27 Июня, 2026 Суббота

Моладзь працы не баіцца

  • 24 декабря 2016 Общество Беларуская 0

    Папулярны ў маладзёжным асяроддзі студатрадаўскі рух год ад году шырыцца ў Беларусі. Сёлета ў складзе 3867 студэнцкіх атрадаў розных профіляў было працаўладкавана 72386 чалавек, а яшчэ індывідуальна — 1906 чалавек. Толькі на аб’ектах Беларускай атамнай электрастанцыі, якая Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь абвешчана Усебеларускай маладзёжнай будоўляй, працавалі 845 чалавек.

    Гэтыя і іншыя лічбы, а таксама цікавыя факты з гісторыі студатрадаўскага руху, самыя яркія моманты трэцяга працоўнага семестра-2016 узгадваліся падчас Усебеларускага злёту студэнцкіх атрадаў “Маладосць. Праца. Рамантыка”.

    Форм студатрадаўцаў прайшоў 20 снежня ў Мінску. Удзел у падвядзенні вынікаў працоўнага года прыняла і дэлегацыя Брэстчыны.

    Удзельнікамі злёту сталі 300 байцоў лепшых студэнцкіх атрадаў з усіх куткоў Беларусі, а таксама камандзіры і камісары атрадаў, прадстаўнікі арганізацый-партнёраў, якія сёлета прадставілі навучэнцам і студэнтам працоўныя месцы.

    На злёце ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры адбылася ўрачыстая цырымонія ўшанавання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Працоўны семестр — 2016” і былі падведзены вынікі сёлетняй працы. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Марыяна Шчоткіна, міністр інфармацыі Лілія Ананіч, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Андрэй Белякоў. Гасцям паказалі профілі дзейнасці беларускіх студатрадаў, прадставілі будаўнічыя пляцоўкі, на якіх сёлета працавала моладзь.

    Многа цёплых слоў і пажаданняў прагучала на злёце ў адрас студатрадаўцаў. У прыватнасці, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш адзначыў: “Будатрад – гэта яшчэ адна школа, якая дае вельмі многае, што нельга атрымаць ні ад аднаго настаўніка. У першую чаргу – вопыт і сяброў. Тыя людзі, з якімі вы пазнаёміліся ў будатрадзе, стануць вам сябрамі на ўсё жыццё, з якімі можна вырашаць складаныя задачы і развівацца. Вялікі дзякуй вам за малады запал і ўклад у развіццё студатрадаўскага руху”.

    Вадзім Богуш уручыў дыплом і памятную статуэтку лепшаму педагагічнаму атраду краіны. Пераможцай у гэтай намінацыі стаў атрад “Горящие сердца” Бярозаўскага працоўнага штаба студэнцкіх атрадаў ГА “БРСМ”.

    Студатрадаўцы Брэстчыны былі адзначаны і іншымі ўзнагародамі. Так, падзякай ЦК БРСМ узнагароджаны атрад “Вертыкаль” імя П.М. Машэрава Столінскага тэрытарыяльнага штаба студэнцкіх атрадаў (ТШСА). Дарэчы, камандзір “Вертыкалі” Васіль Пратасавіцкі, а таксама камандзір педагагічнага атрада “Горящие сердца” Марыя Сівякова прызнаны лепшымі сярод камандзіраў атрадаў і адзначаны граматамі ЦК БРСМ і каштоўнымі падарункамі. Сярод штабоў працоўных спраў пярвічных арганізацый БРСМ узнагароджаны штаб Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Падзякі Цэнтральнага камітэта атрымалі Столінскі ТШСА і штаб Брэсцкага гаркама БРСМ.

    Граматамі ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і каштоўнымі падарункамі быў адзначаны шэраг прымаючых арганізацый. Сярод іх філіял ААТ “Будаўнічы трэст №8” г. Астравец, начальнік філіяла Павел Сацута.

    Студэнцкія атрады – гэта не проста даніна традыцыі, пераемнасць лепшых спраў камсамола. Сёння студатрадаўскі рух жыве па правілах сучаснасці, развіваецца і ўдасканальваецца. І ў гэтага руху, безумоўна, ёсць перспектывы. 

    Узнагароды атрыманы. Але пачываць на лаўрах моладзь не збіраецца – не за гарамі працоўны семестр-2017, а таму падрыхтоўка да яго ўжо вядзецца ў тэрытарыяльных арганізацыях БРСМ і штабах працоўных спраў.

    Автор: Аліна ГАНЧАРНародная трыбуна
    Теги: 

Комментарии (0)