20 Апреля, 2024 Суббота

Стаць прафесіяналамі

  • 23 декабря 2016 Общество Беларуская 0

    Гэта стала ўжо добрай традыцыяй, знаёміць моладзь, якая прыбыла на Случчыну пасля  заканчэння ўстаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі,  з работай прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый Слуцкага раёна, праводзіць гутарку па хвалюючых маладых спецыялістаў пытаннях.

    Маладыя прадстаўнікі сельскагаспадарчай галіны пабывалі ў аграгарадку Казловічы: наведалі школу, сельскі Дом культуры, фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Алімп», малочнатаварную ферму. Для маладых работнікаў гандлю і ўстаноў аховы здароўя правялі экскурсію ў ААТ «Слуцкі хлебазавод». У Слуцкім дзяржаўным каледжы яны наведалі музей малака, зімовы сад і майстэрню «Скарбніца». Пачынаючыя педагогі і культработнікі даведаліся пра развіццё дадатковай адукацыі на прыкладзе Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці, азнаёміліся з дзейнасцю Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Маладыя спецыялісты наведалі таксама галерэю мастацтваў імя У.С. Садзіна.

    Карэспандэнт «Слуцкага краю» разам з маладымі прадстаўнікамі прамысловых прадпрыемстваў і будаўнічых арганізацый пабывала ў ААТ «Дарбудсэрвіс» і ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат». Дырэктар «Дарбудсэрвіса» Аляксандр Мікалаевіч Шарэшык шчыра, па-бацькоўску размаўляў з моладдзю, расказаў пра работу арганізацыі, падкрэсліў ролю вопыту ў прафесійным станаўленні. Дарэчы, у 2014 годзе ААТ «Дарбудсэрвіс» было ў першай дзясятцы топ-100 прадпрыемстваў Беларусі  (па чатырох паказчыках).

    Падчас рэканструкцыі некаторыя ўчасткі аўтадарогі Мінск – Мікашэвічы ўладкоўвалі і спецыялісты «Дарбудсэрвіса». Аляксандр Мікалаевіч правёў удзельнікаў злёту па тэрыторыі прадпрыемства, адказаў на пытанні маладых спецыялістаў. Дырэктар «Дарбудсэрвіса» лічыць галоўнымі складаемымі поспеху любога прадпрыемства спецыялістаў-прафесіяналаў, дружны зладжаны калектыў, а клопат пра работнікаў, уменне кіраўніцтва зразумець кожнага – неад’емнай часткай эфектыўнай работы. Маладым спецыялістам вопытны кіраўнік даў наказ: каб заняць сваё  месца ў прафесіі, трэба ведаць і ўмець вельмі многа, карыстацца ўсімі набытымі падчас вучобы ведамі, самаўдасканальвацца. Сучаснасць прад’яўляе высокія патрабаванні, працаваць трэба якасна, адказна адносіцца да абавязкаў.

    На Слуцкім цукроварафінадным камбінаце ўдзельнікаў форуму азнаёмілі з вытворчым працэсам, аб’ектамі сацыяльна-культурнага прызначэння прадпрыемства.

    У гарадскім Палацы моладзі прайшла другая частка форуму. Маладыя спецыялісты мелі магчымасць атрымаць кансультацыі ад супрацоўнікаў службы «Адно акно» і іншых спецыялістаў Слуцкага райвыканкама, работнікаў ААТ «Белаграпрамбанк», лісты з пытаннямі можна было пакласці і ў спецыяльную скрыню.

    Старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі ў прывітальным слове адзначыў, што Случчына – адзін з лепшых куточкаў нашай краіны, і тут ёсць усе ўмовы, каб рэалізаваць сябе. За тры апошнія гады ў раён прыбылі 1 228 маладых спецыялістаў, 545 маладых спецыялістаў (76%) працягваюць працаваць на Случчыне. Гэта нядрэнны паказчык. Кожны, у каго ёсць жаданне працаваць і здаровыя амбіцыі, можа дасягнуць поспеху. Кіраўнік раёна адказаў на пытанні маладых спецыялістаў.

    Аліна Калядка родам з Мялешак, скончыла Мінскі дзяржаўны абласны каледж і па размеркаванні прыехала працаваць на Слуцкі сыраробны камбінат.

    – Вельмі ўразіў камбінат: новае абсталяванне, чысціня,  парадак у цэхах і на тэрыторыі, – расказала Аліна. – І ў калектыве прынялі вельмі добра, уважлівыя  работнікі, дапамагаюць, падказваюць. У інтэрнаце выдзелілі месца. Я задаволена. Сённяшні злёт быў для мяне цікавым (карэспандэнт адразу звярнула ўвагу на дзяўчыну, якая цікавілася і пытаннямі дарожнага будаўніцтва, і тэхналогіяй вытворчасці цукру), спадабалася ў галерэі мастацтваў імя У.С. Садзіна. Як робяць цукар даўно хацела ўбачыць: мы вывучалі гэту вытворчасць у каледжы. Таксама такія мерапрыемствы – гэта заўсёды новыя знаёмствы. Я планую атрымаць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці, а пасля, магчыма, буду пашыраць прафесійную адукацыю.

    Паліна Герман працуе ў ААТ «Вясейскі Пакроў» бухгалтарам. Першым працоўным месцам задаволена, падабаецца добразычлівая атмасфера ў калектыве.

    Творчым фестывалем «PRO-выбар» завяршылі сустрэчу з маладымі спецыялістамі. Маладыя педагогі, работнікі культуры, будаўнікі, работнікі сельскай гаспадаркі, спецыялісты мясакамбіната і цукроварафінаднага камбіната, медыцынскія работнікі прадставілі свае прафесіі ў сцэнічных мініяцюрах і літаратурна-музычных кампазіцыях. Кожная з сямі каманд атрымала дыплом і прызы ад арганізатараў: аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, райкама ГА «БРСМ». Адукаваныя, мэтанакіраваныя, крэатыўныя… Такім належыць будучыня. Поспехаў вам, маладыя спецыялісты!

    Автор: Ірына МІРГАРАДАВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)