20 Апреля, 2024 Суббота

Экалогія пачынаецца з цябе!

  • 28 декабря 2016 Общество Беларуская 0

    Свежае паветра і чыстыя вуліцы, паўнаводныя рэкі і багатыя раслінамі і жывёламі лясы… У наш час гэтыя словы гучаць крыху казачна і нават утапічна. Чалавек так “пастараўся” ў забруджванні свайго ж дома – Зямлі, зайшоў настолькі далёка ў гэтай сумніўнай справе, што зараз прыходзіцца пажынаць адпаведныя плады – забруджанае паветра, шкодныя адходы, збядненне флоры і фаўны…

    Аднаўляць навакольнае асяроддзе – справа працаёмкая, доўгатэрміновая і затратная. І тым не менш – неабходная. Аб тым, якая работа вядзецца на Брэстчыне па розных напрамках – перапрацоўцы адходаў, ачышчэнні паветранага басейна, ахове флоры і фаўны, – даведаемся ў спецыялістаў аблкамітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

    ДЗЕ ТЫ, ЧЫСТАЕ ПАВЕТРА?

    Важную ролю ў жыцці ўсяго жывога іграе паветра, а дакладней – яго чысціня. Паводле статыстычных дадзеных, Брэстчына сярод абласцей рэспублікі і горада Мінска займае трэцяе месца па колькасці шкодных выкідаў ад мабільных крыніц – каля 116 тысяч тон у год. Працуюць на гэтую жудасную лічбу каля 700 тысяч аўтамабіляў, з якіх 87 працэнтаў – асабістыя. Калі размова заходзіць пра тое, каб павялічыць колькасць дзён без аўтамабіля, больш хадзіць пешшу, з усіх бакоў чуецца: “Ад таго, што я адзін адмоўлюся ад аўто, навакольнаму асяроддзю лягчэй не стане…” Вось і атрымліваецца, што ўсеагульнае нежаданне выкарыстоўваць альтэрнатыву, неяк змяняць свой звыклы “аўтамабільны” лад жыцця прыводзіць да накаплення дзясяткаў тысяч тон шкодных выкідаў.

    І ўсё ж невялікія крокі ў вырашэнні праблемы забру-джвання паветра робяцца. Безумоўна, у корані сітуацыю яны не зменяць, але і пагоршыць стан паветранага басейна не дадуць. Начальнік аддзела дзяржкантролю за аховай атмасфернага паветра аблкамітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Лілія Стрэльнікава расказала, што ў мэтах зніжэння негатыўнага ўплыву на паветра выкідамі ад мабільных крыніц ажыццяўляецца іх перавод на газавае паліва. Таксама ў Брэсце ўстаноўлены аўтаматызаваныя сістэмы каардынацыйнага кіравання святлафорнымі аб’ектамі “Зялёная хваля”. У мэтах аптымізацыі маршрутаў руху і расходу паліва на транспарце РУП “Брэстаўтадар” устаноўлена 240 GPS-навігатараў і 270 датчыкаў расходу паліва.

    Каб прыцягнуць увагу да праблемы забруджвання паветра, а таксама павысіць экалагічнасць транспарту, штогод праводзіцца рэспубліканскі конкурс. На ім вызначаюць аўтатранспартныя арганізацыі, якія паказалі лепшыя вынікі ў рабоце па зніжэнні забру-джвання атмасфернага паветра. Вынікі 2016-га пакуль не падведзены, а ў мінулым годзе, нагадаем, аўтобусны парк горада Баранавічы заняў трэцяе месца.

    Што тычыцца стацыянарных крыніц забруджвання – прадпрыемстваў Брэстчыны, аб’ёмы забруджвальных рэчываў ад іх работы ўдвая меншыя, чым ад мабільных крыніц, – 50 тысяч тон у год. “Нашы ключавыя задачы – мінімалізаваць аб’ёмы шкодных выкідаў шляхам скарачэння выкарыстання азонаразбуральных рэчываў. У 2016 годзе на прадпрыемствах вобласці праведзена мадэрнізацыя шэрагу вытворчасцей, рэканструкцыя кацельных, перавод іх на газавае паліва, што дазволіла знізіць выкіды забруджвальных рэчываў у паветра на 585 тон. Пабудаваны і рэканструяваны 43 газаачышчальныя ўстаноўкі, зніжана выкарыстанне фарбавальнікаў з высокай колькасцю лятучых арганічных растваральнікаў на 14 тон”, – паведаміла Лілія Міхайлаўна.

