20 Мая, 2024 Понедельник

Жыццёвыя гісторыі па матэрыялах суда

  • 23 декабря 2016 Общество Беларуская 0

    Канфіскацыя аўтамабіляў, буйны штраф, абмежаванне і пазбаўленне волі, забарона на доўгі час кіраваць транспартнымі сродкамі – цана, якую заплацілі двое грамадзян за п’янае ваджэнне, учыненае паўторна на працягу года. Прыгавор па іх справах нядаўна вынес суд Маладзечанскага раёна.

    «Горкія» таблеткі

    Адзін з абвінавачаных – жыхар пасёлка Бараўляны. Сёлета 25 мая ён ужо садзіўся за руль у стане алкагольнага ап’-

    янення. За гэта мужчыну на 3 гады пазбавілі правоў і абавязалі выплаціць штраф у памеры 62 базавыя велічыні. І роўна праз чатыры месяцы – чарговы «залёт».

    Як вынікае з матэрыялаў справы, 25 верасня на аўтадарозе паблізу вёскі Краснае аўтамабіль «Таёта RAV-4», якім кіраваў вышэйзгаданы грамадзянін, спынілі супрацоўнікі міліцыі. Стан вадзіцеля выклікаў у праваахоўнікаў падазрэнне. Затрыманага даставілі ў псіханеўралагічны дыспансер, дзе вызначылі ўтрыманне алкаголю ў крыві – крыху не хапіла да двух праміле.

    У час судовага разбору абвінавачаны расказваў, што спіртное ён ужываў напярэдадні. У Краснае прыехаў на грамадскім транспарце капаць бульбу на дачным участку. Там сустрэў суседа па дачы. Праз некаторы час знаёмаму стала дрэнна, яму спатрэбіліся таблеткі. Лекі на станцыю павінна была прывесці жонка суседа. Забіраць іх жыхар Мінскага раёна паехаў на машыне.

    Ні суддзя Ганна Дземашкевіч, ні дзяржаўны абвінаваўца Святаслаў Цітовіч так і не дачакаліся дакладных адказаў на свае пытанні, чаму чалавеку, якому стала дрэнна, не выклікалі хуткую дапамогу і навошта садзіцца за руль, калі няма такога права? Падсудны сваю віну цалкам прызнаў. Абяцаў, што такое больш не паўторыцца. У апошнім слове прасіў не канфіскоўваць аўтамабіль, бо ім карыстаецца хворая маці.

    Суд улічыў усе абставіны, прыняў да ўвагі чыстасардэчнае раскаянне, станоўчую характарыстыку з месца работы абвінавачанага, а таксама тое, што з 2007 года ён учыніў больш за 30 парушэнняў правілаў дарожнага руху, і вынес рашэнне: машыну канфіскаваць, спагнаць з асу-

    джанага 300 базавых велічынь штрафу, прыгаварыць яго да абмежавання волі на 1,5 года і пазбавіць на 5 гадоў права кіраваць транспартнымі сродкамі.

    Засмуцілі дзядулю

    Жыхару нашага горада грамадзяніну Р. не прывыкаць адказваць за правапарушэнні, звязаныя з кіраваннем аўтамабілем. У судзе разглядалася дзявятая падобная справа. За папярэднюю абвінавачаны

    атрымаў вялікі штраф і 3 месяцы арышту. Між тым 7 лістапада ён ехаў па горадзе ў стане алкагольнага ап’янення.

    — У той дзень разам са сваяком выпіваў, — даваў паказанні падсудны. – Распілі бутэльку. Затым прыйшоў знаёмы і папрасіў дапамагчы перавезці бульбу на «Рэно-Меган» майго дзядулі з яго дазволу. Разам з ім паехаў і я.

    Мужчыны даехалі да магазіна, дзе грамадзянін Р. яшчэ купіў спіртное. Ля гандлёвага пункта вадзіцель і пасажыр пасварыліся, пасля чаго знаёмы пакрыўдзіўся і сышоў. На вадзіцельскае крэсла сеў фігурант справы. Пра наступствы такога ўчынку ён ведаў, але чаму так зрабіў, патлумачыць не змог.

    Маладзечанец даваў суду клятвы, што больш ніколі не будзе кіраваць аўтамабілем. Прасіў улічыць, што своечасова і ў поўным аб’ёме выплачвае штрафы (усяго па разліках абвінавачанага ён сплаціў дзяржаве каля 18 тысяч долараў у эквіваленце), таму гатовы панесці пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Таксама дадаў, што ў выпадку канфіскацыі аўтамашыны дзядуля вельмі засмуціцца.

    У апошнім слове падсудны прасіў не пазбаўляць яго волі, бо трэба матэрыяльна дапамагчы дачцэ. Дзяўчына вучыцца на апошнім курсе адной з ВНУ.

    Дарэчы, сродкі, якія пайшлі на выплату штрафаў, ёй якраз спатрэбіліся б.

    Пасля разгляду справы суддзя агучыў прыгавор: канфіскацыя аўтамабіля, пазбаўленне на 5 гадоў права кіраваць транспартнымі сродкамі, 2 гады калоніі агульнага рэжыму, прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Асуджанага з залы суда вывеў канвой. Прыгаворы яшчэ не ўступілі ў законную сілу і могуць быць абскарджаныя.

    Яно таго вартае?

    Высновы з вышэйзгаданага рабіце самі. Дадам толькі, што асуджаныя зламалі не толькі свой лёс. Ускосна яны пакаралі і сваіх блізкіх. Дык навошта было шукаць такія «прыгоды»? І ў адным і ў другім выпадку людзі мелі рэальную магчымасць пазбегнуць непрыемнасцей. Што гэтаму перашкаджала? Спіртное… А яно таго вартае?

    Автор: Алег БЯГАНСКІ.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)