20 Апреля, 2024 Суббота

Такую бляху яшчэ пашукаць

  • 20 декабря 2016 Общество Русский 0

    На металапракатным заводзе па вытворчасці жалезнага ліста і белай бляхі ў Мёрах, у які інвестар укладвае звыш 200 мільёнаў еўра, будаўнікі прыступаюць да забівання паляў пад галоўны корпус. Паскоранымі тэмпамі ўзводзіцца жыллё для спецыялістаў.

     Будоўля імпартазамяняючага і экспартна арыентаванага прадпрыемства знаходзіцца на кантролі Урада. У пачатку снежня на ёй пабываў намеснік Прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка, які правёў нараду з адказнымі работнікамі адміністрацыі прадпрыемства, што ўзводзіцца, прадстаўнікамі абласных і рэгіянальных структур.

    “СГ” працягвае знаёміць з ходам спраў па рэалізацыі буйнейшага ў краіне інвестыцыйнага праекта. Прапануем інтэрв’ю генеральнага дырэктара ТАА “ММПЗ-груп” доктара тэхнічных навук Пятра ШЫМУКОВІЧА.

    — Пётр Мікалаевіч, пасля даволі бурнага пачатку на будаўнічай пляцоўцы завода нейкі час было ціха. Якая сітуацыя сёння?

    — Гаварыць пра зацішша нельга, бо работа не перапынялася, а проста ў нейкіх кампанентах крышку замарудзілася. Прычынай стала тое, што прадпрыемства ўзводзіцца на інвестыцыі расійскіх і нямецкіх банкаў, а атрыманне ад іх крэдытаў — працэс даволі складаны. Цяпер праблема фактычна закрыта. Частку сродкаў выдаткаваў Росэксімбанк, і дзякуючы гэтаму мы пачалі рухацца далей. У першую чаргу змаглі атрымаць і ўзгадніць праектную дакументацыю на правядзенне вялікага аб’ёму работ — па галоўным вытворчым корпусе і большасці пабочных аб’ектаў. Дакументацыя прайшла дзяржаўную экспертызу, і гэта развязала нам рукі на будаўнічай пляцоўцы. Пабудавалі дарогі: частку па пастаяннай схеме, а частку — па часовай. Знялі пласт грунту пад катлаван лістапракатнага цэха. Каб уявіць аб’ём работы, скажу, што для гэтага спатрэбілася зрабіць некалькі тысяч рэйсаў велікагрузных машын. Улічваючы, што 40-гектарная будаўнічая пляцоўка мае даволі складаныя геалагічныя ўмовы, давялося ладзіць меліярацыйную сістэму па адводзе вады. Устаноўлены дзве электрападстанцыі і вежавы кран. Вырашаны пытанні часовага водазабеспячэння, размяшчэння растворабетоннага вузла.

    — Хто ўзводзіць аб’ект?

    — Галоўны падрадчык — расійская фірма, бо ёсць работы вузкаспецыялізаваныя, якія патрабуюць павышанага прафесіяналізму і навыкаў. Аднак ключавыя спецыялісты з нашага беларускага металургічнага завода. Шырока прыцягваем мясцовыя арганізацыі, таму што гэта больш эканомна: не трэба выплачваць камандыровачныя, перабазіраваць тэхніку. У гэтым сэнсе вельмі ўдзячныя меліяратарам Мёрскай ПМС, якія шмат зрабілі па падрыхтоўцы пляцоўкі і будуць задзейнічаны на добраўпарадкаванні тэрыторыі і іншых работах.

    — На стварэнне інфраструктуры завода прыцягнуты энергетыкі, газавікі, чыгуначнікі рэгіёна. Што зрабілі яны?

    — Апошнія пачалі падводзіць каляю да будаўнічай пляцоўкі. Энергетыкі працягнулі высакавольтную лінію і цяпер зоймуцца мадэрнізацыяй мёрскай падстанцыі. Фактычна выканалі сваё заданне газавікі. Зроблены свідравіны водазабору, аплачана абсталяванне. Увод у эксплуатацыю плануем у маі-чэрвені наступнага года.

