04 Декабря, 2022 Воскресенье

Звязда перадала падарункі выхаванцам сталічнага дзіцячага дома №5

  • 06 января 2017 Общество Беларуская 0

    Макароннае дрэва, скураныя рамонкі, карціны з цеста, бісеру і стужак, ёлка з цытрусавых… Гэтыя і іншыя дзіўна прыгожыя, неардынарныя і яркія творы, якія давялося пабачыць карэспандэнтам, — работа жыхароў дзіцячага дома №5. Учора зранку звяздоўцы завіталі сюды, нагружаныя мяхамі з сабранымі і набытымі падарункамі. Пакуль ішлі, вельмі хваляваліся: ці спадабаецца гэта ўсё выхаванцам, ці спатрэбіцца, ці будзе дарэчы...

    Каб пазбавіцца ад няёмкасці, мы папрасілі кіраўніцтва дазволіць наведаць дзяцей непасрэдна ў групах і ні кроплі не пашкадавалі пра гэта. Хлопцы і дзяўчаты, якія спачатку саромеліся, пасля расказалі і паказалі, як і з чаго можна ствараць сапраўды адмысловыя рэчы і нават памяняліся ролямі з нашымі дзяўчатамі з інтэрнэт-рэдакцыі — узялі ў іх інтэрв'ю і знялі гэта на відэа. Шчыра скажам, пачуўшы словы «З вамі Дзмітрый Акуліч, глядзіце нас на нашым сайце» і «Дзякуй вам, нашы маленькія зорачкі, што да нас прыехалі», нават крыху збянтэжыліся, настолькі прафесійна атрымалася гэта ў 11-гадовага падлетка. Думаецца, расце тут наш будучы супрацоўнік. Прыйшлося трымаць марку і адказваць на пытанні. Але пра ўсё па парадку.

    Дзіцячы дом №5 знаходзіцца ў пераробленым будынку былога дзіцячага садка. Звонку ён амаль нічым не адрозніваецца ад дашкольнай установы, а ўнутры… Паўсюдна на сценах утульных калідораў работы дзяцей: карціны са стужак, бісеру, нітак, паперы… Пра тое, як убраны пакоі хлопцаў і дзяўчат, я ўжо не кажу. Выглядае ўсё вельмі па-дамашняму: з дыванамі, тэлевізарамі, канапамі. І ўсюды чысціня, а шматлікія вырабы, зробленыя дзецьмі, ствараюць утульнасць і асаблівы каларыт і атмасферу прыгажосці гэтага месца.

    Яшчэ збіраючы і набываючы падарункі, мы ведалі, што маленькія майстрыхі займаюцца рукадзеллем (як мы самі пабачылі, пэўна ўсімі яго відамі), таму сярод гасцінцаў загадзя падрыхтавалі каляровыя ніткі, пяльцы, бісер ды стужкі для вышывання.

    Вымаючы з пакета прылады для вышыўкі, мы не маглі стрымацца, каб не пахваліцца дзяўчатам, што набывалі ў краме самыя яркія колеры.

    — О, якраз чорны ёсць. Тое, што трэба, — узрадаваліся яны, перабіраючы бісерыны.

    Сёлета, як расказалі дзяўчаты, яны больш вышываюць стужкамі, летась — займаліся бісерапляценнем. З бісеру або нітак яны ствараюць таксама завушніцы, бранзалеты і іншыя ўпрыгажэнні і дробныя вырабы. Майстрыхі паказалі нам карціны з бісеру, стужак, цеста. Апошняе, аказваецца, падсушваецца на батарэі ці ў мікрахвалёўцы і размалёўваецца фарбамі.

    — А вось гэта першая наша работа з цестам, — кажуць яны і паказваюць на карціну з пузатым самаварам, па вуглах аздобленую абаранкамі ды розным печывам, якія выглядаюць вельмі рэалістычна.

    Наташа з дроту і бісеру пляце цацкі: ліс, павукоў, кракадзілаў, папугаяў...

    — Спачатку глядзела ў інтэрнэце схемы, цяпер сама ўжо раблю. Больш за ўсё люблю павукоў — магу за 15 хвілін стварыць. Яго можна паставіць на лапкі (яны згінаюцца) ці падвесіць, — кажа яна.

    — Я акрамя вырабаў з бісеру раблю фігуркі арыгамі з глянцаваных афішак. Спецыяльна іх выразаю, каб колер быў патрэбны. Чырвоны з чорным лебедзь зроблены з праграмкі кінастужкі «Ведзьма з Блэр», а зялёны з жоўтым — з флаера «Ёлкі-5», — падзялілася Юля, паказваючы на тэлефоне здымкі сваіх работ.

    А ў гэты час на Паліну ўжо прымяралі карнавальную сукенку.

    — Яна наша самая заўзятая акторка, — усміхнулася Алена ХАЦЬКО, намеснік дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы. — Мы да кожнага свята спектаклі ставім, і дзеці з задавальненнем іграюць, ролі разбіраюць. Да прыезду гасцей з Італіі робім канцэрты. А вырабы, якія яны ствараюць, таксама не ляжаць — гэта цудоўныя падарункі, якія таксама да свят разыходзяцца. Нашы выхаванцы ўвесь час нешта майструюць, займаюцца творчасцю. Вольны дзень хіба што нядзеля, калі яны нікуды не ідуць займацца.