    Штогадовая карпатлівая праца эколагаў прыносіць свой плён. “За апошнія 5 гадоў выкарыстанне азонаразбуральных рэчываў на Брэстчыне зніжана на 59 працэнтаў, – расказала кіраўнік камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аблвыканкама Тамара Ялкоўская. – Лічба значная, і дасягнуць яе ўдалося дзякуючы зацікаўленасці брэсцкіх прадпрыемстваў і арганізацый у павышэнні экалагічнасці іх работы”. Яскравы таму прыклад – поўнае перавядзенне сёлета халадзільнага абсталявання ААТ “Прадтавары” на азонабяспечныя фрэоны. 

    Спрыяюць падтрыманню чысціні паветра і аднаўляльныя крыніцы энергіі – геліякалектары. Так, Брэсцкім аддзяленнем Беларускай чыгункі і прадпрыемствам “Беларуснафта-Брэстаблнафтапрадукт” эксплуатуецца 26 геліякалектараў. 

    Як бачна, магчымасці, жаданне зрабіць сваю працу бясшкоднай для навакольнага асяроддзя ў брэсцкіх прадпрыемстваў ёсць. І яны гэтымі магчымасцямі карыстаюцца. А вось што датычыць мабільных крыніц забруджвання – нашых шматлікіх аўто – выбар стаіць за кожным аўтаўладальнікам. Бо, скардзячыся, што ў гарадах няма чым дыхаць, і адпраўляючыся ў пошуках чыстага паветра ў вёску – зноў жа, на машыне, – вы не пазбаўляецеся ад праблемы: яна едзе з вамі ў выхлапной трубе аўто.

    У ПЛАНАХ – НОВЫЯ ЗАКАЗНІКІ

    Ратуюць чалавека ў няпросты тэхнагенны час “лёгкія” нашай планеты – расліны. Каб захаваць гэты бясцэнны дар, абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя штогод аналізуе стан прыродных тэрыторый.

    Так, за гэты год у Брэсцкай вобласці было аб’яўлена тры заказнікі – “Вусце Мышанкі” і “Вялута” ў Ляхавіцкім раёне, “Бабравіна” на Кобрыншчыне. Акрамя таго, быў пераўтвораны заказнік “Аброва” ў Іванаўскім раёне. Помнікамі прыроды аб’яўлены біялагічны аб’ект “Здзітаўскія дубы” на Жабінкаўшчыне, “Лугапарк Плошчава”, “Парк “Дубае” і “Прыазер’е Змяінае” на Піншчыне і біялагічны аб’ект “Лунінецкія варатнічковыя сосны”.

    Плошча ахоўных прыродных тэрыторый сёлета павялічылася, і спецыялісты адзначаюць, што на гэтым не спыняцца. Начальнік аддзела дзяржкантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, расліннага і жывёльнага свету, асабліва ахоўных прыродных тэрыторый аблкамітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Равяка расказаў, што да 1 сту-дзеня 2024 года на тэрыторыі вобласці плануецца аб’явіць яшчэ 6 заказнікаў і 62 помнікі прыроды мясцовага значэння, а таксама ўдакладніць межы і рэжымы аховы і выкарыстання 26 заказнікаў і 36 помнікаў прыроды мясцовага значэння. Дзякуючы гэтаму плошча асабліва ахоўных прыродных тэрыторый мясцовага значэння павялічыцца да 53 тысяч гектараў – зараз яна складае 49,6 тысячы гектараў.

