуў дзецям і дарослым пераднавагодняе адчуванне радасці, свята, казкі. Вы яшчэ не прасякнуліся ім? Дык завітайце ў гарадскі парк у рэзідэнцыю Берасцейскага Дзеда Мароза. Свята вас чакае!

    Автор: Аліна ГАНЧАРНародная трыбуна
    Теги: 

Комментарии (0)