    — Колькі будзе задзейнічана будаўнікоў?

    — Ад 300 да 400 чалавек.

    — Але ж для гэтага спатрэбіцца шмат жылля, а гасцініца ў Мёрах даволі сціплая.

    — Разгортваем цэлы гарадок з вагончыкаў. Акрамя таго, будуем жыллё ў Мёрах. Ужо справілі наваселле спецыялісты ў першым васьмікватэрным доме. Яшчэ ўзводзіцца пяць такіх жа: два будуць здадзены ў эксплуатацыю ў студзені-лютым наступнага года, яшчэ тры — пазней.

    У 2017 годзе пачнецца будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома.

    — Пётр Мікалаевіч, кажуць, што завод у Мёрах не будзе мець аналагаў на ўсёй прасторы былога Савецкага Саюза?

    — У Расіі ёсць адно прадпрыемства, якое вырабляе падобную прадукцыю, але яно пабудавана ў сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя і, вядома, амаль выпрацавала рэсурс. Другі такі завод у Казахстане. Ён больш сучасны, аднак і расіяне, і казахі вырабляюць бляху таўшчынёй 0,2 міліметры, а мы будзем даваць 0,11. Калі глядзець на Захад, то бліжэйшае прадпрыемства, як наша, ёсць у Славакіі, але да яго больш за тысячу кіламетраў. Як бачым, наш завод не толькі ўлічвае сучасныя патрабаванні спажыўца, але і выгадна размешчаны да буйных партоў Рыгі, Калінінграда, Санкт-Пецярбурга, Мурманска, дзе вырабляюць рыбныя кансервы. Завод імпартазамяшчальны і экспартна арыентаваны: поўнасцю задаволіўшы айчыннага заказчыка, значную частку прадукцыі накіруе за мяжу.

    — Калі завод увойдзе ў строй?

    — Першая чарга будзе запушчана ў канцы 2018 года, а ўсё прадпрыемства ў 2020-м.

    НА ЎСКРАІНЕ Мёраў, каля дарогі Полацк — Браслаў, неяк непрыкметна, але хутка вырастае вуліца даволі адметных па архітэктуры двухпавярховых дамоў катэджнага тыпу. Вось тут якраз і будуць жыць — а ў некаторыя ўжо і засяліліся — спецыялісты металапракатнага завода.

    Тры дамы маюць цалкам завершаны выгляд: першы здадзены яшчэ ў кастрычніку, ля двух не знята хіба што агароджа — у іх засталася аддзелка. На іншых шчыруюць будаўнікі з Браслаўскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. А вядзе будоўлю прыватная мёрская фірма — ТАА “Капіталдрэўпрадукт”.

    Аснова жылля ладзіцца з драўляных брусоў, а сцены з прэсаваных пліт драўлянай стружкі. Прастора паміж імі запаўняецца цеплаізалюючым матэрыялам. Праект, між іншым, выйграў грант ПРААН па энергазберажэнні.

    Але каштоўна не толькі гэта, але і тое, што будаўнічыя матэрыялы, акрамя стружкавых пліт і дахавага пакрыцця, мясцовыя. Для гэтага “Капіталдрэўпрадукт” адкрыў дрэваапрацоўчы цэх, у якім вырабляюцца брусы, дошкі рознай канфігурацыі і іншыя матэрыялы. За месяц праз цэх праходзіць да 100 кубічных метраў лесу.

    Пакуль што ў кватэрах жывуць толькі адны спецыялісты. Але з часам, як вырастуць гмахі завода, яны перавязуць сюды і свае сем’і.

     

    Фота аўтара

    Автор: САУЛИЧ Владимир ВладимировичСельская газета

Комментарии (0)