23 Апреля, 2024 Вторник

Дзед Мароз на квадрацыкле і пісьмо-дрон

  • 28 декабря 2016 Общество Беларуская 0

    Горад замёр у прадчуванні свята. Дзеці чакаюць ад яго замоўленыя ў Дзеда Мароза падарункі і салодкія сюрпрызы, а ў дарослых Новы год асацыюецца з аднаўленнем жыцця – пакідаеш усе нягоды ў 2016-м і пачынаеш з чыстага ліста.

    Каб крыху ажыццявіць перадсвяточныя чаканні брастаўчан, стварыць утульную чароўную атмасферу, цэнтральную плошчу Брэста пераўтварылі ў казачную краіну. Тут і алень, і яркая карэта, і велізарны ёлачны шар, і эфектны рознакаляровы фантан… Аб’ёмныя фігуры з першых дзён іх з’яўлення на плошчы Леніна заваявалі сімпатыі гараджан. Аднак самае цікавае было наперадзе: не запаліла сваіх агеньчыкаў высокая прыгажуня-ёлка, таму паглядзець на яе яркую “сукенку” 17 снежня прыйшлі тысячы брастаўчан.

    Усе нібы трапілі ў зімовую казку. Праўда, у сучаснай інтэрпрэтацыі. Удзельнікі феерыі – шматлікія Дзяды Марозы і Снягуркі – пад’ехалі на плошчу на ўпрыгожаным агеньчыкамі аўтобусе, а маленькія артысты заязджалі на святочную пляцоўку на роліках. Нязвыклым чынам прыйшло і пісьмо ад Дзеда Мароза – яго прынёс дрон. Пагадзіцеся, спосаб дастаўкі нечаканы і арыгінальны. Крыху шакіравала і з’яўленне самага галоўнага Дзеда з унучкай – на свята іх прывезлі на квадрацыклах!

    Усе гэтыя цуды перамяжоўваліся з выступленнямі творчых калектываў Брэста. У навагоднім канцэрце “Зорная карусель” прынялі ўдзел больш за 1000 маладых артыстаў. Сваімі нумарамі гасцей здзіўлялі ансамблі танца “Надзея”, “Прыбужжа”, “Чорны лотас” і “Анёл”. Атмасфернымі навагоднімі песнямі брастаўчан радавалі выхаванцы вакальнага ансамбля “Рамонкі”, вакальнай студыі “7 нот”, творчага цэнтра “АртПіпер” і іншыя. Танцы і песні не змаўкалі ні на хвіліну, і гэта прыцягвала на свята ўсё больш гледачоў.

    З надыходам прыцемак гасцей свята чакаў яшчэ адзін яркі сюрпрыз. Народная цыркавая студыя “Даўгялы” арганізавала відовішчнае прадстаўленне, а тэатры агню “Бліскавіца” і “Etere” зладзілі вогненнае шоу. 

    Аднак самая чаканая падзея свята была наперадзе. Развеяць інтрыгу – запаліць галоўную ёлку Брэста – запрасілі старшыню гарвыканкама Аляксандра Рагачука. У сваім выступленні перад гараджанамі мэр адзначыў, што Брэст можна назваць самым яркім горадам краіны. “Новыя спосабы падсветкі будынкаў, крэатыўны падыход камунальных службаў да афармлення горада, пераход на энергазберагальныя тэхналогіі – усё гэта адзін з этапаў маштабнай падрыхтоўчай кампаніі да 1000-годдзя Брэста. Адна з апошніх інтрыг адыходзячага года – змена асвятлення на вуліцы Леніна. Яно будзе святлодыёдным”, – расказаў аб новаўвядзеннях Аляксандр Сцяпанавіч. Мэр горада адзначыў, што незалежна ад узросту і надвор’я з Новым годам кожны з нас звязвае ўсё самае лепшае і чакае выканання запаветных жаданняў. Аляксандр Рагачук павіншаваў брастаўчан з надыходзячым Новым годам, пажадаў усім здароўя і дабрабыту – і націснуў на чароўную кнопку. Ёлка імгненна заззяла тысячамі агеньчыкаў, а святочную пляцоўку ўпрыгожыў дождж феерверкаў. 

    Дзіцячаму захапленню не было меж у тыя моманты, і маленькія госці свята ра-зам са сваімі бацькамі маглі выліць эмоцыі і палюбавацца ёлкай на арганізавай ля яе напрыканцы свята дыскатэцы. 

    Автор: Юлія АЛЯШЧЭНЯНародная трыбуна
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)