    Тутэйшыя хлопцы займаюцца футболам, валейболам ды баскетболам, настольным тэнісам і іншымі спартыўнымі гульнямі. Ім мы прынеслі два футбольныя мячы, кеглі, настольныя гульні, наборы для лепкі з гліны і гіпсу. А яшчэ ўсім выхаванцам дасталіся хатнія пантофлі, звязаныя Кацярынай.

    — Мячоў якраз хопіць да лютага. Яны нам заўсёды патрэбныя, як і кеды, бо гуляюць хлопцы штовечар, — смяецца Алена Яўгенаўна. — Яшчэ паспяваюць і на дадатковыя заняткі па англійскай мове хадзіць.

    У кожнай групе свая ёлка. А ў хлопцаў іх нават тры. Адна звычайная. Другая — склееная са спецыяльна згорнутых кавалачкаў тканіны. Трэцяя — зусім адмысловая — знаходзіцца на сцяне. На шпалерах нацягнуты шнуркі, да якіх прыладжаны банцікі, шышкі і… сушаныя скрылікі апельсінаў, лімонаў, яблыкаў.

    А на сцяне, што вядзе ў спальню, «расце» дрэва з макаронаў. Крона зроблена з мучных вырабаў у форме «ракавін», а ствол — з макаронін, ключыкаў, гузікаў і іншага падручнага матэрыялу. Усё гэта пафарбавана і выглядае як заводская пластыкавая выява для дэкору.

    Хлопцы дапамагалі ствараць усё гэтае хараство. А Саша, якому ўчора споўнілася 18 гадоў, увогуле вяжа на прутках.

    Хлопцы з яшчэ адной групы, як аказалася, таксама займаюцца не толькі футболам, але і бісерапляценнем. А яшчэ: Саша грае на гітары, Андрэй плавае, Вадзім спявае, Арцём малюе і робіць кветкі са скуры.

    — Для хакея мы ўжо пачысцілі двор і зрабілі са снегу борцікі і вароты, — паведаміў Саша.

    — А яшчэ ў нас турнір варатароў быў. Я ў ім другое месца заняў, адбіў 81 шайбу, а Арсеній — першае. Мы ездзім на хакей у юнацкую каманду «Дынама-Мінск», і я там сябрую з нумарам 35, — паведаміў Дзіма. Менавіта ён пасля браў інтэрв'ю ў адной з нашых карэспандэнтак.

    Самым маленькім дасталіся гумавыя мячыкі, машынкі і вясёлыя пропісі з лічбамі і літарамі ды іншыя займальныя сшыткі з дыдактычным матэрыялам. Ну, а найбольш расходны матэрыял: каляровыя алоўкі, акварэлькі, фламастары, пластылін, каляровыя ручкі, несумненна, спатрэбяцца ўсім творчым жыхарам гэтага дома.

    На зваротным шляху мы заўважылі на падаконніку кампазіцыю са звычайных галінак ва ўпрыгожаным слоіку з вадой. Не паверыце, але на іх з'явіліся не толькі маладзенькія лісцікі, але і суквецці. Так што, думаецца, хутка яны і заквітнеюць. Пэўна, адчуваюць мясцовую атмасферу творчасці і дабрыні.

    Падчас дабрачыннай акцыі «Падары дзіцяці свята», якую звяздоўцы ладзілі ў ГУМе 22 снежня, мы разам з работнікамі ўнівермага, нашымі чытачамі і ўсімі неабыякавымі людзьмі, якія далучыліся да збору гасцінцаў для дзяцей з дзіцячага дома №5, назбіралі і набылі ні многа ні мала, а амаль пяць мяхоў падарункаў.

    Выхаванцы атрымалі мячыкі і кеглі, разнастайныя цацкі: ад мазаікі і машынак да набораў для стварэння гіпсавых магнітаў і гліняных выяў, а таксама шкарпэткі, калготкі і канцылярскія прылады.

    Дзве плойкі прыйшліся даспадобы доўгавалосым прыгажуням, а футбольныя мячы — юным футбалістам. Настольныя гульні, у якія можна гуляць вялікай колькасці людзей і пры гэтым развіваць мысленне, складаючы словы і набываючы новыя веды, думаецца, падыдуць усім жыхарам дома. Чулая жанчына Мая Іванаўна, пра якую мы раскажам наступным разам, як і абяцала падчас акцыі ў ГУМе, прынесла некалькі пакетаў з тканінай, ніткамі і пруткамі, што вельмі спатрэбіцца дзяўчатам на ўроках працы. Шыкоўная сукенка, якую яна пашыла сама, стане цудоўным атрыбутам для тэатральных пастановак, якія ладзяць выхаванцы. А Кацярына, якая таксама адгукнулася на нашу прапанову падарыць дзецям свята, літаральна за некалькі дзён звязала спецыяльна для дзетак хатнія пантофлі.

    Автор: Ірына СідарокЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)