    Уладзімір Вячаслававіч паведаміў яшчэ аб адной прыемнай падзеі для прыроды Брэстчыны, а дакладней – Столінскага раёна. У гэтым годзе быў аб’яўлены біясферны рэзерват “Прыпяцкае Палессе”. “Гэтыя тэрыторыі – унікальны прыродны комплекс. Мэта стварэння рэзервата – захаваць раслінны і жывёльны свет Палесся пасля праве-дзенай у рэгіёне маштабнай меліярацыі”, – растлумачыў Уладзімір Равяка. 

    У склад рэзервата ўвайшло некалькі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, якія маюць важнае значэнне для захавання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці на нацыянальным і міжнародным узроўні. Размова ідзе пра Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Альманскія балоты” і рэспубліканскі водна-балотны заказнік “Стары Жадэн”.

    Асаблівасцю біясфернага рэзервата з’яўляецца тое, што ён прызначаны не толькі для захавання біяразнастайнасці – на яго тэрыторыі праводзяцца навуковыя даследаванні, маніторынгі, арганізуецца дзейнасць у галіне адукацыі і падрыхтоўкі кадраў. “У перспектыве рэзерват “Прыпяцкае Палессе” можа стаць асновай для фарміравання сеткі трансгранічных і прыгранічных беларуска-ўкраінскіх прыродаахоўных аб’ектаў”, – дадаў Уладзімір Равяка.

     

    ВОРАГІ ПРЫРОДЫ – АДХОДЫ

    Асабліва працаёмкім і праблемным напрамкам работы для спецыялістаў абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя застаецца абыходжанне з адходамі. Паколькі ў людзей погляды на парадак розныя – хтосьці прывык падтрымліваць чысціню сваіх прыдваровых тэрыторый, а іншага звалка побач з домам не трывожыць, – даводзіцца выкарыстоўваць такі непрыемны метад барацьбы, як штраф. Начальнік аддзела дзяржкантролю за абыходжаннем з адходамі аблкамітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай Палянчук расказаў, што за 2016 год у выніку інспектарскай дзейнасці выяўлена і ліквідавана 202 несанкцыянаваныя звалкі адходаў і складзена 187 адміністрацыйных пратаколаў. Агульная сума накладзеных штрафаў – прыкладна 83 тысячы дэнамінаваных рублёў.

    Трэба сказаць, сумны вопыт мінулых гадоў паказвае, што метад штрафавання станоўча дзейнічае на насельніцтва. Параўнайце, за 2015 год было выяўлена і ліквідавана 242 звалкі – на 40 больш, чым сёлета. Паменшылася і колькасць складзеных пратаколаў: у 2015-м іх было значна больш – 240. 

    Мікалай Палянчук распавёў пра тое, якая работа праводзіцца ў вобласці па аптымізацыі аб’ектаў захавання цвёрдых камунальных адходаў. “У 2016 годзе рэкультывавана 26 міні-палігонаў на плошчы 19,41 гектара. Некаторыя палігоны адходаў будуць пашыраны. Так, у Драгічынскім раёне ўжо праведзены работы па выбары зямельнага ўчастка для пашырэння палігона, заказана праектна-каштарысная дакументацыя”, – расказаў Мікалай Мікалаевіч.

    Важная роля ў пытанні абыходжання з адходамі адводзіцца рабоце сартавальных станцый. У бліжэйшы час плануецца запуск у эксплуатацыю новых ліній сартавання ў Драгічынскім, Камянецкім і Ляхавіцкім раёнах.

    Што тычыцца перапрацоўкі адходаў, сёлета таксама не абышлося без новаўвядзенняў. У рамках праекта Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі” рэалізуецца пілотная ініцыятыва ВКУП “Камунальнік” па стварэнні ў Брэсце комплексу па перапрацоўцы драўняных адходаў у біяпаліва. Ужо набыта высокатэхналагічнае абсталяванне для вытворчасці шчэпкі з драўняных адходаў, якія ўзнікаюць пры эксплуатацыі зялёных насаджэнняў у горадзе. “Гэтае абсталяванне дазваляе паўторна выкарыстоўваць драўняныя адходы – і гэта яшчэ адзін плюс для экалогіі рэгіёну і захавання прыродных рэсурсаў”, – адзначыў Мікалай Палянчук.

