Святочны навагодні ранішнік у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” прайшоў у дзіцячай дапаможнай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
На ўрачыстасць да выхаванцаў школы завітала шмат ганаровых гасцей, нераўнадушных да іх жыцця. У ролі добрых чараўнікоў выступілі: намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Віктар НЕКРАШЭВІЧ, галоўны інжынер ВУП “Магілёўдругчармет” Сяргей РЭШКО і старшыня прафсаюзнага камітэта прадпрыемства Уладзімір ЧАРНЯНКОЎ, намеснік старшыні райвыканкама Алена КОТАСАВА. Яны падарылі дзецям не толькі салодкія падарункі, але і карысныя рэчы.
Віктар Некрашэвіч уручыў выхаванцам школы сучасную швейную машынку з аверлокам.
— Я прыязджаю ў школу ўжо шосты раз і бачу, як на вачах падрастаюць дзеці, — сказаў у віншавальным слове Віктар Уладзіміравіч. — Хутка яны адправяцца ў самастойнае жыццё і навыкі работы на швейнай машынцы стануць для іх добрай падмогай.
Прадстаўнікі ВУП “Магілёўдругчармет” прэзентавалі дзецям светлавую ўстаноўку для правядзення дыскатэк, а намеснік старшыні райвыканкама Алена КОТАСАВА – наборы сталовага посуду.
Дзеці і педагогі школы-інтэрната падрыхтавалі для ўсіх гасцей прыгожае казачнае дзейства з удзелам Дзеда Мароза, Снягурачкі, Снегавіка, Бабы Ягі і Кікімары, танцы і песні.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара.

Комментарии (0)