Якім быў для случчан 2016 год, даведаліся карэспандэнты нашай газеты.
Аксана Піхцярова, педагог дадатковай адукацыі Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці:
– Гэты год прайшоў для мяне пад знакам рэспубліканскага конкурсу «Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі», дазволіў адчуць мне ўсю гаму эмоцый і пачуццяў. Былі хваляванні, перажыванні і радасць перамогі ў абласным этапе, годнае выступленне ў фінале конкурсу. Увесь час была, як кажуць, у тонусе, такі вось марафон. Удвая прыемна, калі і вучні займаюць прызавыя месцы ў розных конкурсах – мяне сёлета парадавалі Анастасія Храмцэвіч і Вольга Кобель. І калі вучань ідзе па тваіх слядах – як тут не ганарыцца: сёлета да нас у ЦДТ прыйшла працаваць мая выпускніца Вераніка Лявончык, творчая, старанная. Шмат станоўчых эмоцый прынеслі майстар-класы для дзяцей і дарослых. Заўсёды прыемна дзяліцца сваімі ведамі і ўменнямі з тымі, каму гэта цікава.
Дзякуй адыходзячаму году, ён навучыў мяне многаму, родныя і блізкія людзі побач, я магу планаваць будучыню. Жадаю ўсім, каб збывалася ўсё, пра што марыце, не засмучацца з-за дробязей і кожны дзень шчыра ўсміхацца!
Сяргей Бортнік, галоўны аграном ААТ «Слуцкая Ніва»:
– Кожны год мае свае адметнасці, насычаны шматлікімі падзеямі, зменамі ў жыцці, перажываннямі. Канечне, рады, што амаль усё запланаванае ў асабістым жыцці ажыццявіў, што не паспеў – буду навёрстваць у наступным годзе. Вялікіх планаў не загадваю, але стараюся не спыняцца на дасягнутым.
Мяне, як работніка сельскагаспадарчай галіны, не можа не радаваць той факт, што Слуцкі раён у лідарах па намалоце збожжа. Добрых вынікаў ў раслінаводчай галіне дасягнула і наша сельгасарганізацыя. Спадзяюся, што ў 2017 годзе атрымаем ураджай не меншы за сёлетні, а па магчымасці – павялічым вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі.
Кацярына Астроўская, студэнтка:
– Для мяне 2016 год – пачатак новага і, спадзяюся, паспяховага шляху. У пачатку года мяне прынялі на адукацыйную праграму ўніверсітэта ў Іерусаліме, я вывучыла і свабодна размаўляю на абсалютна чужой для мяне мове і нават маю высокія вынікі ў вышэйшай матэматыцы, і гэта асабліва грэе душу, бо раней матэматыка мне не давалася.
Шкада, што было мала часу для зносін са сваімі бацькамі і сябрамі.
Жадаю дарагім землякам радавацца кожнай секундзе, таму што час бясцэнны. І верыць у свае сілы, у сваю мару, у людзей навокал. З Новым годам! Шчасця вам!
Максім Чабанаў, інжынер па бяспецы дарог філіял «ДРБУ-125» КУП «Мінскаблдарбуд»:
– У цэлым год парадаваў мяне падзеямі. Ён для мяне быў адметны тым, што я захапіўся псіхалогіяй, прайшоў курс навучання па фізіягноміцы. Вельмі цікавая навука. Зразумеў, як мала мы ведаем пра сябе. Запомнілася сустрэча ў Мінску з псіхадыягностамі, атрымаў вялікі штуршок для далейшага самаразвіцця, самаўдасканалення. Таму і пажаданне маё: пазнавайце сваю асобу кожны дзень, развівайце свае лепшыя якасці.
Як спецыяліст лічу, што якасць дарог у Слуцкім раёне значна палепшылася.

Комментарии (0)