     

    ЯК ВУЧЫЎ МАЛЕНЬКІ ПРЫНЦ

    Як урачы, правяраючы здароўе чалавека, даследуюць яго аналізы, спецыялісты аблкамітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя рэгулярна даследуюць грунт, паветра, ваду на прадмет забруджвання. Па да-дзеных Нацыянальнай сістэмы маніторынгу, навакольнае асяроддзе Брэстчыны характарызуецца станоўчай дынамікай, і можна з упэўненасцю гаварыць, што ў 2016 годзе ні ў якім разе не пагоршыўся яго стан. “Безумоўна, праблемныя моманты ёсць заўсёды, мы пра іх ведаем, і на ўзроўні выканаўчых і распарадчых органаў улады прымаюцца рашэнні – будуюцца ачышчальныя збудаванні, выпускі ліўневай каналізацыі абсталёўваюцца сістэмай ачысткі, вядзецца работа па развіцці асабліва ахоўных тэрыторый”, – расказала старшыня аблкамітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Тамара Ялкоўская. – Што тычыцца навядзення парадку на зямлі, па даручэнні старшыні аблвыканкама Анатоля Ліса штомесячна мы разглядаем адзін з раёнаў на пасяджэнні аблвыканкама. Гэта дае магчымасць нашай прыродаахоўнай службе выносіць пытанні экалогіі на разгляд як выканаўчых, так і распарадчых органаў улады”.

    Тамара Анатольеўна адзначыла, што ў кожным раёне свае асаблівасці ў пытаннях навядзення парадку на зямлі. Сёння ўжо можна гаварыць, які з іх вылучаецца па чысціні населеных пунктаў. Напрыклад, у Лунінецкім раёне лепш, чым у астатніх, арганізавана здабыча карысных выкапняў. У Ганцавіцкім і Бярозаўскім – устаноўлена менш за ўсё парушэнняў па выніках праве-дзеных экалагічных рэйдаў. “Мы стараемся даць людзям шанс ліквідаваць парушэнні, штрафуем у крайніх выпадках”, – удакладніла Тамара Ялкоўская.

    У ліку пытанняў, над якімі аблкамітэту яшчэ трэба працаваць, – праблема забру-джвання рэк, што знаходзяцца каля выпускаў сцёкавых вод і ачышчальных збудаванняў. Гэта рака Ясельда ніжэй Бярозы, Мухавец ніжэй Кобрына і Заходні Буг ніжэй Брэста. Гэтыя ўчасткі рэк забруджаны біягеннымі элементамі, якія паступаюць разам са сцёкавымі водамі. 

    Аднак ёсць і станоўчыя моманты. Так, ліквідаваны выпуск сцёкавых вод ад Жабінкаўскага цукровага завода. 

    У заключэнне Тамара Ялкоўская дадала, што ўсе намаганні і старанні аблкамітэта зрабіць навакольнае асяроддзе чысцейшым не прынясуць шмат карысці, калі самі жыхары Брэстчыны не будуць з разуменнем адносіцца да праблем экалогіі.

    Успамінаюцца словы героя твора Антуана дэ Сент-Экзюперы “Маленькі прынц”: “Прачнуўся раніцай, умыўся, прывёў сябе ў парадак – і адразу ж прывядзі ў парадак сваю планету”. І паколькі планета ва ўсіх нас агульная, клапаціцца пра яе – у інтарэсах кожнага. Пагадзіцеся, такія простыя рэчы, як кінутае ў урну, а не на тратуар, смецце, прагулка пешшу, а не на аўто, даюць нам права адчуваць сябе спакойна. Здавалася б, дробязь – а самому прыемна. Атрымліваецца, што быць у згодзе з навакольным асяроддзем – значыць быць у згодзе з сабой і сваім сумленнем.

    Автор: Юлія АЛЯШЧЭНЯНародная трыбуна
    Теги: 

Комментарии (0)