02 Мая, 2024 Четверг

Памыляюцца дарослыя - расплачваюцца дзеці

  • 23 декабря 2016 Общество Беларуская 0

    Карэспандэнт пабывала на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх Маладзечанскага райвыканкама.

    — Сёння мы разгледзелі толькі 23 справы, звычайна іх бывае ўдвая больш. За пяць з паловай гадоў, што працую ў камісіі, так і не прывыкла да такіх гісторый, — — паведаміла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкаме Вольга Клепакова пасля чарговага пасяджэння...

    І сапраўды, часам немагчыма знайсці адказ на пытанне, чаму падлеткі з лёгкасцю пераступаюць мяжу дазволенага, а некаторыя робяць гэта з зайздросным пастаянствам. Асабліва шкада дзяцей, якія трапляюць у цяжкія жыццёвыя абставіны па віне бацькоў. Здзіўляе безадказнасць дарослых, іх эгаістычнасць. Толькі ўдумайцеся: абараняць дзяцей ад іх жа бацькоў?! Большасць праблем ідзе менавіта з сям’і, хаця прызнацца ў гэтым могуць далёка не ўсе, а пастарацца нешта выправіць — яшчэ менш. Часам класныя кіраўнікі, сацыяльныя педагогі клапоцяцца пра сваіх падапечных больш, чым родныя людзі. І гэта таксама прыкмета часу, да таго ж не самая лепшая.

    Сустрэчу адзначалі шампанскім                

    Трое непаўналетніх юнакоў скінуліся грашыма і папрасілі незнаёмага мужчыну купіць ім бутэльку шампанскага. Так яны вырашылі адзначыць вяртанне ў краіну з-за мяжы свайго сябра, якога не было некалькі дзён.

    Сапраўды, чым не падстава? Толькі чаму не чаем з цукеркамі ды пячэннем, а менавіта спіртным? Рабілі гэта адкрыта, у 17.00 ля пад’езда аднаго з офісаў па вуліцы Валынца. Там іх і заўважыў нарад міліцыі. На дзяцей і аднаго з бацькоў скла-дзены пратаколы. Дарэчы, адзін падлетак з гэтай кампаніі ўжо стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Прычына тая ж – распіванне спіртнога ў грамадскіх месцах. Вольга Клепакова заўважыла, што калі затрымаюць у трэці раз, то юнака чакае спецыяльная ўстанова закрытага тыпу ў Магілёве. Выхаваўчую місію на сябе возьме дзяржава. А пакуль ён аштрафаваны на 42 рублі (артыкул 17.3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае штраф да 8 базавых велічынь, паўторна – ад 2 да 15).

    Ці варта мець адносіны з такімі сябрамі, будзе час паразважаць яшчэ ў аднаго падлетка. Піва ля інтэрната навучальнай установы горада распівалі разам, а адказваць давялося аднаму. Хлопцы, калі ўбачылі міліцыянераў, збеглі. Ні члены камісіі, ні сацыяльны педагог, ні бацькі не паверылі ў тое, што юнак можа адзін выпіць літр піва і не ап’янець. Як і ў папярэднім выпадку, спіртное купіў звычайны прахожы…

    Ці не з першых гадоў жыцця мы вучым сваіх сыноў і дачок не размаўляць з незнаёмцамі, не браць у іх цукеркі і нікуды з імі не ісці. Толькі калі дзеці вырастаюць, забываюцца пра асцярожнасць. Пачутае хутчэй нагадвала дэтэктыўную гісторыю. Маладыя людзі, сярод якіх юнак быў адзіным непаўналетнім, паквапіліся на дармавы каньяк, які ім прапанаваў незнаёмы мужчына. Да таго ж ён прыкінуўся нямым і разыграў сапраўдную сцэнку. Мова да яго вярнулася, як толькі ў справу ўмяшаўся міліцэйскі патруль. Такая безразважнасць магла дорага каштаваць усёй кампаніі. Колькі гісторый пра тое, як у напіткі падмешваюцца розныя рэчывы!.. За хлопца, якога хваляць у навучальнай установе, давялося не толькі чырванець, але і адказваць маці.

    Шкада было маладую жанчыну, якая ледзь даставала да пляча свайму 17-гадоваму сыну. Ён нідзе не вучыцца і не працуе. Затое мае дзве судзімасці, і цяпер яго паводзіны кантралююцца супрацоўнікамі міліцыі. Пакідаць кватэру пасля 23.00 хлопец не мае права. Але ў час чарговай праверкі ўчастковым інспектарам дома яго не аказалася. Малады чалавек гуляў у більярд і не толькі. Медыцын-ская экспертыза паказала, што ў яго крыві ўтрымліваецца 2,9 праміле алкаголю. Маці выхоў-вае сына адна. Мала таго што яго трэба карміць і апранаць, цяпер яшчэ давядзецца за-плаціць штраф у памеры дзвюх базавых велічынь (42 рублі).

