24 Апреля, 2024 Среда

Як Звязда збірала падарункі выхаванцам сталічнага дзіцячага дома №5

  • 23 декабря 2016 Общество Беларуская 0

    «Дзякуй вам, што нагадалі нам, каму трэба дапамагчы адчуць надыход свята». Такімі словамі ўчора дзякавалі карэспандэнтам «Звязды» пакупнікі ГУМа, якія далучыліся да нашай дабрачыннай акцыі па зборы падарункаў для выхаванцаў сталічнага дзіцячага дома №5. У сваю чаргу, паўдня правёўшы ў дзіцячым аддзеле ўнівермага, скажу: яшчэ раз пераканалася ў тым, што нашы жанчыны — сапраўдныя і чуллівыя, здольныя суперажываць чалавечым патрэбам і рабіць добрыя справы. Чаму я так упэўнена ў гэтым? Таму што большасць з тых, хто набыў у краме гасцінец і пакінуў яго ў скрыні з падарункамі, гэта людзі, якія, здаецца, самі маюць патрэбу ў клопаце, — шматдзетныя сем'і і пенсіянеры.

    Трэба адзначыць, што ўчора ў ГУМе быў дзень зніжак. Тым больш прыемна, што ў гэтай мітусні людзі заўважалі нашу скрыню, чулі нашы звароты і знаходзілі час адрэагаваць. «Шмат не атрымліваецца даць, але вельмі хочацца дапамагчы, чым можаш», — казалі многія. Хтосьці загадзя набываў падарункі для дзяцей разам са сваімі пакупкамі, хтосьці зноў вяртаўся ў доўгую чаргу і купляў гасцінец ужо спецыяльна для малых.

    — Я ўвогуле рэдка хаджу па крамах, таму што займаюся ўнучкамі. Не магла не далучыцца да вашай прапановы дапамагчы іншым дзецям, бо вельмі шкадую іх усіх, — расказала Валянціна, бабуля Варвары і Сафіі.

    Мама траіх дзетак Вольга з 5-гадовым Кірылам таксама не абмінулі нашу скрыню:

    — Я шматдзетная маці, таму спачуваю ўсім дзецям планеты і ўсіх віншую з Новым годам, — сказала яна.

    Людміла і Святлана, дзве сяброўкі, сказалі, што звяздоўцы падаравалі ім добры настрой і паклалі ў скрыню пластылін, алоўкі, маляванкі ды акварэльку:

    — Хутка Новы год, усе набываюць падарункі, мы за імі таксама прыйшлі. Чаго толькі не зробіш дзеля дзяцей. А вас убачылі і захацелі, каб цуд і для дзетак з інтэрната адбыўся.

    Некаторыя спачатку цікавіліся, што адбываецца, удакладнялі, што будзе больш карысным для выхаванцаў дзіцячага дома, і прыносілі, што называецца, па спісе. У большасці сваёй гэта самы расходны матэрыял: маляванкі, альбомы, фарбы, фламастары, пластылін, наборы каляровых алоўкаў.

    Цэлая сям'я: хлопчыкі Фёдар і Сцяпан, тата Сяргей і мама Ірына, якая, дарэчы, чакае пятае дзіця (у сям'і яшчэ дзве старэйшыя дзяўчынкі) спецыяльна вярнуліся ў чаргу, каб пакласці ў скрыню гасцінцы.

    — Глядзіш на сваіх унукаў, бачыш, як яны радуюцца, і думаеш, а як жа тыя, у каго няма ні бабулі, ні мамы… Хачу пажадаць тым дзеткам здароўя, поспехаў і ўсяго самага добрага, — расказалі дзве бабулі Валянціна і Надзея, якія таксама не прамінулі нашу скрыню.

    Тыя, хто зусім спяшаўся і не меў магчымасці яшчэ раз адстаяць чаргу, проста пакідалі грошы са словамі «купіце што-небудзь патрэбнае». За іх мы потым набылі для выхаванцаў дома прылады для спартыўных камандных гульняў і гелі для душа.

    Неабыякавасць і душэўнасць некаторых удзельнікаў акцыі ўражвае. У імкненні зрабіць карысную справу яны абяцалі прынесці гасцінцы для дзяцей з дома.

    Так, Кацярына, у якой трое дзетак і ўжо пяцёра ўнукаў, паабяцала, што абавязкова завітае да нас у рэдакцыю і прынясе вязаныя шкарпэткі. Упэўнена, гэты цёплы падарунак будзе даспадобы і дарэчы.

    — Душа баліць за ўсіх, я заўжды дапамагаю, каму магу. Вечарамі вяжу шкарпэткі і раздаю, каму трэба, — падзялілася яна.

    Мая Іванаўна, таксама мама і бабуля, не толькі пакінула гасцінец, але і паабяцала сабраць дома стужкі, ніткі і тканіну для рукадзелля, даведаўшыся, што патрэбна выхаванцам.

    — Хочацца, каб у дзяцей было ўсяго пабольш, каб яны не сумавалі, каб пра іх заўжды нехта памятаў, — падзялілася яна.

    Марына, Любоў, Насця, Ніна, Юля, Кацярына і многія-многія іншыя нашы сённяшнія памочнікі, якія нават не назвалі сваіх імёнаў, але не пакінулі без увагі нашу ідэю, сціпла паклаўшы падарункі і пайшоўшы далей па сваіх справах, вялікі і шчыры вам дзякуй за вашу сардэчнасць, увагу і дабрыню ад усёй нашай вялікай рэдакцыі.

    За грошы, сабраныя супрацоўнікамі «Звязды», мы набылі для юных спартсменаў дома два футбольныя мячы, настольныя гульні, тавары для рукадзелля юным майстрыхам, іншыя карысныя і патрэбныя рэчы...

    Аб гэтым падрабязна — на нашым сайце. А пра тое, як мы ўручалі падарункі, раскажам асобна.

    Автор: Ірына СідарокЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)