04 Июля, 2025 Пятница

Заззяла галоўная ёлка раёна!

  • 22 декабря 2016 Общество Беларуская 0

    У аўторак, 20 снежня, урачыстае адкрыццё галоўнай навагодняй прыгажуні сабрала на плошчы каля райвыканкама сотні людзей. І дзеці, і дарослыя чакалі свята, чакалі цуда. І яго нам падарылі арганізатары. Гэтае ўрачыстае адкрыццё ёлкі адкрывае чаргу святаў і ранішнікаў у раёне. А каб працяг быў цікавым і яскравым, трэба цікава пачаць! 

    Як і ў мінулым годзе, адкрыццё пачыналася ўвечары ў 17.00. І тут маса плюсаў, па-першае, у нерабочы час многія дарослыя з дзецьмі маглі прыняць удзел у свяце, а па-другое, цемра – лепшы сябар навагодняй ілюмінацыі. Яшчэ да адкрыцця ёлкі на плошчы пачалі збірацца людзі, а к шасці гадзінам вечара, падчас святочнага салюту, не было дзе і яблыку ўпасці. Назіралася прыемная тэндэнцыя – адкрыццё ёлкі апошнім часам становіцца сапраўдным другім святам горада. Гэта адзначыў падчас віншаванняў на сцэне і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ігар Куіс. Ігар Мікалаевіч пажадаў усім прысутным здароўя, а школьнікам – добрага адпачынку на канікулах. 

    Пачалося мерапрыемства з прыходу на нашу ёлку Скамарохаў і галоўных гераінь Сушкі і Плюшкі, акцёраў “Тэатра гульні” ДУДА “Цэнтр дзіцячай творчасці г. Івацэвічы” (педагог Ала Мельянчук). Яны паклікалі дзяцей у падарожжа ў самую сапраўдную казку. Вось толькі Сушка крыху памылілася ў магіі і з узмахам чароўнай палачкі на сцэне замест чараўніка з’явіліся злыя людаеды. І тут пачаліся прыгоды! Дапамаглі, канечне, Дзед Мароз і Снягурка, якія прыехалі на плошчу ў прыгожай запрэжанай карэце. А за карэтай ішлі яшчэ і яшчэ Дзяды Марозы і Снягуркі. 

    “Глядзі, колькі іх тут!” – крычалі дзеці ў натоўпе. І сапраўды, у гэтым годзе цэлых дзесяць дуэтаў прынялі ўдзел у шэсці, гэта больш, чым у мінулым годзе. Сёлета ў адкрыцці галоўнай ёлкі прынялі ўдзел настаўнікі і вучні ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”, ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы”, ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы”, ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы”, даехалі і прадстаўнікі сельскіх школ: ДУА “Яглевіцкая СШ”, ДУА “Стайкаўская СШ”, ДУА “Любішчыцкая СШ”, ДУА “Воленская СШ”, ДУА “Гошчаўская СШ” і ДУА “Падстарынская СШ”. Кожны Дзед Мароз і Снягурка прыйшлі на свята са сваім творчым падарункам: песняй, танцам, загадкамі, прыпеўкамі і шчырымі ўсмешкамі. 

    Радавалася дзетвара, вельмі чакала святочнага салюту. Рознакаляровыя пырскі асвяцілі цёмнае неба і яшчэ раз быццам адзначылі – ёлка адкрытая! А пасля былі карагоды і самая масавая навагодняя фотасесія. Добра, Дзедаў Марозаў і Снягурак на плошчы хапала. Былі і іншыя забавы для самых маленькіх. Поп-корн, салодкая вата, бяспройгрышная латэрэя, цацкі, а яшчэ каруселі, катанне на карэце. Два кругі на кані каштавалі 2 рублі. 

    Яшчэ адзін падарунак, які нельга не адзначыць, – абноўленая навагодняя ілюмінацыя. Яшчэ больш казачнай і святочнай стала сёлета наша плошча. Новыя каляровыя шары, “піраміда” над фантанам, гірлянды. Жыхары і госці райцэнтра былі прыемна ўражаныя такім падарункам! Дзякуй за свята арганізатарам! Дзякуй за прыгажосць! 

    Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара і Валерыя МІСКЕВІЧА.

    Автор: Наталля ГЕРБЕДЗЬІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)