    Хочацца спадзявацца, што выклік на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх навучэнцаў Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа стане для іх добрай навукай. Трое падлеткаў, не звяртаючы ўвагі ні на аднагрупнікаў, ні на выкладчыка, непрыстойна выказваліся ў час заняткаў. На першы раз іх папярэдзілі. Між тым за такія паводзіны прадугледжаны штраф ад 2 да 30 базавых велічынь (арт. 17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь).

    «Нарадзіла для сябе...»

    Так маладая жанчына адказала на пытанне членаў камісіі, навошта ёй дзіця, калі яна пра яго не клапоціцца. І дадала, што ў старасці бу-дзе каму кавалак хлеба падаць. Але калі так будзе паводзіць сябе і далей, то ў дзіцяці могуць з’явіцца іншыя бацькі.

    Трывогу аб неналежным доглядзе забіла патранажная медсястра, калі прыйшла на планавую праверку. П’яная маці спала, а дзіця даглядала бабуля, якая, дарэчы, па стане здароўя не мела на тое права. Жанчына, відаць, пэўных вывадаў не зрабіла, бо калі ў наступны раз медработнік наведалася ў сям’ю, сітуацыя паўтарылася. Яшчэ больш, аказалася, што ў аднагадовага хлопчыка вострая рэспіраторная інфекцыя. Яго разам з маці тэрмінова шпіталізавалі. Сям’я ўзята пад пільны кантроль пэўных службаў. Дарэчы, маладзечанка гадуе дзіця адна, два гады таму лячылася ад алкагольнай залежнасці. Цяпер паабяцала закадзіравацца.

    Грамадзянка М. клопат пра ўласных дзяцей пералажыла на плечы сваёй маці. Афіцыйна яна не працуе, на бацькоўскія сходы ў школу не ходзіць. Перыядычна з’язджае да свайго сужыцеля ў суседнюю вобласць і жыве там месяц, а тое і больш, на тэлефонныя званкі сацыяльнага педагога не адказвае. Школа дапамагае дзецям у набыцці пэўных рэчаў. Пытанне, хто павінен гадаваць дзяцей, павісла ў паветры. Вердыкт членаў камісіі быў катэгарычным: больш гора-маці ніхто ўшчуваць не будзе, дзяцей спачатку накіруюць у прытулак, а потым узнімуць пытанне аб пазбаўленні маці бацькоўскіх правоў. Толькі пасля гэтых слоў з твару жанчыны знікла ўсмешка…

    Не пашанцавала з маці і 13-гадоваму хлопчыку з Насілава. У доме антысанітарыя, ад-ключана электраэнергія, ёсць запазычанасць па крэдытах, і пры гэтым жанчына нідзе не працуе, у яе пастаянна збіраюцца падазроныя кампаніі. Калісьці звольнілася з работы, каб даглядаць бацьку-інваліда, але афіцыйна ніякіх дакументаў не аформіла. Сын знаходзіцца ў прытулку, а маці далі час разабрацца з даўгамі, уладкавацца на працу і навесці парадак у доме. Калі патрабаванні не будуць выкананы, хлопчыка чакае інтэрнат ці прыёмная сям’я, а маці будзе выплачваць аліменты дзяржаве на яго ўтрыманне. Здаецца, жанчына зразумела ўсю крытычнасць сітуацыі і паабяцала, што ўладкуецца на працу. Запазычанасць за электраэнергію ўжо ліквідавала.

    У працоўнай кніжцы жыхаркі вёскі Старынкі апошні запіс зроблены ў 2001 годзе (па яе словах). З таго часу не працавала ніводнага дня. Гаворыць, што ў яе няма адукацыі і спецыяльнасці, таму на работу ніхто не бярэ. Але ж восенню можна было працаваць у фермерскіх гаспадарках. Там і грошы плацілі, і агароднінай на зіму можна было запасціся. На думку членаў камісіі, у жанчыны поўнасцю адсутнічае мацярынскі інстынкт, хаця і нарадзі-ла траіх дзяцей. Ад першай дачкі адмовілася ў радзільным доме, сына забраў да сябе бацька, які жыве ў Магілёўскай вобласці. Меншую дачку яна гадуе разам з грамадзянскім мужам, бацькам дзяўчынкі. Але складваецца ўражанне, што дзіця ім не патрэбна. За два апошнія месяцы трэці раз выклікаюцца на пасяджэнне камісіі. Да зімы не падрыхтаваліся: дровы не назапашаны (тых, што ёсць, хопіць на два дні пры добрым марозе), вокны не ўцеплены, непаладкі ў пячным ацяпленні, пытанні выклікае электраправодка. Ежу гатуюць на электрычнай плітцы (на набыццё газавага балона няма грошай), для праветрывання памяшкання вымаюць аконную раму. З харчовымі прадуктамі ў сям’і сітуацыя не з лепшых. У той дзень, па словах маці, яна збіралася карміць дачку супам… без мяса. І ўсё.

    Дырэктар Аляхновіцкай СШ Сяргей Іваноў упэўнены, што дзіцяці жыць у такіх умовах небяспечна. На канікулы дзяўчынку забірала бабуля, але яна ўсё роўна вяртаецца да бацькоў, бо тут вольнае жыццё.  

    Туляецца па чужых хатах і маці-адзіночка з маленькім дзіцем. У вясковым доме, дзе прапісана сямёра чалавек радні, адключылі газавае ацяпленне, жыць там немагчыма. Прычына – запазычанасць 4,5 мільёна рублёў (да дэнамінацыі). Грошай у маладой жанчыны, якая атрымлівае толькі дапамогу па догля-дзе дзіцяці, няма. Пасля таго як у сітуацыю ўмяшаліся работнікі сельвыканкама, сітуацыя, здаецца, пачала выпраўляцца. За газ паабяцаў заплаціць брат, а вось навесці ў доме парадак давядзецца самой.

    Заложнікі сітуацыі

    Калі рушацца сем’і, то ў першую чаргу пакутуюць дзеці. Нават калі бацькі вырашылі разысціся, то неабходна зрабіць усё, каб захаваць добрыя адносіны з дочкамі і сынамі, ды і паміж сабой таксама.

    А вось гісторыі дзвюх сямей, якія былі выкліканы на пасяджэнне камісіі, сведчаць аб адваротным. І калі ў першым выпадку стрыжнем стала бабуля, якая апякае свайго ўнука і той адчувае клопат і любоў роднага чалавека, то ў другім складваецца ўражанне, што хлопчык застаўся адзін у гэтым свеце.

    З кожным годам клапаціцца пра ўнука бабулі ўсё больш складана. Яна гадуе яго з першых дзён жыцця. Сын з жонкай і дзіцем жылі з ёю. Але сямейнае жыццё ў дарослых не склалася. Цяпер у жанчыны іншая сям’я, яна жыве ў суседнім раёне. Бацька любіць выпіць, нідзе не працуе. Грошы на выхаванне падлетка не дае. Маці згодная забраць яго да сябе, але хлопчык не хоча нікуды ехаць ад бабулі. 12-гадовы падлетак не верыць дарослым, якія яго аднойчы кінулі. Не збіраецца нікому аддаваць унука і бабуля, толькі просіць былую нявестку дапамагаць фінансава, прыходзіць да сына ў школу, цікавіцца яго справамі. Атрымліваецца, што пры жывых бацьках дзіця расце сіратой. Выправіць сітуацыю паабяцаў цяперашні муж жанчыны, ён узяў на сябе адказнасць за дапамогу сыну сваёй жонкі.

    У 12-гадовага Антона (назавём яго так) няма кантакту з маці. Не прымае ён і яе другога мужа, а таксама малодшых братоў, якія нарадзіліся ў другім шлюбе. Сварка з імі і стала падставай для выкліку міліцыі. Гэта зрабілі суседзі па інтэрнаце, дзе жыве сям’я хлопчыка. Яны спалохаліся непрадказальных паводзін падлетка, які крычаў, біў нагамі мэблю і ўсім пагражаў. На гадзі-нніку было 22.00. Аказалася, меншыя дзеці ўзялі яго цацкі, што і вывела падлетка з сябе.

    Уладзімір Шпетны, дырэктар школы, дзе вучыцца Антон, расказаў гісторыю яго жыцця. Бацькі разышліся, і хлопчык, яшчэ зусім малы, застаўся з бацькам, які спачатку страціў зрок, а затым цяжка захварэў. Яны ўсё рабілі разам, і Антон вельмі хутка стаў дарослым. Хадзіў у магазін, прыбіраўся ў кватэры. Фактычна ён быў галоўным у іх маленькай сям’і, сам прымаў рашэнні, у яго быў сэнс жыцця. Калі амаль год таму бацькі не стала, наступіла пустата. Маці забрала сына да сябе ў інтэрнат, выдзеліла яму асобны пакой, бо ён так захацеў (самі ўчацвярых туляцца ў другім пакоі). Хлопчык імкнецца кіраваць новай сям’ёй і ўсіх падпарадкаваць сабе. Не хаваў свайго настрою і на камісіі. На пытанне, ці любіць сваіх братоў, доўга маўчаў, а потым сказаў, што рэдка. Уладзімір Яўгеньевіч лічыць, што калі жанчына не зменіць сваіх адносін да сына, то праз нейкі час галоўным сапраўды стане Антон. А там і да трагедыі недалёка.

    Автор: Алена ЛАШУК.Маладзечанская газета

Комментарии (0)